90 балаў з важкім плюсам. Ляхавічанка зарабіла на ЦТ па англійскай мове 99 балаў

99 балаў па англійскай мове, 96 – па гісторыі Беларусі, 92 балы па беларускай мове – вынік цэнтралізаванага тэсціравання залатой медалісткі гімназіі ляхавічанкі Аляксандры Грыкель.
У суме 383 з балам атэстата!

Што адчувае чалавек, які набраў па кожным з трох прадметаў ЦТ
90 балаў плюс і зарабіў пуцёўку для паступлення ва ўстанову вышэйшай адукацыі сваёй мары?
– Эмоцыі перапаўняюць. Хвалююча і радасна. Нарэшце
можна выдыхнуць і сказаць: «Я гэта зрабіла!». Але ўсё ж такі не верыцца ў поспех. Па гісторыі Беларусі 96 балаў сталі прыемным сюрпрызам. Стаўку больш рабіла на англійскую мову, і яна апраўдалася, – дзеліцца Аляксандра.
Яна па схільнасці – гуманітарый, і лепш за іншыя прадметы ёй даваліся мовы. Беларускую палюбіла з дзяцінства: на ёй размаўляе дзядуля Іван. З пятага класа ўдзельнічала ў алімпіядным руху і па рускай, і па беларускай мове. На карысць апошняй зрабіла выбар пасля дзявятага класа. Акрамя ўрокаў, якія выкладала Святлана Ермаковіч, дзяўчынка наведвала і факультатыўныя заняткі.
Па англійскай мове, хоць і мела добрую базу, усё ж Аляксандра для падстрахоўкі займалася з репетытарам. Інтарэс да замежнай мовы адчула яшчэ з пачатковых класаў. У 11 класе гэты прадмет у класе гімназісткі вяла Вікторыя Салаўёва.
Уладальніца 99 балаў раіць тым, хто будзе здаваць ЦТ па англійскай мове, глядзець фільмы і чытаць кнігі ў арыгінале, слухаць песні і чытаць тэксты ў інтэрнэце. Шмат слоў падчас тэсціравання прыгадвала менавіта адтуль.
Калі прыйшло смс-паведамленне пра вынік ЦТ па англійскай мове, адразу патэлефанавале маме Марыне, і тая па голасе дачкі зразумела, што ўсё цудоўна. Але пераглядала эсэмэску шмат разоў!
– Гісторыя Беларусі ў цэнтралізаваным тэсціраванні – гэта ў большасці факты, даты і падзеі, – адзначае Аляксандра. – Іх варта добра завучыць, а яшчэ чытаць пабольш у падручніках і іншых кнігах. На тэсціраванні гэта дапаможа знайсці правільныя адказы на многія пытанні.
Гісторыю Беларусі ў Сашы выкладаў Міхаіл Курловіч. Год яна дадаткова займалася анлайн з рэпетытарам.
Знаёмства з тэсціраваннем наша зямлячка пачала з 10 класа: тады сілы спрабавала па англійскай мове і па беларускай.
У 11 класе максімальны вынік па беларускай мове на РТ 98 балаў, таму гімназістку трохі засмуцілі яе 92 балы на ЦТ. Па гісторыі Беларусі карціна іншая – на РТ апошні раз было 80, і яна ўсяляк старалася павялічыць лічбу…
Ці заставаўся ў Сашы час на адпачынак? З гэтым былі
праблемы. Рыхтавалася да ўрокаў, пасля да выпускных экза-
менаў. Чэрвень наогул «выпаў з жыцця» – адно ЦТ змяняла другое. Але дзяўчына старалася рабіць паўзы і сустракацца з сябрамі. Яна пераканана, што не трэба баяцца складанасцяў, якія абавязкова праходзяць, і ўсё становіцца на свае месцы.
Саша любіць чытаць рускую класіку. Асабліва выдзяляе творы беларускіх пісьменнікаў Васіля Быкава, Шамякіна і Мележа. Мае бібліятэку дэтэтываў Агаты Крысці.
У сваім заўтрашнім дні наша таленавітая зямлячка бачыць сябе студэнткай лінгвістычнага ўніверсітэта. Марыць вывучыць і іншыя мовы, каб паглядзець на розныя краіны і расказаць там пра сваю любімую Беларусь.
Аляксандра Грыкель вельмі ўдзячна сваім бацькам за веру ў яе і заўсёдную падтрымку, педагогам і рэпетытарам, усім, хто яе накіроўваў і дапамагаў на шляху да мэты.

«ЛВ» жадае Аляксандры і ўсім сёлетнім выпускнікам удачы і прафесійнага выбару па душы і здольнасцях. Калі хтосьці з нашых землякоў мае таксама па ЦТ высокі вынік – 90 плюс балаў – пішыце ці тэлефануйце ў рэдакцыю.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.