Хто круціць, той мае. Ужо амаль шэсць з паловай тысяч тон ільнотрасты «накруцілі», убралі і прыбралі ў склад работнікі ААТ «Ляхавіцкі льнозавод»

Здаецца, для тых, хто займаецца раслінаводствам, гэты год – мажорная песня. Спрыяльны па многіх фактарах, для аграрыяў раёна ён склаўся і працягвае складвацца дастаткова ўдала – ураджайна. Парадавалі зборам збожжавыя, неблагія цэнтнеры зялёнай масы дае кукуруза. Малайцом праяўляе сябе і лён.

Першыя амаль што шэсць з паловай тысяч тон трасты сельгасвытворцы ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» нарыхтавалі і тэхналагічна схавалі яшчэ да дажджоў. Прыкладна
1400 гектараў яшчэ нядаўна льнопалеткаў аддзячылі сваіх клапатлівых гаспадароў нядрэнным зборам трасты, на кароткі час апусцелі. І слова «нядрэнны» з’яўляецца даволі сціплай колькасна-якаснай характарыстыкай сабранага ўраджаю, які зараз выгадна адрозніваецца ад таго, што быў летась. Напрыклад, сярэдняя даўжыня сабраных «трасцінак» складае каля дзевяці дзясяткаў сантыметраў, сярэдні нумар ужо нарыхтаванай сыравіны, па словах кантрольнага майстра прадпрыемства Алены Ксёнжык, адпавядае індэксу 1,14,
што з’яўляецца даволі высокай ацэнкай якасці.
Аднак ці тое яшчэ будзе. Пад «вылежкай» працягвае знаходзіцца каля 800 гектараў заводскіх ільнопалеткаў. Лепшых, як запэўніў вядучы аграном акцыянернага таварыства Мікалай Герасімовіч, гектараў. Так што ёсць гарантыя, што з пад’ёмам трасты з гэтых плошчаў прадпрыемства падымецца як па паказчыку сярэдняй ураджайнасці, так і ў плане якасці сваіх сыравінных запасаў.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.