Наша частка ў агульным мільёне
Днямі беларускія аграрыі намалацілі першы мільён тон збожжа. Частка яго – 13,7 тысячы тон – на рахунку ляхавіцкіх хлебаробаў. Так, пакуль наша лічба не самая ўнушальная, але і масавае жніво ў раёне яшчэ толькі на старце. Сёння перад намі стаіць важнейшая задача – правесці ўборачную кампанію тэхналагічна, у аптымальныя тэрміны, з мінімальнымі стратамі ўраджаю і наогул без страт, што датычыць чалавека, яго здароўя, бяспекі. Менавіта на гэтым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт падчас нядаўняй рэспубліканскай селектарнай нарады.
Самая пільная ўвага – умовам, створаным для занятых на жніве: камбайнераў, вадзіцеляў, работнікаў зернесушыльных комплексаў і іншых. На кантролі літаральна ўсё – ад арганізацыі харчавання і адпачынку да забеспячэння спецадзеннем і аплаты працы.
Яшчэ на стадыі падрыхтоўкі да ўборкі на штодзённым кантролі райсельгасхарчу трымаўся рамонт тэхнікі, падчас вучобы і семінараў адпрацавалі пытанні пажарнай бяспекі, аховы працы, рэгуліроўкі камбайнаў, мінімізацыі страт ураджаю. У першыя жніўныя дні літаральна для кожнага камбайна правялі, што называецца, тэст на брызентавым пакрывале, пераканаліся, што звышнарматыўных страт няма. Дарэчы, тое, што страты ў нашых камбайнаў сапраўды мінімальныя, канстатавалі і наглядныя службы, якія кантралююць ход жніва. Сёння ён пад пільнай увагай дзяржтэхнагляду, камітэта па сельскай гаспадарцы аблвыканкама, пажарнай службы, КДК, усіх падраздзяленняў МУС і г. д. Нараканні, канешне, перыядычна ўзнікаюць, але не крытычныя – высокі ўзровень падрыхтоўкі да жніва адчуваецца.
Адна з важнейшых жніўных задач, што стаяць, у першую чаргу, перад кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемстваў, – забяспечыць захаванасць матэрыяльных каштоўнасцяў, гаруча-змазачных матэрыялаў. На жаль, ужо на гэтым жніве выяўлены шэраг негатыўных фактаў, калі працаўнікі сельгасарганізацый паквапіліся на ГЗМ… Такое цяжка ўявіць там, дзе ўстаноўлены дзейсныя сістэмы кантролю, напрыклад, GPS-навігацыя на тэхніцы. Такім кантролем ахоплена ўся тэхніка СУП «Белазем’е», часткова сістэма ўкаранёна ў ААТ «Жарабковічы», дзе GPS забяспечвае кантроль за энерганасычанай тэхнікай, што выконвае асноўны аб’ём сельгасработ. Пад наглядам і тэхніка СВК «Ляхавіцкі». А вось астатнім неабходна сур’ёзна задумацца над забеспячэннем тэхкантролю ды і сістэмы матывацыі працаўнікоў таксама.
Зразумела, ні ў якім разе не здымаецца з парадку дня вытворчая дысцыпліна. Пазбаўленаму вадзіцельскіх правоў не месца за рулём, а нецвярозаму – і наогул на рабоце. За гэта адказваюць тыя, хто выпускае тэхніку на лінію і, безумоўна, кіраўнікі. Безадказны і недысцыплінаваны «чалавечы фактар» здольны сапсаваць самую плённую і старанную падрыхтоўку да адказнейшай кампаніі, а гэтага дапусціць ні ў якім разе нельга.
Бліжэйшыя тры тыдні на палях Ляхавіччыны чакаюцца гарачымі. І гэта зусім не пра надвор’е. Хоць нагрузка на кожны камбайн у нашым раёне не самая высокая (313 гектараў з улікам рапсу і 243, калі ўлічваць толькі збожжавыя), расслабляцца нельга. Убраць ураджай у аптымальныя тэрміны і пры высокай якасці – задача нумар 1 для ўсіх,
і не толькі для хлебаробаў.
Васілій ПЫЖЫК,
першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення
па сельскай гаспадарцы і харчаванні.