За агуркі – «Крыштальны яблык». За што прадукцыя Ляхавіцкага кансервавага завода атрымала прызнанне рэспубліканскага ўзроўню?
Яшчэ адно прызнанне рэспубліканскага ўзроўню атрымала прадукцыя нашага кансервавага завода. Чарговы, чацвёрты па ліку, «Крыштальны яблык» днямі прыехаў з Мінска ў Ляхавічы і папоўніў скарбонку вытворчых узнагарод ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».
У Мінску вызначаны пераможцы 15-га рэспубліканскага конкурсу «Крыштальны яблык» на лепшую кансерваваную прадукцыю, што выпускаецца ў Беларусі. Конкурс арганізаваны навукова-практычным цэнтрам па харчаванні Нацыянальнай акадэміі навук, канцэрнам «Белдзяржхарчпрам».
Уладальнікам крыштальнага прыза і, адпаведна, пераможцам у намінацыі «Агароднінныя і мясныя кансервы для дзіцячага харчавання» стала прадукцыя «Агуркі кансерваваныя для дзіцячага харчавання для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту».
– Гэта адносна новы від прадукцыі ў нашай лінейцы кансерваў для дзіцячага харчавання, пачалі іх выпускаць сёлета. Адправілі ў дашкольныя ўстановы краіны больш за пяць тысяч умоўных слоікаў. І гэта толькі пачатак. Канешне, ганарымся перамогай і рады, што наша навінка атрымала заслужанае прызнанне. Будзем радаваць чарговымі прапановамі. Купляйце ляхавіцкае! – гаворыць дырэктар завода Аляксандр Вашчук.
Дарэчы, сёлета завод закупіў ужо чатыры тысячы тон агуркоў, і гэта не мяжа. Зараз асноўныя фаварыты – кабачкі і шчаўе чарговай зрэзкі. А прыкладна праз два тыдні пачнецца яблычны сезон, закупляць садавіну прадпрыемства будзе і ад насельніцтва.
Галіна КАНЬКО.