Сабраць – сабралі. А што далей? «ЛВ» праманіторыў сітуацыю на нарыхтоўчым рынку Ляхавіччыны
Да чаго ж горача ў дамах і кватэрах! І не толькі таму, што на дварэ слупок тэрмометра набліжаецца і нават іншы раз перавышае плюс 30 градусаў. Цяпер самы разгар сезона нарыхтовак: гаспадыні марынуюць, кансервуюць, вараць варэнне, кампоты, каб стварыць належны харчова-вітамінны запас на зіму.
У дамашнюю перапрацоўку ў розных маштабах ідуць дары садоў, агародаў, дачных участкаў, лесу – агародніна, фрукты, ягады, грыбы, зяленіва. Хтосьці вырошчвае сам, іншыя збіраюць у лесе, нямала тых, хто купляе на рынку. Найбольш дбайныя гаспадары ўмудраюцца не толькі папоўніць уласныя запасы на зіму, але і зарабіць на вырашчаным ці назбіраным ураджаі – прадаць ці здаць нарыхтоўшчыкам агароднінна-садавінна-ягаднае багацце. Прычым, некаторым удаецца на такім продажы зарабіць немалыя грошы. Так, жыхарка раёна Марыя расказала, што ў лясах каля Свяціцы яна за дзень можа папоўніць уласны бюджэт на чарніцах ад 100 і больш рублёў, а, калі ідзе ў лес з дачкой, то заробак у два разы большы. Гаворыць, што такім чынам зарабіла ўжо сёлета амаль тысячу рублёў.
З рынкам усё зразумела: узяў тавар, заплаціў за месца, прайшоў неабходную санітарную экспертызу тавару і, калі ласка, прадавай. А што са здачай нарыхтоўшчыкам ці ў спецыяльныя нарыхтоўчыя пункты? Калі канкрэтна пра наш раён, то закупам агародніны, садавіны, ягад, грыбоў традыцыйна займаецца Ляхавіцкае райпо.
Тыдні два назад у рэдакцыю «ЛВ» патэлефанавала ляхавічанка з пытаннем: куды можна здаць чырвоную парэчку? За каментарыямі звярнуліся ў райпо. Адказ наступны: пакуль гэту ягаду не прымаем, зараз ідзе нарыхтоўка чарніц. А ўвогуле здаць прадукцыю можна ў прыёмныя пункты на вуліцах Савецкай і Камсамсольскай у райцэнтры. Пасля звароту прайшоў час. «ЛВ» праманіторыў сітуацыю на нарыхтоўчым рынку Ляхавіччыны.
У першую чаргу, карэспандэнты завіталі ў мінулую сераду ў нарыхтоўчы пункт на Савецкай, які сустрэў нас зачыненым. На шыльдзе расклад работы аб’екта: чацвер і пятніца з 9 да 16 гадзін, субота – з 9 да 17 гадзін, указаны і тэлефон нарыхтоўшчыка. Мякка кажучы, такі расклад выклікае непаразуменне. Чалавек у нядзелю збіраў у лесе чарніцы ці сарваў у садзе з дрэва вішню, у паня-
дзелак поўныя вёдры прывёз на здачу, а нарыхтоўчы пункт сустрэў яго замком. Маўляў, пачакайце да чацвярга. Якраз ягады сапсуюцца, сквасяцца, набудуць нетаварны выгляд, гаспадару толькі і застаецца іх выкінуць. Шкада затрачаных сіл і неатрыманых грошай.
Як аказалася, аналагічная кропка райпо па Камсамольскай прымае ад насельніцтва сыравіну ў іншыя дні.
Якраз у тэму прагучаў чарговы зварот на гарачую лінію раёнкі. Жанчына ў роспачы расказала, што сабрала два вядры вішні, на веласіпедзе прывезла ў нарыхтоўчы пункт, бо на рынку ягады ніхто не прымае, ён аказаўся зачынены. Жанчына патэлефанавала па ўказаным нумары, ёй патлумачылі, што вішні тут не прымаюць увогуле, нарыхтоўвалі толькі чарніцы, параілі звярнуцца ў аддзел нарыхтовак райпо…
Прадаўжаючы тэму нарыхтовак, зазірнулі на гарадскі рынак, асаблівая ўвага – на райпоўскі павільён з садавінай і агароднінай. Прапанова адназначна ёсць: у продажы буякі, чарніцы, морква, агуркі, памідоры, капуста, цыбуля, кабачкі, разнастайны асар-
тымент і фруктаў. Цэны – адны з нізкіх на рынку.
Аналагічны павільён размешчаны і каля магазіна «Мясная лаўка». Усё акрамя ягад, можна набыць і ў некаторых магазінах «Родны кут» райпо.
– Усё закуплена райспажыўсаюзам не толькі на Брэстчыне, але і ў іншых абласцях краіны. Сёлета нарыхтавалі 260 тон агуркоў (220 тон для кансервавага завода), 24 тоны памідораў, 18 тон цыбулі, 30 тон чырвоных буракоў, 39 тон капусты, 16 тон морквы,
34 тоны яблык – для продажу ў нашых гандлёвых кропках і для харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі раёна. Акрамя таго, закупілі адну тону клубніц, 800 кілаграмаў буякоў, 1,5 тоны чарніц – для продажу і далейшай замарозкі. Прадаўжаем папаўняць стабілізацыйны фонд, – расказвае вядучы таваразнаўца райпо Віктар Скіндзер.
Свяціцу даўно лічаць чарнічнай сталіцай Ляхавіччыны. І сёння ў тутэйшыя лясы прыязджаюць нават з райцэнтра за ягадамі. У мінулыя гады не паспявалі людзі выйсці з чарніцамі з лесу, як іх ужо чакалі нарыхтоўшчыкі, каб закупіць каштоўную ягаду. Многія вяскоўцы здавалі (за грошы і на іншы тавар) ягады ў магазіны райпо, дзе іх з задавальненнем прымалі. А вось сёння, напрыклад, у краме райпо ў Свяціцы прадавец расказала, што пакуль чарніцы не прымаюць, «бо няма куды і няма ў што іх складваць». Затое нарыхтоўшчыкі райпо і прыватнікі з задавальненнем скупляюць вітаміннае багацце лесу.
Цэны на чарніцы розныя: напачатку сезона давалі па 4,5 рубля за кілаграм, потым было – 3,5 рубля, цяпер – 4 рублі.
Галіна КАНЬКО.