Падзяка ўраджаем. Павел Канцэлярчык з ЗТАА «БелДан» каторы год запар задае тон у камбайнерскай справе

Прыгожа плыве па жніўным полі магутны камбайн. А калі іх адразу некалькі (і не важна – гэта «Нью Холанд» ці КЗС) –
захапленне, ды і толькі. Менавіта такі пейзаж давялося назіраць нядаўна на палетках ЗТАА «БелДан». Зазірнуўшы на раённую Дошку гонару лепшых на жніве-2022, знойдзеш там нямала адрасоў з «БелДана».
29-гадовы Павел Канцэлярчык (на здымку) каторы год запар задае тон у камбайнерскай справе, прычым не толькі сярод маладых удзельнікаў уборачнай на Ляхавіччыне.

Дарэчы, сёлетняе жніво для камбайнера юбілейнае, дзясятае па ліку. А пачынаўся шлях у прафесію ў СВК «Востраў-Агра». Там першыя крокі ў самастойнай працы рабіў і малодшы брат Пётр, які таксама не першы год дэманструе прафесіяналізм сярод маладых камбайнераў. Старэйшы брат выдатна кіруе «Нью Холандам СХ-8080», малодшы – не менш паспяхова КЗС-1218. Абодва самастойна рыхтавалі тэхніку да выхаду ў поле, як гаворыцца, перабралі ад вінціка да вінціка, каб зябяспечыць бесперабойную работу, дапамагалі адзін аднаму і парадай, і справай.
– Сёлета выйшлі ўбіраць пазней, а вось ураджайнасць лепшая, таму і малоцім больш. Стараемся ўбіраць хутка, але ашчадна, без страт. Не маем права падвесці тых, хто сеяў, даглядаў пасевы, – працуем на агульны вынік, – адзначае Павел Канцэлярчык.
На суседняй паласе поля па-майстэрску кіруе «Нью Холан-
дам» яшчэ адзін перадавік  Раман Усцінаў.


Залатым патокам з бункера камбайна збожжа сыплецца ў кузаў МАЗ-6501С5, за рулём якога адзін з прызёраў раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў на адвозцы збожжа Аляксей Несцяровіч.
– Тэхніка магутная, камфортная. Умовы працы задавальняюць, кормяць смачна, двойчы на дзень. Сілы ёсць, жадання працаваць шмат, настрой баявы. Толькі б надвор’е парадавала, з астатнім справімся, – адзначае вадзіцель.
Першая ў раёне сёлетняя перавезеная тысяча тон збожжа тутэйшая. Аўтар – вадзіцель Аляксандр Азарчык, які ўпэўнены, што ў вадзіцельскай справе хуткасць – неабходны складнік, але без акуратнасці ў перавозцы збожжа ніяк нельга.
На жніўныя палеткі «БелДана» на жніве-2022 выйшлі пяць камбайнаў, тры адзінкі тэхнікі на адвозцы збожжа. За штурвалам і рулём – тыя, хто адданы сялянскай справе і адказна выконвае свае прафесійныя абавязкі. Аператары адзінага ў «БелДане» зернеачышчальна-сушыльнага комплексу Уладзімір Галёнка і Андрэй Вайцешык выдатна спраўляюцца з суперустаноўкай NECO D-1680, а паказчык 2957 тон перапрацаванага збожжа – заслужанае першае месца ў раённым спаборніцтве сярод аператараў ЗСК.
2055 гектараў пшаніцы,
ячменю, трыцікале, аўса – такі сёлетні клін сельгаспрадпрыемства – трэці ў раёне паказчык па пасяўных плошчах збожжавых і зернебабовых. Не сакрэт, што замацаваныя за «БелДанам» землі не надта ўрадлівыя. Але ў гэтым сезоне ўраджайнасць плюсанула і склала ў сярэднім па 31 цэнтнеры з гектара.
– Што і як пакладзеш у зямлю, тое і атрымаеш. І калі сёлета сеялі закупленым насеннем – элітай і суперэлітай, то на ўраджай-2023 будзем сеяць уласным насеннем. Спадзяёмся на высокую ўраджайнасць. Калі гаварыць пра ўраджай бягучага года, ён перавышае леташні амаль на сем цэнтнераў на круг.
Палегліца ахапіла каля 20–30 працэнтаў збожжавых плошчаў. Зразумела, там уборка ідзе марудней і ўраджайнасць меншая, –
расказвае намеснік генеральнага дырэктара ЗТАА «БелДан» Дзмітрый Лябецкі.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.