Залічаны ў студэнты. «ЛВ» працягвае расказ пра землякоў-выпускнікоў, якія набралі на цэнтралізаваным тэсціраванні 90 балаў плюс

«ЛВ» працягвае расказ пра землякоў-выпускнікоў, якія набралі на цэнтралізаваным тэсціраванні 90 балаў плюс.

Гімназістка Ксенія Дылеўская – ула-дальніца залатога медаля, і яна ў спісе залічаных у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт на факультэт «маркетынг і лагістыка» на бюджэтную форму навучання.
– У школе з задавальненнем слухала настаўніка па грамадазнаўстве, калі ён расказваў пра эканоміку і спосабы вытворчасці тавараў. Таму пытанне, куды паступаць, перада мной не стаяла. Выбар быў відавочны, – дзеліцца Ксенія.
З балаў на ЦТ дзяўчына ганарыцца вынікам па англійскай мове – 95. Па іншых прадметах, лічбы, дарэчы, таксама паказальныя. Як трэба было рыхтавацца да іспыту, каб атрымаць сертыфікат з такой высокай адзнакай?
Англійскай мове павышаную ўвагу Ксенія стала надаваць у дзясятым класе, а ў адзінаццатым працавала па прадмеце разам з рэпетытарам.
Важна пастаянна паўтараць ужо вывучанае – гэта пазбавіць ад многіх памылак, дзеліцца сакрэтам поспеху Ксенія і дадае, што трэба як мага больш выконваць заданняў. Гэта займала ў яе шмат часу, але і ўсё ж заставаліся хвіліны на прагулкі з сябрамі.
Рэпетыцыйнае тэсціраванне пра-ходзіла з адзінаццатага класа. Максі-мальны вынік быў 90 балаў.
У вольны час наша зямлячка любіць чытаць і глядзець перадачы пра падарожжы. Дзяўчына ўпэўнена, што веданне замежнай мовы дапаможа адкрыць новыя краіны, пазнаць культуру і звычаі іншых народаў. Ксенія – асоба рознабаковая. Закончыла Ляхавіцкую дзіцячую школу мастацтваў па класе фартэпіяна. Падчас вучобы выступала ў гімназічнай групе «Ілюзія». Любіць чытаць і захапляецца псіхалогіяй, смачна гатуе.


Ксенія Лойка таксама з гімназіі. Яе гонар на ЦТ – 94 балы па гісторыі Беларусі. На тэсціраванні яна, акрамя гісторыі, здавала рускую, беларускую і англійскую мовы. Да беларускай рыхтавалася самастойна і набрала 74 балы.
Прадмет у яе вяла класны кіраўнік Святлана Ермаковіч, якая забяспечвала трывалымі ведамі і матэрыяламі, што дапамаглі ў здачы ЦТ. Па рускай мове ў сертыфікаце 70 балаў, па англійскай 76.
Старанная і адказная, Ксенія шмат часу аддавала вучобе, імкнулася, каб бал атэстата быў як мага вышэй. Дзяўчына па натуры гуманітарый. Ёй цікавы мовы, гісторыя. Гэтым дзяўчына забяспечыла сабе месца сярод залічаных на бюджэтную форму навучання ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт на факультэт англійскай мовы.
– Люблю знаёміцца з новым, вывучаць замежныя мовы. Падабаецца глядзець серыялы на розных мовах, цікавіцца культурай іншых краін. А МДЛУ пашырыць мае гарызонты. Таму з радасцю чакаю пачатку новага навучальнага года і сустрэчы з аднакурснікамі, – адзначае Ксенія.
Свой высокі бал па гісторыі Беларусі яна тлумачыць няспыннай працай. Галоўнае – верыць у сябе, – і тады ўсё атрымаецца, заўважае Ксенія Лойка.


Яна Маліхтаровіч – медалістка з СШ № 2, яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на стаматалагічны факультэт. У суме разам з атэстатам яе вынік па трох прадметах на ЦТ склаў 376 балаў, а прахадны бал на бюджэт – 369.
Па біялогіі дзяўчына зарабіла 97 балаў, па хіміі 90 і 89 балаў па рускай мове.
Біялогію ведае і любіць. З дзясятага класа вызначылася, што прадмет ёй патрэбен для здачы ЦТ. Таму старанна займалася і з настаўнікам у школе, і з рэпетытарам. Упор рабілі на тэарэтычных ведах і на рашэнні задач. Практыкавалася і на заданнях са зборнікаў ЦТ мінулых гадоў. Хіміі «аддала» два з паловай гады. Вялікую ролю па гэтым прадмеце мае не толькі веданне тэорыі, але і ўменне рашаць задачы.
Па рускай мове выпускніца СШ № 2 мае асобныя дасягненні – у восьмым класе заваявала першае месца на абласной алімпіядзе, і ў дзясятым – трэцяе. Паслугамі рэпетытара для падрыхтоўкі да ЦТ не карысталася. Вучыла і трэніравалася самастойна. Удзячна нераўнадушнаму стаўленню свайго настаўніка па рускай мове Веранікі Кумейша, якая давала матэрыялы для ЦТ. Падмогай былі факультатывы па мове, біялогіі.
– На рэпетыцыйным тэсціраванні па рускай мове набрала 95 балаў, і вынік ЦТ трохі расчараваў. Таму моцна ўзялася за астатнія прадметы. Стамлялася, на многае не хапала часу. Але яно было таго варта, – разважае ўладальніца 97 балаў па біялогіі.
Яна Маліхтаровіч – упэўненая ў сваіх сілах асоба, творчая і энергічная. Скончыла аддзяленне харэаграфіі Ляхавіцкай ДШМ, вучылася і ігры на фартэпіяна. Цікавіцца псіхалогіяй, уменнем будаваць адносіны паміж людзьмі.
Усе тры нашы зямлячкі вельмі ўдзячны за свае поспехі, у першую чаргу, сваім бацькам, шчырыя словы выказваюць у адрас настаўнікаў і, канешне, рэпетытараў. У добры шлях, студэнты!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.