У Тухавічах нараджаецца цяпло. У чым жа сакрэт тухавіцкіх торфаздабытчыкаў і перапрацоўшчыкаў?

Сёлета арганізацыі «Белпалівагаза» здабылі 2,2 мільёна тон торфу. У агульнарэспубліканскім тарфяным «караваі» ёсць і ляхавіцкі адрас: скарбонка цеплавога ўраджаю папоўнілася і 315 тысячамі тон тухавіцкага торфу, здабытага работнікамі ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі». Нарыхтавана 214 працэнтаў прадукцыі да ўзроўню мінулага года.
Дарэчы, па выніках 2021 года прадпрыемства занесена на раённую Галерэю славы. Складнікаў вытворчага поспеху нямала. У чым жа сакрэт тухавіцкіх торфаздабытчыкаў і перапрацоўшчыкаў?

– Сакрэт адзін, і ён даволі просты. Стараемся ўлавіць, адчуць патрабаванні паліўнага рынку, яго кан’юнктуру і адпаведна арганізаваць работу нашага прадпрыемства так, каб атрымаць максімальна магчымую колькасць сыравіны для далейшай перапрацоўкі. А рэсурсаў, кадраў у прадпрыемства, жадання працаваць і атрымліваць дастойную заработную плату ў завадчан дастаткова, – адзначае дырэктар
ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько.
Тое, што сёлета брыкет стане значна больш запатрабаваным як на ўнутраным, так і на замежным рынку, стала зразумелым яшчэ ў кастрычніку мінулага года, калі істотна павялічыўся попыт на паліва. Ужо тады прапрацоўваліся розныя ідэі, як павялічыць здабычу торфу. Бясспрэчна, сваю ролю адыграў і каласальны вопыт дырэктара завода, які ў прафесіі чатыры дзесяцігоддзі, і яго прадбачлівасць. Сёлета завадчане пачалі тарфяную здабычу не як звычайна ў маі, а 14 сакавіка.
– Канешне, рызыка была. Але яна аказалася апраўданай. Сыравіна пайшла добрай якасці, здабылі 24 тысячы тон і – адразу на перапрацоўку. А пачатыя на два месяцы раней работы дазволілі падоўжыць сезон і ў разы павысіць здабычу. Магутнасцей у нас хапае, – расказвае кіраўнік прадпрыемства.
Пераймаць вопыт ранняга выхаду на тарфяныя палі прыязджалі нават з іншых галіновых арганізацый краіны.
Тухавіцкая прадукцыя адпраўляецца па чатырох асноўных маршрутах прыкладна ў роўных частках: прадпрыемствам і арганізацыям краіны, насельніцтву (папулярнасць торфабрыкетаў у беларусаў расце), на Беларускі цэментны завод, на экспарт.
Падчас размовы з дырэктарам торфабрыкетнага ў кабінеце раз-пораз звінеў тэлефон – паступалі запыты наконт магчымасці купіць тухавіцкі брыкет, у тым ліку і для адпраўкі за межы краіны. Адказ гучаў прыкладна аднолькава: усе пастаўкі закантрактаваны.
– Наша асноўная задача – забяс-печыць унутраны рынак. З ёй мы поўнасцю спраўляемся. Таксама нарошчваем і экспарт. Сёлета аб’ёмы і ў гэтым вектары значна павялічыліся – у паўтара раза больш брыкету паехала ў замежжа – Польшчу, Літву, Расію, Латвію, Эстонію, Славакію, – гаворыць Уладзімір Гунько.
Заводскія цэхі перапрацоўваюць сыравіну ў пяцідзёнку ў тры змены. Пры такім раскладзе і пры такім сыравінным запасе (а сёлетні нарыхтоўчы сезон амаль завершаны) перапрацоўка будзе доўжыцца да наступнага сезона.
Хутка будуць падведзены вынікі традыцыйнага рэспубліканскага спаборніцтва сярод торфаздабытчыкаў краіны. Гэта своеасаблівыя дажынкі, толькі ў якасці галоўных дзеючых асоб –
рупліўцы не хлебнай нівы, а тарфяных палёў. З году ў год тухавічане сярод пераможцаў і прызёраў галіновага спаборніцтва.
Хто яны героі-торфаздабытчыкі? Адказ на пытанне – на заводскіх палетках. Дарэчы, тут ёсць папаўненне – першыя тоны торфу пачаў даваць нядаўна распрацаваны з захаваннем усіх тэхналогій участак у 50 гектараў.
