Віцебск трапіў у самае сэрца! Ляхавіцкія зорачкі таленавіта засвяціліся на «Славянскім базары»

Сёлетні фестываль «Славянскі базар у Віцебску» чарговы раз прадэманстраваў, што сяброўства народаў, любоў да культурнай спадчыны, мірная песня – тое, што па-сапраўднаму аб’ядноўвае людзей. Колькі шчырых слоў гучала пра наш беларускі фестываль, без перабольшання, любімы артыстамі з розных кантынентаў, – яркі, цёплы, пяшчотны, дзёрзкі, смелы і родны… Славянская душа, «Славянскі базар», славянскае братэрства – вось лінейка слоў, што пацвярджае важнасць беларускага фестывалю, які, здаецца, даўно гучыць сінонімам нашай Беларусі.

Толькі тут, на шчодрай віцебскай сцэне Летняга амфітэатра аб’ядналіся культуры розных народаў, сцерліся ўзроставыя межы, забыліся спрэчкі і недамоўленасці. Прыемна, што і ляхавіцкія зорачкі так таленавіта засвяціліся на «Славянскім базары».
Вядучыя запрашаюць на сцэну Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча, адзначаюць, што карані калектыву родам з Ляхавіччыны, з Падлесся. І ў кадры знаёмыя асобы – харызматычны, галасісты і бязмерна ўлюбёны ў сваю культурную справу ўдзельнік хору Яўген Гуліцкі, які раней працаваў у Падлескім СДК.


Яўген пра фестываль расказвае з асаблівым пачуццём:
Першае, пра што думаецца, калі гаворым пра гэты міжнародны фестываль мастацваў, – ШЧАСЦЕ. І яно велізарнае – такое, як і мая любоў да беларускай культуры. Наш «Славянскі базар» – гэта гонар
беларусаў, гэта культурны унікум. Упэўнены, лепшага фестывалю не існуе. На гэтай сцэне – культуры свету па-сяброўску расказваюць пра свой народ, тут гучыць сучасная эстрадная песня, тут існуе харэаграфічная асалода.


Які адчуваю гонар, калі я, звычайны хлопец з Падлесся, спяваю ў хоры Цітовіча. Тады ў 40-х, калі Генадзій Іванавіч ствараў хор у Падлессі, там спявалі мае бабулі, іх сваякі. Сэрцам адчуваю, што і мой шлях – спяваць у калектыве, які носіць імя такога таленавітага чалавека. З дзяцінства чуў «Ой, сівы конь бяжыць», «Ой, рэчанька, рэчанька» … І гэта так моцна зачапіла маё сэрца, што яно прывяло мяне ў хор, які, генетычна адчуваю, для мяне родны. І калі гэтыя песні гучаць на вялікай сцэне, у тым ліку і «Славянскага базара», я ўспамінаю маю бабулю Валянціну Аляксееўну Гуліцкую.
Таму ў дзень адкрыцця і пасля, калі запрашала на канцэрт Саюзная дзяржава, наш калектыў радаваў самую шчырую на апладысменты публіку сваімі песнямі, танцамі, любоўю да мілагучнай беларускай мовы. Паглядзіце, як жа моцна ў сённяшніх рэаліях гучыць наш фестываль, на якім у сяброўстве гучыць беларуская, руская, украінская, узбекская, італьянская і іншыя мовы.
Ужо другі год запар наш зямляк Яўген Гуліцкі прыязджае на «Славянскі базар». Прызнаецца, што публіка, як заўжды, сустракае радушна, ведаюць іх калектыў. Тым больш, на кожны фестываль хор Цітовіча рыхтуе новую праграму: гэта і беларускія народныя песні, і творчасць айчынных аўтараў. На «Славянскім базары» хор прадставіў сумесную праграму з дзяржаўным акадэмічным ансамблем танца. Атрымалася – шыкоўна, гледачы ацанілі шквалам апладысментаў і гучным «Брава!».
– Лічу, што кожны беларус павінен пабыць у Віцебску, адчуць гэту святочную атмасферу, адчуць мір у кантэксце культурнага сяброўства народаў. Тут так лёгка дыхаецца, адпачываецца сэрцам, а душа ўзбагачаецца. Такі сімбіёз маглі стварыць толькі нашы беларусы. З года ў год фестываль становіцца больш дарослым: сюды прыязджаюць сусветныя зоркі, а ўзяць гран-пры – мара кожнага маладога выканаўцы. А яшчэ гэта знаёмствы і творчы вопыт. У гэтым годзе мне пашчасціла павучыцца ў Рыгора Лепса, Ларысы Долінай, Ігара Нікалаева, Наталлі Падольскай і многіх іншых зорак. А колькі самадзейных калектываў – рай для творчай душы, – гаворыць Яўген Гуліцкі.
А яшчэ ў нашага земляка даволі шырокая публіка і на прасторах інтэрнэту. Напрыклад, у цік-току. Там, дарэчы, юнак дзеліцца сваімі ўражаннямі ад кожнага выступлення. Ці-то фестываль «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), ці фестываль нацыянальных культур у
Гродне – наш Яўген абавязкова дорыць свой настрой, творчасць душы. Набіраецца натхнення і, канешне, дзеліцца ўражаннямі
ў цік-току.
А яшчэ заўжды перадае прывітанне землякам і творчым калегам з Ляхавіччыны. Ён упэўнены, што куды б чалавек не імкнуўся, чым бы ні займаўся, колькі б працоўных месцаў ні змяніў, усё роўна сэрца знойдзе сваё. Яўген гэтыя словы пацвердзіў уласным жыццёвым вопытам. Спрабаваў сябе ў многіх сферах, але ж сэрцу не загадаеш. Яно выбрала – творчасць, культурную спадчыну роднай Беларусі.

Маргарыта Кухта-Маслоўская.