Жніўнасць моманту. Зажыначны старт на пачатку тыдня сімвалічна перарэзаў стужачку жніўнаму забегу ў Ляхавіцкім раёне

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Зажыначны старт на пачатку тыдня сімвалічна перарэзаў стужачку жніўнаму забегу. Цяпер галоўныя навіны ў сацыяльных сетак – ураджайнасць, тоны і намалоты, планы і іх выкананне, лідары ўборачнай кампаніі… Стартавала ляхавіцкая ўборачная эпапея на ўраджайных палетках «Шляху новага». Пасля традыйных абрадаў, песень і пажаданняў на важкі добры ўраджай загулі камбайны і пачалі абнаўляць лічбы намалоту, дэманструючы сваю тэхніку і тэхналогію.

Дырэктар ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш адзначае, што
сёлета пасяўныя плошчы гаспадаркі складаюць каля 2600 гектараў (1700 гектараў – азімы клін, 450 гектараў займаюць яравыя, 580 – рапсавыя палеткі).
– Ураджай атрымалі нядрэнны. Ёсць усё для таго, каб уборачная прайшла на высокім узроўні. Тэхніка гатова выйсці ў поле, механізатары разумеюць важнасць уборачнай кампаніі, маюць намер зрабіць усё магчымае і немагчымае. Спадзяёмся на добрыя лічбы, цяпер будзем працаваць і ўбіраць да апошняга зернятка, – гаворыць Андрэй Коктыш.


У зажыначнай атмасферы кіраўніцтва раёна і гаспадарак Ляхавіччыны абмяркоўваюць тэхнічныя нюансы, планы і рэаліі, з чым давядзецца яшчэ сутыкнуцца, што вырашыць, як «выціснуць» максімальны вынік ад сёлетняга жніва.
А ў полі тым часам пачалася гарачая пара: па вядомым сцэнарыі і запланаваных маршрутах паплылі камбайны «Шляху новага», дэманструючы прысутным тэхналогію поўнага замкнутага цыкла збожжаўборкі. Спачатку адбываецца зрэз і абмалот збожжа, пасля прасаванне саломістай масы, завяршаецца цыкл вывазам саломы з поля.
Намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ «Шлях новы» Дзмітрый Бубноўскі падсумоўвае, што ў жніўным сезоне на палі гаспадаркі ў асноўным выйшла тэхніка беларускай вытворчасці: восем збожжаўборачных камбайнаў брэнда «Палессе», бабруйскія прэс-падборшчыкі ПРФ-180, нямецкі прэс-падборшчык KUHN.
Сёлетняе жніво пачалося  раней чым летась, надвор’е спрыяе налітаму важкаму коласу.
А ляхавіцкім механізатарам на жніве-2022 неабходна ўбраць каля 18 тысяч гектараў зерневых (з улікам кукурузы, грачыхі, проса,
на якія прыпадае тры тысячы гектараў). Сёння ўборка азімага
ячменю, як гаворыцца, набліжаецца да стопрацэнтнага завяршэння. Чакаюць уборачнага працэсу азімы рапс, збожжавыя і зернебабовыя.
Ураджайнасць азімага ячменю ў раёне па стане на 15 ліпеня складае 75,1 цэнтнера з гектара. І гэты паказчык істотна большы ў параўнанні з мінулагодняй лічбай. Як, тлумачыць старшыня райсельгасхарчу Васілій Пыжык, гэтаму паспрыяла не толькі надвор’е, але і тыя агратэхналагічныя працэсы, якія прымяняліся на працягу года, унясенне дастатковай колькасці ўдабрэнняў, прымяненне сродкаў аховы раслін. Не апошняя роля належыць і тэхнічнаму абнаўленню аўтапаркаў гаспадарак.
Па разліках плануецца сабраць ураджай збожжавых на 57-58 тысяч тон (без уліку кукурузы), 65 тысяч тон – з улікам кукурузы.
І хоць уборачная толькі адлічвае першыя дні, лідары ўжо ёсць.
ААТ «Нача» прадэманстравала зайздросную ўраджайнасць азімага ячменю – 90,3 цэнтнера з гектара. Пакуль гэта адзін з лепшых паказчыкаў на Брэстчыне.
ААТ «Жарабковічы» ў жніўным рэйтынгу таксама з нядрэнным вынікам – 88,8 цэнтнера з гектара.
Сельскагаспадарчы год цяпер у стадыі самай гарачай і адказнай пары. На палях шчыруюць сапраўдныя патрыёты, якія ў няпростыя часы працуюць на дабрабыт беларусаў, гарантуючы нам заўсёдны духмяны хлеб на стале. Дзякуй, родныя!

Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.