Бясспрэчны лідар нарыхтоўкі-2022 –
машыніст штабелюючай машыны Генадзій Гутырчык – 65-гадовы профі выканаў тры сезонныя планы. Вынік дастойны пераймання!
Усяго трэці ўборачны сезон на
рахунку Сяргея Гутырчыка, а агульная здабыча сёлета – два планавыя заданні. Аналагічны паказчык і ў машыніста-штабялёўшчыка ў Аляксандра Лапіча, машыніста па здабычы торфу Дзяніса Гаўрыльчыка, машыніста валкавальніка Аляксандра Гаўрыльчыка, машыніста па сушцы Дзмітрыя Жылінскага. Лепшыя ў прафесіі машыніст катла Сяргей Рабцэвіч, машыністы цеплавоза Сяргей Дыдышка і Аляксандр Маслоўскі.
Не адстаюць ад тых, хто ў полі, і завадчане, пад чыім пільным кантролем і штосекунднай увагай торф пера-
твараецца ў брыкеты. Хутка і якасна з даведзенымі заданнямі спраўляюцца Сяргей Бабарэка і Генадзій Бабарэка, кожны з іх адпрацаваў на прадпрыемстве больш за два дзесяцігоддзі. Заводскі працоўны стаж машыніста катла Андрэя Мішкевіча ўдвая меншы, але ён па-майстэрску спраўляецца са сваімі абавязкамі. Увогуле, у дачыненні да пераважнай большасці работнікаў Ляхавіцкага ТБЗ (калектыў налічвае 270 чалавек) па праве можна сказаць –
добрыя працаўнікі, надзейна і добрасумленна шчыруюць, пры неабходнасці дапамагаюць адзін аднаму. Узаемазамяняльнасць і ўзаемавыручка – гэта таксама пра тухавіцкіх завадчан. А яшчэ тут з павагай і пашанай ставяцца да ветэранаў прадпрыемства. Больш за стагоддзе – менавіта такі агульны стаж на ТБЗ многіх сямейных дынастый. У сённяшніх работнікаў – інжынера Аксаны
Зубік, машыністаў Сяргея Рабцэвіча і Аляксандра Маслоўскага, Сяргея Дыдышкі,эканаміста Наталлі Бабарэка, галоўнага бухгалтара Аксаны Кендыш, лабаранта Аксаны Дыдышка, транспарціроўшчыка Наталлі Зайко, а таксама іншых – бацькі – ветэраны прадпрыемства, зараз на заслужаным адпачынку.
Ляхавіцкі ТБЗ мае больш чым 40-гадовую гісторыю. Кожная старонка якой –
мноства дасягненняў, вырашэнне пэўных праблем, пошукі рынкаў збыту. Былі тут і мадэрнізацыі, і будаўніцтвы, і рэканструкцыі, асвойваліся новыя віды прадукцыі, у тым ліку і запатрабаваная ў спажыўца сушонка, некалькі гадоў
назад адкрылі ўласны філіял у Каўпеніцы Баранавіцкага раёна. Здавалася б, працуй на правераным часам шляху, і ўсё будзе добра. Але такі падыход да справы яўна не ў тухавіцкіх завадчан. Актыўна ідзе кадравае амаладжэнне, рэгулярна абнаўляецца машынна-трактарны парк (сёлета набыты за ўласныя сродкі два трактары «МТЗ-1221», хутка з’явіцца новенькі МАЗ). На парадку дня і будаўнічыя работы: узводзяцца майстэрні і дэпо на філіяле ў Каўпеніцы. Удасканальваюцца пытанні аховы працы, нямала і іншых пераўтварэнняў і новаўвядзенняў.
Па працы і пашана: заработная плата на прадпрыемстве павышаецца, а разам з ёю расце і дабрабыт тутэйшых людзей. А слоган, напісаны каля адміністрацыйнага будынка ТБЗ у Тухавічах, – «Мы нясём цяпло ў вашы дамы!» – сапраўдная візітоўка прадпрыемства, якое выпускае прадукцыю для стварэння належных умоў працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях і для ўтульнасці ў дамах.
Дзякуй за цяпло, завадчане!
«ЛВ» жадае ўсім вам поспехаў, стваральнай працы, новых здабыткаў і здзяйсненняў.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.