Першы ўрок пачынаецца з памяці. Гістарычнай памяці беларусаў. Больш за 2500 школьнікаў села за парты ва ўстановах адукацыі Ляхавіцкага раёна
Першавераснёўская раніца пачынаецца з самых пяшчотных эмоцый, самых шчырых бацькоўскіх і дзіцячых хваляванняў. Як жа хочацца непаўторнасць гэтага «дарослага» моманту адчуць і зафіксаваць у памяці. А яшчэ 1 верасня кветкавае – водар гладыёлусаў, хрызантэм, астраў запаланіў наваколле.
Урачыстасці з нагоды Дня ведаў – пачатку новага навучальнага года 2022/2023 – прайшлі ў кожнай навучальнай установе Ляхавіцкага раёна. А за школьныя парты сёлета селі больш за
2500 хлопчыкаў і дзяўчынак.
У СШ № 2 пакуль яшчэ разгубленыя ад увагі і вялі-кай колькасці фотакамер першакласнікі рыхтуюцца пад гучныя апладысменты старэйшых «калег» уступіць у школьную сям’ю. 1 верасня стане адлікам адзінаццацігадовай гісторыі для 76 маленькіх чамучак. Асаблівы з адценнем смутку, але чаканнем новага жыцця гэты дзень для выпускнікоў. Іх сёлета ў СШ № 2 – 36.
Віншаванні з Днём ведаў накіраваў настаўнікам і навучэнцам, а таксама іх бацькам старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Галоўны наказ школьнікам – быць патрыётамі свай краіны, берагчы яе ўнікальнасць і прыгажосць, шанаваць наш беларускі мір.
І, канешне, па традыцыі гучаць словы-наказ і віншаванні ад дырэктара ўстановы Людмілы Паўлоўскай.
Урачыстая лінейка пачалася з сімвалічнага моманту –
падняцця Дзяржаўнага флага і выканання Дзяржаўнага гімна Беларусі.
Гучыць песня, а ў ёй цэнт-ральная ўвага педагогам – кветкі настаўнікам, тым хто ўмее разумець дзіцячую душу, бачыць гэты шчыры свет, хто моцна трымае і вядзе па дарослым жыцці будучае пакаленне беларусаў.
Гэты падарунак з нецярпеннем чакаюць усе першакласнікі. Падарунак Прэзідэнта Беларусі
Аляксандра Лукашэнкі – кнігу «Беларусь – наша Радзіма»– хлопчыкам і дзяўчынкам уручылі старшыня райвыканкама і кіраўніцтва школы. А дапоўнілі падарачную эстафету адзінаццацікласнікі – у іх таксама сюрпрыз для рабят.
Звініць залівісты званок. Сімвалічна на плячы выпускніка першакласніца: усе за парты, першы ўрок пачынаецца!
Традыцыйна ў школах праходзяць тэматычныя ўрокі. Сёлетні прысвечаны Году гістарычнай памяці. Яго назва –
«Гістарычная памяць – дарога ў будучыню!». Але гэты год вызначае штосьці асаблівае. Прэзідэнт Беларусі
Аляксандр Лукашэнка ў Дзень ведаў сустрэўся са студэнтамі ВНУ і навучэнцамі ўстаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Адкрыты ўрок «Гістарычная памяць – дарога ў будучыню» Кіраўнік дзяржавы правёў у Палацы Незалежнасці. А на Ляхавіччыне ў рэжыме анлайн да адкрытага ўрока далучыліся ўсе школы раёна. З прыдыханнем і адчуваннем саўдзелу ў важнай справе яго слухалі і ў СШ № 2.
Гэты год для СШ № 2 таксама пачаўся з падарункаў. У двух класах новыя парты, а ў спартыўнай зале – адпаведны інвентар. Вельмі дарэчы і халадзільнае абсталяванне ў харчаблок.
Няхай усе спадзяванні спраўдзяцца! Першы ўрок стане пачаткам вялікіх спраў, дасягненняў і перамог!
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва школ.