Водпуск у кабіне камбайна. Ляхавіцкім аграрыям на жніве дапамагаюць прадстаўнікі розных прафесій, у тым ліку — супрацоўнікі МНС

Як толькі сыходзіць раса, у поле выходзіць камбайн працоўнага экіпажа Віктара Клемяні і Сяргея Зянько з ААТ «Жарабковічы». Адразу і не вызначыш, хто з іх на жніве часова, для каго звыклая стыхія – агонь, а для каго – бязмежныя палеткі. Памочнік камбайнера Сяргей Зянько змяніў пажарную амуніцыю на форму хлебароба на час водпуску.

На жніве Сяргей не навічок – трэці сезон. У дзяцінстве дапамагаў бацьку, быў у «Жарабковічах» на практыцы, калі вучыўся на агранома.
– Тут усё роднае і дарагое! Зараз жнём азімую пшаніцу ў Канюхах – роднай вёсцы. Таму дапамагаю гаспадарцы з асаблівым пачуццём, – адзначае Сяргей.
Камбайн «Кейс CF-80», на якім шчыруе экіпаж, «ва ўзросце» і патрабуе ўвагі і догляду. На гадзінніку 6.00–6.30, а памочнік камбайнера ўжо кружыць вакол жалезнага сябра: падмазаць, пачысціць, паглядзець, падрамантаваць і загадзя выявіць праблему – такі традыцыйны перадрэйсавы рытуал. У цэнтры ўвагі і пажарная бяспека.
Камбайн да сезона перагледзелі. Віктар Клемяня – камбайнер бывалы, ведае тэхніку дасканала. З Сяргеем Зянько яны спрацаваны экіпаж. На яго рахунку ўжо больш за тысячу тон намалочанага збожжа, але хлебаробы за лічбамі не сочаць. Галоўнае, адзначаюць, каб не падвяла тэхніка.
Сяргей Зянько пасля жніўнай кампаніі зноў вернецца ў эмэнэсаўскі строй, дзе ён камандзір аддзялення Ліпскага ПАВП № 11.
З гэтага ж падраздзялення і Генадзій Хмарук, які з вадзіцеля часова перакваліфікаваўся ў памочніка камбайнера. І так ужо другі сезон.
З Сяргеем Бураком на КЗС-10 ужо дасягнулі тысячы тон збожжа. Былі дні, калі засыпалі больш за 20 бункераў залатога насення.
– Сам я вясковы, і ўборку хлеба лічу справай надзвычайнай важнасці. Люблю тэхніку і разумею, што ад яе якаснай падрыхтоўкі залежыць многае. Кожную раніцу правяраю камбайн – важна, каб усе механізмы працавалі як гадзіннік, – дзеліцца Генадзій Хмарук.
Другі сезон на ўборачнай і 25-гадовы камандзір аддзялення ПАВЧ №1 г. Ляхавічы Раман Папко. Ён працуе ў пары з камбайнерам Віктарам Вітко, для якога гэта жніво ўжо дзевятнаццатае.
– Прыемна ўносіць свой уклад у беларускі каравай. Ураджай радуе. Ды і, трэба сказаць, у Жарабковічах ён, як правіла, на ўзроўні. Ведаю гэта добра, бо сам мясцовы, і некалі на жніве працаваў бацька, – адзначае Раман.
– Жніво – справа дзяржаўнай важнасці. Традыцыйна выратавальнікі таксама падключаюцца да ўборачнай кампаніі. І задачу па якаснай і аператыўнай уборцы выконваюць на высокую ацэнку. Заўсёды ідзём насустрач сваім супрацоўнікам, якія вырашаюць водпуск правесці не на курорце, а ў кабіне камбайна ці машыны. Загадзя з іх пажаданнямі ўзгадняем графік водпуску, – адзначае начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
Намеснік старшыні ААТ «Жарабковічы» Алена Навалочка падкрэслівае, што работа на камбайне не з лёгкіх. Але стараюцца справіцца з ёй прафесійна і часовыя працаўнікі. І за гэта ім вялікая ўдзячнасць.
У ААТ «Жарабковічы» ва ўборачнай кампаніі ўдзельнічаюць і работнікі ўстаноў адукацыі раёна. На КЗС шчыруе рабочы Падлескага ВПК Вячаслаў Мазюк. Каторы год вызначаецца на жніве на Лунінеччыне настаўнік фізікі СШ №1 Васілій Лемяшэўскі. Упершыню апрабоўвае жніўны маршрут ляснік Ляхавіцкага лясніцтва Юрый Шклянік. На час водпуску ён перакваліфікаваўся ў вадзіцеля. А вось майстар Востраўскага лясніцтва Сяргей Валчок сакрэты хлебаробскай справы ведае дасканала – сёлета ў яго 28-ы сезон. У СУП «Ліпнянка» намалаціў ужо 580 тон збожжа.
Спецтэхніку змяніў на ЗіЛ-130 вадзіцель Шчэрбаўскага ПАВП № 14 Дзмітрый Ліхач. З пачаткам водпуску ён «прыпісаны» да Ляхавіцкага льнозавода і задзейнічаны на КЗС у Мінічах. Яго маршрут штодня – «загрузка-пагрузка» льнонасення і збожжа на сушку, захоўванне і
г. д. Дзіма майстарскі кіруе не толькі грузавіком, але і пагрузчыкам. За пару тыдняў перавезена-загружана 86 тон ільнонасення і 165 тон збожжа. Вадзіцельскі стаж у Дзмітрыя Ліхача больш за 15 гадоў. Дзеліцца, што на ўборачнай упершыню. Не разгубіцца ў іншай сферы дапамагла падтрымка начальніка транспартнага ўчастка льнозавода Аляксандра Свінабуркі. Удзячны вадзіцель дырэктару льнозавода Дзмітрыю Скакуну, які даверыў яму адказную справу.
Старанны і добрасумленны – характарызуе станочніка цэха перапрацоўкі драўніны лясгаса Віталія Слінко намеснік старшыні ААТ «Нача» Галіна Рамейка. З камбайнерам Ігарам Званковічам Віталій Слінко на КЗС-12 намалацілі 673 тоны збожжа.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.