У чым фора «Фораланда»? Некалькі гадоў, як на землях Ляхавіцкага раёна «ўкаранілася» фермерская гаспадарка «Фораланд»
Ужо некалькі гадоў, як на землях нашага раёна «ўкаранілася» фермерская гаспадарка «Фораланд». Гэтымі днямі яе працаўнікі збіраюць свой трэці на Ляхавіччыне ўраджай. І ён, калі меркаваць па першых уборачных днях, абяцае быць вельмі нядрэнным.
Спецыялізацыя – традыцыйныя сельгаскультуры
Структура, а ў якую акрамя «нашага» «Фораланда», уваходзіць яшчэ дзве размешчаныя ў тым ліку і ў Баранавіцкім раёне фермерскія гаспадаркі, спецыялізуецца на вырошчванні традыцыйных для беларускіх шырот сельскагаспадарчых культур: азімых ячменю, рапсу, пшаніцы і некаторых іншых. У фермерскіх палях гэтага году значацца таксама крупяныя – цеплалюбівыя проса і грэчка. Апошняя і прыцягнула першую ўвагу падчас наведвання палёў гаспадаркі, размешчаных у акрузе аграгарадка Малое Гарадзішча, сваёй буйной, роўна-бадзёрай за гарызонт квеценню, непаўторным водарам і гучнай «работай» пчол. Але ж пакуль грэчка ў квецені, некаторыя віды збожжавых паспелі ўжо для ўборкі.
Як, напрыклад, азімы ячмень, з камбайнавання якога і стартавала для «Фораланда» жніво-2022.
– Пасевы гэтай культуры займаюць у нас 250 гекта-
раў. Выйшлі ў мінулы чацвер, былі дажджы і, зразумела,
перапынкі ў рабоце. Але спадзяёмся, што надвор’е не стане суцэльным негатывам і дазволіць справіцца з ячменным кавалкам уборкі ўжо ў бліжэйшыя дні. Пасля будзе рапс і ўсё астатняе. На ячмені пакуль атрымліваем у сярэднім паўсотні цэнтнераў на круг. Паколькі гэта першыя і не самыя лепшыя гектары, спадзяёмся, што па выніку атрымаецца выйсці на больш важкую прадукцыйнасць, – даганяючы на сваім «паркетніку» адзін з камбайнаў, разважае ўпраўляючы фермерскай гаспадаркай Андрэй Панчкоўскі.
А ў перыметры ячменнага поля за работай заўважаем квінтэт збожжаўборачных машын: тройка рознай маркі і гадоў выпуску «гомсельмашаўцаў», сярод якіх і абсалютна новы – на той момант толькі, па словах Андрэя Панчкоўскага, другі дзень у рабоце КЗС-1624 і тандэм збожжаўборшчыкаў замежнай вытворчасці: усім, хто мае дачыненне да тэмы, вядомы «Лексіён» і абсалютная навінка абласной хлебнай нівы «Фендт». Па словах упраўляючага, апошні разлічаны на камбайнаванне асабліва ўраджайных палёў, шырыня ўсталяванай на ім жняяркі складае аж 10, 7 метра, аб’ём бункера раўняецца 18 кубічным метрам.
– Сёлетняя ўборка з’яўляецца для камбайна ўжо другой, аднак, увесь яго патэнцыянал мы яшчэ не раскрылі, – паведамляе ўпраўляючы.
Не заўважаем на ўборачным палетку і звыклых воку аўтамабіляў. Для адвозкі збожжа ад камбайнаў задзейнічаны выключна трактары ў тандэме з так званымі прычэпамі-перагрузчыкамі. Як і камбайн, апошнія аснашчаны выгрузнымі шнэкамі, з дапамогай якіх і ажыццяўляецца перагрузка збожжа ў аўтамабілі-зерневозы. Яны не для поля, у чаканні трактараў адвозчыкаў-перагрузчыкаў знаходзяцца на бліжэйшай прыпалявой дарозе.
Вобразна кажучы, у занятых на ўборцы камбайнаў піт-стопаў, як правіла, не бывае. Хіба толькі ў крайнім, выкліканым наступленнем рамонтнай неабходнасці выпадкам. Астаноўка збожжаўборачнай машыны для выгрузкі намалотаў не прадугледжана – усё адбываецца на хаду. Як не здараецца ў яе рабоце і «абедзенных» паўзаў. Сутнасць у тым, што экіпаж машыны палявой складаецца з двух паўнацэнна-роўных камбайнераў. Без, умоўна кажучы, старшых і памочнікаў, калі кожны прайшоў усю патрэбную падрыхтоўку і атрымаў неабходныя для работы за штурвалам дакументы-допускі. І калі адзін з камбайнераў абедае, другі працягвае камбайнаваць. А што тычыцца астановак камбайна пад разгрузку бункера, то, па падліках Андрэя Панчкоўскага, на гэтым губляецца да 10 працэнтаў працоўнага часу.
Нетрадыцыйнасць у падрыхтоўцы глебы
З «бачным» адставаннем ад камбайнаў-уборшчыкаў, на іржышча фермерскай гаспадаркі выходзяць іншыя сельгасмашыны. Першымі – раскідвальнікі мінеральных удабрэнняў, за імі – агрэгаты-глебападрыхтоўшчыкі, пры выглядзе якіх узнікае, здавалася б, лагічнае пытанне: ці знаходзяцца ў арсенале гаспадаркі звыклыя нам плугі?
– Плугі ёсць, але карыстацца імі імкнёмся па мінімуме. Як правіла, выкарыстоўваем безадвальную тэхналогію апрацоўкі зямлі. Тое, што вы бачыце,
і ёсць яе практычнае на даным полі выкарыстанне. У ролі «плугоў» выступае агрэгат-глыбокарыхліцель, здольны працаваць на глыбіню да 35 сантыметраў і, што самае істотнае, без абарочвання пласта глебы, – у наўздагон выконваючаму сваю работу глыбокарыхліцелю расказвае Андрэй Панчкоўскі.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.