Жыта рэпрадукцыі «эліта». У палях запахла новым хлебам
Папулярнасць гэтага культурнага злака, мякка кажучы, зніжаецца. Менш патрабавальнаму ў вырошчванні, жыту, тым не менш, апошнім часам удзяляецца не так ужо і многа аграрнай увагі, знаходзіцца ўсё менш месца на палетках сельскагаспадарчых арганізацый.
Не ў прыклад той жа пшаніцы, ці «залатому» ў фінансавым плане рапсу. Але і без яго, як правіла, не абыходзіцца.
Сабраць, каб сплюшчыць
Яшчэ ў першы «сухі» ад дажджоў дзень – мінулы аўто-
рак – хлебаробы ААТ «Нача» выйшлі на поле са сваёй каласістай «галубкай». Іменна такую пяшчотную назву атрымаў сорт азімага жыта айчыннай селекцыі. Сорт, як сорт, па атрыманай інфарма-
цыі – сярэдніх тэрмінаў спеласці, устойлівы да палягання, даволі такі ўраджайны. Чаму жыта аказалася ў ліку першых жніўных клопатаў акцыянернага таварыства? Справа ў тым, што ставіцца задача ўбраць яго па большай частцы з мэтай наступнага зернеплюшчэння. А значыць павышаная вільготнасць сабранага матэрыяла не толькі дапушчальна – неабходна.
Палявы камбайнавы выхад таго дня ў гаспадарцы назвалі назвалі спробным. Паспрабавалі-пратэсціравалі ў вытворчым рэжыме тую ж вільготнасць (яна аказалася ў межах 28-29 працэнтаў), ураджайны складнік, які вагаўся ў межах шасці дзясяткаў цэнтнераў на гектар убраных плошчаў, стабільнасць ходу збожжаўборачных машын. Але не толькі: у той жа дзень сабраны матэрыял «прайшоў» праз плюшчыльную ўстаноўку – агрэгат не першы год служыць гаспадарцы на ніве корманарыхтоўкі. Кажуць, зерневыя такога прыгатавання з’яўляюцца карыснай, пажыўнай і ва ўсіх сэнсах добрай кармавой дабаўкай у рацыёне буйной рагатай жывёлы. Па некаторай інфармацыі, за стартавы дзень работы такім чынам было падрыхтавана каля 120 тон кармавога прадукту.
Работы на жытняй жніўнай ніве былі прадоўжаны і на наступны дзень. Ужо ва ўзмоцненым варыянце, з уключэннем у работу некалькіх адзінак збожжаўборачнай тэхнікі. У тым ліку ліку і новага камбайна вытворчасці «Гомсельмаш». Новага, але не навічка на хлебаўборачным полі. Гомельская дванаццатка з індэксам PRO папоўніла парк машын ААТ «Нача» ў мінулым годзе. Як прыгадвае галоўны аграном гаспадаркі Леанід Ксёнжык, камбайн прыбыў прыкладана на сярэдзіне мінулагодняй збожжаўборачнай кампаніі. Нямала прайшоў – намалаціў, дапамог «убрацца» застаўшыся, вобразна кажучы, у заводскай змазцы. Ён і цяпер аддае бліскучымі бакамі на фоне спела-залатой жаўцізны палёў. Машыну даручылі вопытнаму Віталію Васюкевічу, які пацвердзіў свой прафесіяналізм не адным годам хлебаробскай працы. Жніво-2022 Віталій Іванавіч як старшы камбайнер праводзіць у экіпажы з Уладзіславам Васюкевічам – пляменнікам і студэнтам БНТУ на канікулах. Відавочна, что экіпаж складваецца, зладжаваецца і дае вынік, з’яўляючыся на даным этапе жніва адным з лідараў раёна па агульным намалоце.
Пакінуць, каб пасеяць
Нязжататым кавалкам поля застаюцца восем гектараў.
Як патлумачыў аграрныя тонкасці Леанід Ксёнжык, гэта гектары пад збор будучага насення. А адна з арганамічных ісцін у тым і заключаецца, што падвяргаць насенны матэрыял штучнай дасушцы з’яўляецца маветонам. Можна перастарацца, не атрымаць ад насення патрэбна-належнай усходжасці.
– Чакаем, пакуль ліпеньскае сонца і ветрык прасушаць жыта да складскіх 13-14 працэнтаў вільготнасці, – заўважае галоўны начаўскі раслінавод.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.