Ляхавіцкі «Астравок кахання» ў Целяханах
У сёлетняй сталіцы абласных «Дажынак» – аграгарадку Целяханы – гучалі прозвішчы не толькі рупліўцаў шчодрай ляхавіцкай нівы. З году ў год традыцыйна сярод пераможцаў абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства па прафесіі «лепшы рабочы зялёнага будаўніцтва» – і майстры справы з КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
На «Дажынках-2022» падарунак ад ляхавіцкіх камунальнікаў не застаўся незаўважаны ні журы конкурсу, ні гасцямі і гаспадарамі свята.
Сярод усіх камунгасаў Брэстчыны, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, работа, прадстаўленая Ляхавіцкай ЖКГ, заваявала трэцяе месца.
– Сёлетні конкурс прысвечаны Году гіста-рычнай памяці, таму імкнуліся прыдумаць такую кампазіцыю, якая адпавядае тэме. Вырашылі стварыць «Астравок кахання». Гэта тэма адлюстроўвае не толькі пачуцці паміж мужчынай і жанчынай, але і любоў да родных, блізкіх, Радзімы – тое, што аб’ядноўвае пакаленні. Працавалі з душой і натхненнем, таму ўсё і атрымалася, – гаворыць майстар участка Святлана Саласцеева.
У кампазіцыі стыльна спалучаюцца лавачка з парасонам і ліхтарамі. Усё гэта аздоблена мноствам кветак і сэрцаў па перыметры тэрыторыі. Аўтары такой дзіўнай прыгажосці –
дружная брыгада ўмельцаў з шасці чалавек. Жалезная лавачка – справа залатых рук Аляксандра Капузы, а пяшчотны чырвоны парасон віртуозна звязала Вераніка Кіршэўская. Аўтар ідэі – майстар участка добраўпарадкавання Святлана Саласцеева.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота з архіва Ляхавіцкай ЖКГ.