16 жніўня 2020 года на плошчы Незалежнасці ў сталіцу з’язджаліся патрыёты. Сваімі ўспамінамі дзеляцца ўдзельнікі патрыятычнага мітынгу
16 жніўня 2020 года на плошчы Незалежнасці ў сталіцу з’язджаліся патрыёты, для якіх мір, спакой і бяспека нашай Беларусі былі галоўнымі жыццёвымі прыярытэтамі. Два гады мінулі з той яскравай падзеі, а жаданне берагчы і абараняць Беларусь стала толькі мацней. Сёння сваімі ўспамінамі дзеляцца ўдзельнікі патрыятычнага мітынгу.
Ніна ПРЫХАЧ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
Прыгадваючы падзеі 16 жніўня 2020 года, ды і наогул, усе падзеі, што адбыліся пасля правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, хочацца сказаць: дзякуючы патрыятызму, згуртаванасці нашых людзей Беларусь засталася незалежнай дзяржавай, што сама прымае рашэнні адносна будучыні, шляхоў развіцця.
Нягледзячы на ціск – маральны, а часам і фізічны, што аказваўся з боку дэструктыўных сіл і арганізацый, наш народ усё ж такі выстаяў, змог адстаяць права на свой выбар. Дзякуючы гэтаму сёння мы можам жыць сваім розумам, а не пад чыюсьці дыктоўку.
Права выбару, волевыяўлення — гэта важна не толькі сённяшняму пакаленню, але і будучаму – моладзі, якая будзе будаваць прыгожае заўтра сваёй краіны, каваць сваю ўласную будучыню. Моладзі, якая сёння ўпэўнена крочыць па жыцці, таму што два гады назад мы не паддаліся на правакацыі, не здрадзілі сваім перакананням, сваёй дзяржаве. Таму што ў няпросты час падтрымалі свайго Прэзідэнта.