Нармальна, калі аптымальна. Ход жніва на Ляхавіччыне ўяўляе досыць прывабную раскладку

Многае залежыць ад надвор’я. Будзе яно – можа здарыцца так, што ўжо ў канцы бягучага тыдня хлебаробы раёна выйдуць на дажыначную мяжу.

Фота архіва «ЛВ»

На раніцу аўторка ход жніва на Ляхавіччыне ўяўляў сабой досыць прывабную раскладку: скамбайнаванымі з’яўляліся ўжо амаль
85 працэнтаў падлягаючых уборцы плошчаў. 100-працэнтна завяршылі з уборкай пакуль толькі ў СВК «Ляхавіцкі» і фермерскіх гаспадарках. І фінішныя вынікі здаюцца калі не выдатнымі, то ўпаўне сабе добрымі: кожны з 1200 русінавіцкіх збожжавых гектараў даў у сярэднім каля 59 цэнтнераў ураджаю, кожны з фермерскіх – 61 цэнтнер. У ЗТАА «БелДан» уборкі засталося на дзень актыўнай работы.
На Брэстчыне ўборка адрозніваецца некалькі большымі тэмпамі. Яно і зразумела: паўднёвыя раёны адчувальна раней за нас зажыналі і гэдак жа раней наблізіліся да завяршэння. Па стане на аўторак чатыры раёны вобласці з уборкай поўнасцю справіліся: Іванаўскі, Столінскі, Брэсцкі і Жабінкаўскі. У Столінскім саб-рана 48,2 цэнтнера хлебнай прадукцыі з кожнага сярэдняга гектара. Столькі ж, па стане на аўторак, збіраюць і ляхавіцкія аграрыі. І гэта – другі лепшы паказчык ураджайнасці сярод раёнаў вобласці. А лепшымі з’яўляюцца баранавіцкія аграрыі. Суседні раён застаецца лідарам абласной ураджайнай гонкі, на круг там атрымліваюць 48,9 цэнтнера ўраджаю. Сярэдні абласны гектар гэтага года дае 39,7 цэнтнера збожжа.
А тым часам пасяўныя клопаты ўсё больш і актыўней «наступаюць на пяты» жніву. У справу пайшоў азімы рапс, аптымальнымі тэрмінамі пачатку сяўбы якога лічыцца канец першай дэкады жніўня. Пад уборку наступнага года раён плануе закласці 3780-гектарную плантацыю гэтай алейнай культуры. Некаторыя маюць намер спыніцца на трох сотнях гектараў, «Ляхавіцкі» – на 450, «Шлях новы» – на 600, «Жарабковічы» – на рэкордных для раёна 900 гектарах. І два названыя апош-німі акцыянерныя таварыствы ўжо непасрэдна прыступілі да ажыццяўлення сваіх пасяўных планаў. Па стане на 16 жніўня, «Жарабковічы» па рапсе адсеяліся на 240 гектараў, у «Шляху новага» пасяўны шлях меншы – 95 гектараў.
З усім спраўляцца ў навукова вызначаныя і практыкай пацверджаныя дні-перыяды з’яўляецца адным з крытэрыяў паспяховасці. Гэта цалкам нармальна, калі ўсё аптымальна.

Іван КАВАЛЕНКА.