Граніца ў надзейных руках. Падзячнае пісьмо атрымалі ад камандавання вайсковай часці бацькі нашага маладога земляка

«…Рады паведаміць, што ваш сын радавы Шэнец Дзмітрый Андрэевіч, які праходзіць службу ў Брэсцкай Чырванасцяжнай групе імя Ф. Э. Дзяржынскага, з’яўляецца прыкладам узорнага выканання свайго воінскага абавязку, арганізаванасці і дысцыплінаванасці. Вы змаглі прывіць такія якасці свайму сыну, які робіць усё неабходнае для таго, каб апраўдаць ваш бацькоўскі наказ – быць патрыётам Радзімы, сумленна і бездакорна служыць ёй. Дзякуй вам за дастойнае выхаванне сына. Вы можаце заслужана ім ганарыцца…» – гэта радкі з падзячнага пісьма, якое атрымалі ад камандавання вайсковай часці бацькі нашага маладога земляка Дзмітрыя Шэнца.

– Бязмежна любім нашага Дзімку і вельмі ім ганарымся. Ён сапраўдны мужчына, надзейны, адказны, а яшчэ надзвычай добразычлівы і клапатлівы. І такім быў з дзяцінства, – гаворыць мама салдата Святлана Шэнец.


Для «ЛВ» Дзмітрый Шэнец – даўні знаёмы. Яго прозвішча неаднойчы «свяцілася» на старонках раёнкі. Вось фотаздымак, датаваны пачаткам ліпеня 2021 года, на якім Дзмітрый – камандзір атрада, навучэнец 41-й групы заатэхнічнага аддзялення – разам з іншымі студатрадаўцамі з Ляхавіцкага аграрнага каледжа працуе на авечкаферме ў Канюхах.
Напачатку сёлетняга студзеня Дзмітрый разам са сваімі аднакурснікамі штурмаваў чарговую прыступку самастойнага дарослага жыцця – перад атрыманнем дыплома аб заканчэнні ЛАКа праходзіў размеркаванне.
У якасці першага працоўнага месца выбраў СВК «Ляхавіцкі». Менавіта ў гэтай гаспадарцы, дакладней, на Русінавіцкай малочнатаварнай ферме праходзіў вытворчую практыку і на прыкладзе вопытных спецыялістаў пазнаваў нюансы будучай прафесіі.
Аднак, заатэхніі давядзецца пачакаць. Зараз у Дзмітрыя вельмі важная, адказная і ганаровая місія – стаяць на варце дзяржаўнай мяжы, прычым, у прамым сэнсе – ён пагранічнік, праходзіць тэрміновую воінскую службу ва Узброеных Сілах. Зараз знаходзіцца ў вучэбцы ў Смаргоні, асвойвае навыкі інструктара-кінолага, каб праз некалькі месяцаў прадаўжаць службу на заходніх рубяжах нашай краіны – у Брэсце.
– Сын заўжды гаварыў, што абавязкова будзе служыць у арміі. Ён хлопец спартыўны, дужы, з добрай вытрымкай, сябруе са спортам. З нецярпеннем чакаў павестку аб прызыве на тэрміновую службу ва Узброеныя Сілы краіны, – гаворыць Святлана Шэнец.
Першы месяц службы навабранцаў – і доўгі, і кароткі адначасова. Знаёмства са службай, саслужыўцамі, камандзірамі, зусім іншы распарадак дня, першыя дзяжурствы… І вось ён, хвалюючы і адказны момант – воінская прысяга. Гэта ўрачыстая падзея адбылася ў свяшчэнным для кожнага беларуса месцы – Брэсцкай крэпасці-героі.
Менавіта Дзмітрыю была даручана місія ад імя іншых навабранцаў агучыць клятву на вернасць Радзіме.
– Канешне, першы месяц службы сына вельмі хвалявалася, як ён там, ці ўсё атрымліваецца. Але Дзіма заўжды супакойваў: усё добра. Сын служыць недалёка ад дома, наведвалі яго і ў Брэсце, і ў Смаргоні. Абавязкова падчас такіх паездак размаўляю з камандзірамі, каб быць у курсе спраў сына, – дзеліцца Святлана Шэнец.
Паўтара года Дзмітрыю Шэнцу стаяць на варце рубяжоў суверэннай Беларусі. Служы годна, зямляк!
Галіна КАНЬКО.