У Ляхавіцкім раёне мнагадзетным сем’ям дапамогуць сабраць дзяцей у школу

Традыцыя напярэдадні 1 верасня працягваць руку дапамогі асобным катэгорыям сем’яў працягваецца.

Сацыяльная падтрымка і сёлета прадугледжана для сем’яў, якія маюць статус мнагадзетных і выхоўваюць траіх і больш дзяцей школьнага ўзросту. Выплата будзе праводзіцца ў межах падпраграмы «Сям’я і дзяцінства» Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады».
Згодна з рашэннем райсавета дэпутатаў з раённага бюджэту для асоб, зарэгістраваных па месцы жыхарства ў Ляхавіцкім раёне і маючых статус мнагадзетных па стане на 31 жніўня, вызначана выплата на кожнае дзіця, якое навучаецца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі (на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі) у памеры 30 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму, які дзейнічае па стане на 1 жніўня. Адпаведна, дапамога на кожнага навучэнца складзе 98 рублёў і 55 капеек.

Намеснік начальніка аддзела занятасці і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Гатоўчыц адзначае, што згодна з рэкамендацыяй Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на Ляхавіччыне выплата дапамогі  будзе праводзіцца па месцы рэгістрацыі маці – у поўнай сям’і, бацькі – у няпоўнай сям’і. Калі жанчына прапісана ў нашым раёне і тут жа навучаюцца дзеці, то выплата пройдзе на падставе спіса, прадастаўленага ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама непасрэдна ўстановай адукацыі.
Бацькам ва ўпраўленне звяртацца не трэба.
Калі ж жанчына прапісана ў Ляхавіцкім раёне, а дзіця, напрыклад, навучаецца ў баранавіцкай школе, то маці самой трэба звяртацца з заявай ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ляхавіцкага райвыканкама. Да заявы трэба прыкласці пашпарт або іншы дакумент, які сведчыць асобу заяўніка; арыгінал і  копію пасведчання мнагадзетнай сям’і; даведку аб месцы жыхарства і складзе сям’і. Патрэбна таксама даведка з установы агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі аб тым, што дзіця з’яўляецца навучэнцам (на кожнага школьніка).
Матэрыяльную падтрымку можна атрымаць і на банкаўскі карт-рахунак. Для гэтага неабходна ў першыя дні жніўня прадаставіць копію дагавора банкаўскага ўкладу або выпіску з банка па рахунку, адкрытым у «Беларусбанку» ці «Белаграпрамбанку» на імя маці ў поўнай сям’і (бацькі ў няпоўнай). Гэты варыянт выплаты даступны ўсім мнагадзетным сем’ям, якія жадаюць атрымаць выплату на карт-рахунак, але зрабіць гэта неабходна ў першы тыдзень месяца.
Пракансультавацца па тэме можна па нумары 6-06-21 або 6-36-36.
Прыём дакументаў ажыццяўляецца да 25 жніўня ў працоўныя дні з 8.00 да 13.00, з 14.00 да 16.00 у кабінетах 115 і 104 райвыканкама.
Ірына Гатоўчыц адзначыла, што плануецца аказанне аднаразовай дзяржаўнай дапамогі 740 дзецям, якія выхоўваюцца ў 360 сем’ях.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Рашэнне Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў
ад 28 чэрвеня 2022 г. № 234, г. Ляхавічы

«Аб сацыяльнай падтрымцы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей»

На падставе падпункта 1.21 пункта 1 артыкула 19 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 г. № 108-З «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» Ляхавіцкі раённы Савет дэпутатаў ВЫРАШЫЎ:
Вызначыць меру сацыяльнай падтрымкі са сродкаў раённага бюджэту для асоб, зарэгістраваных па месцы жыхарства ў Ляхавіцкім раёне, у выглядзе выплаты аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да навучальных 2022/2023, 2023/2024, 2024/2025, 2025/2026 гадоў сем’ям, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей на
31 жніўня, на кожнага навучэнца, які вучыцца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі (на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі), у памеры
30 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, што дзейнічае на 1 жніўня каляндарнага года.

  1. Абнародаваць (апублікаваць) данае рашэнне ў газеце «Ляхавіцкі веснік».
  2. Данае рашэнне ўступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.
    Старшыня Ю. М. Чаранкевіч.