Палова цэлага. Па стане на 1 ліпеня, сярэднясутачная пагалоўная прывага буйной рагатай жывёлы ў СВК «Ляхавіцкі» дасягнула 816 грам

Па стане на 1 ліпеня, сярэднясутачная пагалоўная прывага буйной рагатай жывёлы ў СВК «Ляхавіцкі» дасягнула 816 грам. Гэта адчувальнае перавышэнне ўласнага мінулагодняга паказчыка і ледзь ці не ў 1,4 раза больш за аналагічную сярэднераённую лічбу.

Бліжэй да «Ляхавіцкага» ў названым рэйтынгу вытворчай паспяховасці размясціліся СУП «Белазем’е» і ААТ «Жарабковічы». Першае прадпрыемства на кожнай галаве штодня дабаўляе
637 грам, другое – 634. Але ёсць розніца ў дынаміцы: калі «Жарабковічы» некалькі выраслі ў параўнанні са сваёй аналагічнай леташняй базай, то размешчаная ў Ляхавічах вытворчая структура Бярозаўскага мясакансервавага камбіната, наадварот – амаль на чатыры дзясяткі пунктаў пайшла ў мінус. А у цэлым па раёне сутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы па стане на пачатак ліпеня сплюсавалі на паўтара дзясяткі лічбавых пунктаў і дасягнулі 589 грам.
Да ліку ці не галоўных паўгадавых падзей у галіне жывёлагадоўлі раёна патрэбна аднесці факт увядзення ў дзеянне новай малочнатаварнай фермы. Яе адрас – аграгарадок Русінавічы, што азначае ўсё той жа СВК «Ляхавіцкі». МТК быў запушчаны ў апошні дзень чэрвеня пастаноўкай на ўтрыманнне 36 кароў.
– На гэты час на ферме ўжо знаходзіцца каля 110 кароў, кожная з якіх дае ў сярэднім 25 плюс кілаграмаў малака ў дзень. Не трэба забывацца, што жывёлы былі пераведзены сюды з фермы з іншымі ўмовамі ўтрымання і даення. Для жывёлы новыя ўмовы – глыбокі стрэс і, як правіла, падзенне ўдойнасці. Звычайна праз пару-тройку тыдняў усё нармалізуецца, каровы адаптуюцца да новага і выходзяць на «свае» ўдоі.
Вось і ў выпадку з «Ляхавіцкім» сённяшнія 25 кілаграмаў малака на карову, думаецца, не канчатковая лічба, – гаворыць першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.
У завяршэнне будаўнічай тэмы не будзе лішнім узгадаць рамонт будынка малочнатаварнай фермы ў аграгарадку Ліпск. Старая, зараз яна рэканструюецца пад магчымасць беспрывязнага ўтрымання жывёлы. Комплекс будзе абсталяваны даільнай залай з устаноў-
кай неабходнага даільнага абсталявання. І рамонтныя работы, і напаўненне будучай фермы ажыццяўляюцца за кошт сродкаў новага ўладальніка на «Ліпнянкі». Увядзенне ў дзеянне рэканструяванага аб’екта назначана на лістапад. Мяркуецца, што тут будзе знаходзіцца 560 галоў жывёлы. Зноў жа – за кошт новага гаспадара-інвестара.
Шэсць месяцаў 2022 года прынеслі раёну 27411 тон малака. Найбольшая яго доля – вытворчасці ААТ «Жарабковічы». Пры сярэдняй удзельнай прадукцыйнасці 2960 кілаграмаў на кожную карову за шэсць месяцаў акцыянернае таварыства валава надаіла 9009 тон малака. Увогуле, нямала, аднак, кожны з гэтых паказчыкаў некалькі саступае ўласнай леташняй базе.
Толькі тры нашы сельскагаспадачыя арганізацыі спрацавалі за паўгода з перавышэннем сваіх асноўных мінулагодніх паказчыкаў (удойнасці і валавай вытворчасці малака): СУП «Белазем’е», ЗАТ «Белпрампрыбор», СВК «Ляхавіцкі». Але, калі ў выпадку «Белазем’я» адной з прычын некаторага пад’ёму з’яўляюцца невысокія паказчыкі мінулагодняй базы, то тандэм дзвюх апошніх гаспадарак знаходзіць магчымасць павышаць высокае. Напрыклад, да 4166 кілаграмаў леташніх паўгадавых надояў ад кожнай каровы «Белпрампрыбор» сёлета прыбавіў 71 кілаграм, а свае мінулагоднія 4237 кілаграмаў «Ляхавіцкі» сёлета пераўтварыў у 4363.
А калі ў цэлым па раёне, то і па валу малака, і па працэнце яго таварнасці за сёлетнія паўгода жывёлагадоўчая галіна спрацавала нязначна менш вынікова. – Першы квартал была станоўчая дынаміка. Але ўжо ў красавіку пачаўся перыяд масавых запускаў, дойных кароў у гаспадарках раёна стала менш. Адпаведна, знізіўся і вал вытворчасці малака. Да прычын яго падзення прыбавілася працяглая спякота ў сярэдзіне чэрвеня. Ужо ў ліпені на фермах пачаліся расцёлы, адзначыўся некаторы рост вытворчасці малака. На жаль, гэтага не хапіла, каб выйці на мінулагодні ўзровень. Але ж асноўныя расцёлы прыйдуцца на жнівень-верасень. Чакаем росту як валавай вытворчасці малака, так і паказчыка ўдойнасці сярэдняй
раённай каровы, – тлумачыць начальнік райсельгасхарчу.
Нягледзячы на факт, што за справаздачную палавіну года колькасць буйной рагатай жывёлы ў сельскагаспадарчых арганізацыях Ляхавіччыны павялічылася амаль на дзве сотні адзінак, лік кароў «прасеў» на 364 галавы. Што, канешне ж, таксама не магло не адбіцца на паўнаце малочных рэк раёна. Важна адзначыць, што большасць нашых сельгаспрадпрыемстваў у гэтым пытанні сплюсавалі. Аднак рост гэты быў адмоўна нівіліраваны сітуацыяй у СУП «Белазем’е» і асабліва КСУП «Ліпнянка». «Белазем’е» правяло так званую выбракоўку 29 намінальных кароў, «Ліпнянка» другое на працягу палавіны года «спісала» са сваіх малочных рахункаў амаль 490. Як патлумачыў начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык, пад выбракоўку трапляюць старыя-хворыя, якія атрымалі невылечную траўму, мала- ці абсалютна вытворча неэфектыўныя жывёлы, карміць-утрымліваць якіх азначае працаваць сабе ў страты. Тым не менш, і «Белазем’е», і «Ліпнянка» маюць намер рэабілітавацца ў гэтым пытанні ўжо да канца бягучага года – праз пастаноўку на ўтрыманне маладых прадукцыйных, эканоміка-эфектыўных і ў колькасці не меншай за выбракаваную.
На завяршэнне некалькі агульных, але характэрных лічбаў: па стане на першае ліпеня, у грамадскім сектары жывёлагадоўлі Ляхавіцкага раёна на ўліку значылася 28791 галава буйной рагатай жывёлы. З іх кароў – 9577 – больш як кожная трэцяя.
Іван КАВАЛЕНКА.