Падзяка тым, хто ў полі шчыруе
Працоўная біяграфія маладога машыніста-трактарыста ААТ «Шлях новы» Вадзіма Баранчыка толькі пачынаецца. Але юнак вельмі стараецца спраўляцца са сваімі абавязкамі, уважліва прыслухоўваецца да парад больш вопытных калег, таму ўсё ў яго атрымліваецца. Яшча нядаўна ён займаўся нарыхтоўкай кармоў, а сёння ўжо шчыруе на жніўным полі, дзе кожная хвіліна добрага надвор’я на вагу золата.
Але для гэтага вымушанага перапынку была слушная нагода. Прама ў полі старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Чура ўручыла Падзяку раённай арганізацыі прафсаюза АПК Вадзіму Баранчыку за ўдзел у сёлетняй нарыхтоўцы кармоў, а таксама падарунак – набор інструментаў.
Са «Шляху новага» Ірына Чура і намеснік начальніка райсельгасхарчу Наталля Грынкевіч адправіліся яшчэ ў тры гаспадаркі раёна – таксама з ушанаваннямі, віншваннямі і грашовымі ўзнагароджваннямі. Падзячныя пісьмы Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўручаны трактарыстам-машыністам Аляксею Зянько (ААТ «Жарабковічы»), Валерыю Ракашэвічу (СВК «Ляхавіцкі»), Віктару Кунцэвічу (ААТ «Нача»). Кожны з іх прыклаў нямала намаганняў, каб нарыхтаваць надзейны запас кармоў для жывёлы ў сваім сельгаспрадпрыемстве.
«Вашы прафесіяналізм і адданасць справе высока цэняцца ў калектыве і з’яўляюцца прыкладам усім работнікам сельскай гаспадаркі Брэсцкай вобласці» – значыцца ў Падзячным пісьме.
– Традыцыйна прафсаюзы ўшаноўваюць лепшых падчас розных сельскагаспадарчых кампаній. І сёлета не стала выключэннем. Нямала аграрыяў добра спрацавала на нарыхтоўцы кармоў. Ім – шчырая падзяка і пашана. Цяпер у полі зроку прафсаюзаў – ход жніва-2022.
У цэнтры ўвагі – пытанні бяспекі працы, харчаванне ўдзельнікаў уборачнай, забяспечанасць іх спецадзеннем, стварэнне неабходных бытавых умоў, – гаворыць Ірына Чура.
Галіна КАНЬКО.