Прайсці і затрымацца ў бібліятэцы надоўга. 15 верасня адзначаецца Дзень бібліятэк
Мода на чытанне – класічны трэнд у любы час. І гэты заканадаўца моды ў нашым райцэнтры, безумоўна, любімая купалаўка. Кніжны храм даўно сябе перарос, і ў XXI стагоддзі ўжо выглядае і пазіцыянуе сябе як медыяцэнтр. За кніжную прастору Ляхавіччыны адказвае цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. У яе склад сёння ўваходзіць 18 бібліятэк (як дзіцячых, так і дарослых). А паўсотні работнікаў бібліятэк імкнуцца не расчараваць сваіх наведвальнікаў, задаволіць чытацкі інтарэс, правесці па свеце краязнаўчай прыгажосці раёна, экскурсам пракаціць па гістарычных старонках.
Пяць аддзелаў ЦБС забяспечваюць жыццядзейнасць кніжнай прасторы рэгіёна: аддзелы абслугоўвання і інфармацыі, фарміравання бібліятэчнага фонду, маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці, сектар аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў, гаспадарчая служба.
Сёння ў нашых бібліятэках можна ўзяць кнігу на любы густ. І па класіцы прайсціся, і з бестселераў тут прапануюць цікавае, шмат і вучэбнай літаратуры. Дарэчы, і студэнты на канікулах, і школьнікі спяшаюцца за літаратурай – выбар, як гаворыцца, ёсць. Ды і «ЛітРэс» – сістэма, што дзейнічае тры гады, – толькі на карысць папулярызацыі чытання.
Да 2025 года ў планах стварыць электронны каталог усёй літаратуры, што ёсць
у ЦБС. А яшчэ хутка з’явіцца электронны
інфармацыйны рэсурс перыядычных выданняў, акцэнт – на замежныя выданні адукацыйнай накіраванасці.
Дарэчы, пра кніжны фонд – ён сапраўды ўражвае і заўжды папаўняецца. Сёння ён налічвае больш за 280 тысяч кніг.
Купалаўка заўжды анлайн са сваімі чытачамі. І ў «ВКонтакте», і ў Instagram, юцюбе, «Аднакласніках», на афіцыйным сайце аператыўна з’яўляецца актуальная інфармацыя. І калі на іх рэсурсы
трапіць – то можна, як гаворыцца, заліпнуць там надоўга. Чаго варта толькі віртуальная экскурсія па нашым горадзе.
А базы даных, якія бібліятэкары карпатліва збіралі, занатоўвалі ўспаміны сведкаў, прагарталі не адну падшыўку раёнкі, прасядзелі не адну гадзіну ў архівах… Дзякуючы гэтаму, сёння ёсць структураваныя даныя пра старшыняў калгасаў,
пра вёскі раёна, сядзібна-паркавыя ансамблі, мастакоў і пісьменнікаў Ляхавіччыны. За гэтым – вялікая работа людзей, улюбёных у сваю Радзіму, працу, творчасць.
Дырэктар Ляхавіцкай ЦБС Вольга Пляшэвіч пра сваіх калег гаворыць вельмі цёпла:
– З гэтымі людзьмі можна хоць на край свету: надзейныя, творчыя, адданыя рабоце. З лёгкасцю ладзім такі родны раённы літаратурны фэст «Флер’яноўскія чытанні», а які ў нас атрымліваецца «Кнігаварот». І гэта толькі дзякуючы нашай камандзе.
Фотазоны і выставы купалаўкі – заўжды, як кажуць, піск моды. У тэму і западаюць у душу ляхавічанам, часта трапляюць у стужкі Instagram і не толькі. Таму калі збіраецеся за кнігай, не забывайцеся, што бібліятэцы ёсць што прапанаваць вам. Нават могуць запрасіць стаць удзельнікам кінашколы, і гэта ім падуладна.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.