Першы раз у школьны клас. З новага навучальнага года ва ўстановах адукацыі Ляхавіцкага раёна да работы прыступяць 13 маладых спецыялістаў

З новага навучальнага года ва ўстановах адукацыі раёна
да работы прыступяць 13 маладых спецыялістаў.
Сярод іх педагог-арганізатар СШ № 2 Дзіяна Каролік, настаўнік фізікі і інфарматыкі гімназіі Аляксандр Абражэвіч,
настаўнік-дэфектолаг Конькаўскага ВПК Яўгенія Чайкоўская (на здымку)

З 15 жніўня калектывы ўстаноў адукацыі Ляхавіччыны папоўняцца маладымі педагогамі. Сярод іх настаўнікі біялогіі, хіміі, геаграфіі, матэматыкі, абслуговай працы, замежнай мовы, а таксама педагогі-арганізатары і іншыя.

Маладыя спецыялісты з метадыстам РВМК Вольгай Бецька.

Усяго ў наш раён размеркаванне атрымалі 13 выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Хтосьці з іх закончыў Брэсцкі ці Баранавіцкі дзяржаўныя ўніверсітэты, БДУ, БДПУ імя М. Танка, Рэчыцкі ці Нясвіжскі педагагічныя каледжы.
Настаўнік біялогіі і хіміі прый-дзе ў Крывошынскую школу імя
Г. С. Здановіча, абслуговай працы – у Ліпскую СШ, геаграфіі – у Востраўскую СШ.
Калектыў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі павялічыцца на педагога-аргані-затара і педагога дадатковай адукацыі. Гімназія стане першым месцам працы трох маладых спецыялістаў – настаўнікаў геаграфіі, матэматыкі, фізікі з інфарматыкай. Адзін з іх – настаўнік фізікі і інфарматыкі Аляксандр Абражэвіч – выпускнік Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, навучаўся па мэтавым накіраванні аддзела па адукацыі райвыканкама. На работу Аляксандр Андрэевіч настроены бадзёра. Падрыхтаваў прыкладнае планаванне па прадмеце і прадумаў, на якія моманты звярнуць увагу пры падрыхтоўцы да ўрокаў. На выбар прафесіі паўплываў прыклад маці, якая выкладае ў СШ № 1 беларускую мову і чарчэнне.
– Вырашыў стварыць сямейную педагагічную дынастыю. Фізіка заўсёды была па душы. У школе займаўся ў профілі, дзе вывучаў прадмет на павышаным узроўні. Прафесію настаўніка не лічу жаночай. Колькі вядомых педагогаў дасягнулі поспехаў у сваёй справе.
Пастараюся, каб фізіка была для рабят зразумелай і даступнай. Ведаю, што буду весці ўрокі з сёмага па адзінаццаты клас, – расказвае юнак.
Вераніка Буйкевіч мясцовая – з вёскі Карані, працаваць будзе настаўнікам англійскай і нямецкай моў у Малагарадзішчанскім ВПК. У студзені – лютым тут праходзіла практыку. Спадабалася. І калі прапанавалі застацца працаваць тут, з радасцю згадзілася. Маладая настаўніца падкрэслівае, што пашанцавала з калектывам, дзе і падкажуць, і падтрымаюць – прынялі, як сваю.
Выпускніца БДПУ імя М. Танка Яўгенія Чайкоўская будзе настаўнікам-дэфектолагам у Конькаўскім ВПК. Пачынаць заўсёды хвалююча, але педагог спадзяецца, што яе інтарэс да прафесіі і любоў да дзяцей дапамогуць стаць высокакваліфікаваным спецыялістам.
Маладое папаўненне і ў СШ № 1 і СШ № 2 – сюды пасля заканчэння каледжаў працаўладкоўваюцца педагогі-арганізатары.
– Маладых спецыялістаў мы заўсёды чакаем і для іх прыцягнення ў раён цесна ўзаемадзейнічаем з педагагічнымі ВНУ. Зацікаўлены ў кожным маладым спецыялісце. За кожным з іх будуць замацаваны вопытныя педагогі. Для навічкоў прадугледжаны дзяржаўныя сацыяльныя гарантыі. Сярод іх павышэнне аклада на ўвесь перыяд статусу маладога спецыяліста, а гэта больш за 23 працэнты, плюс дадатковы дзень да водпуску. Маюць яны таксама права на атрыманне льготнага крэдыту на спажывецкія патрэбы. Пры ўмове заключэння дагавора арэнды прадугледжана выплата дзвюх базавых велічынь для кампенсацыі найму жылля, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Зубік.
Сёння на ўмовах заключэння дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы па накіраванні аддзела навучаюцца ў педуніверсітэтах рэспублікі пяць чалавек. Пасля атрымання дыплома яны прыступяць да работы ва ўстановах адукацыі нашага раёна. У такім выпадку тэрмін адпрацоўкі складае пяць гадоў.
А пакуль юнакі і дзяўчаты перад пачаткам новага навучальнага года праходзяць медагляд, рыхтуюцца да жнівеньскага педфоруму і ўдзелу ў пасяджэн-нях з педкадрамі, вывучаюць інструкцыйна-метадычную літа-ратуру і правілы запаўнення класнага журнала.
Хочацца спадзявацца, што першае месца працы на Ляхавіччыне стане адзіным запісам у працоўных кніжках маладых спецыялістаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.