Беларусь у нас адна!

Больш за 77 гадоў над нашай рэспублікай мірнае неба. За што нізкі паклон і бязмежны дзякуй табе, салдат-вызваліцель, табе, няскораны народ, які набліжаў перамогу ў партызанскіх атрадах і падполлі, які працаваў у тыле і на прыфрантавых тэрыторыях. У неаплатным даўгу і перад тымі, хто аднаўляў разбураную вайной народную гаспадарку.
Мы адзіныя ў сваёй памяці! Мужная і гераічная Брэсцкая крэпасць, Дняпроўскі рубеж, Мінскае падполле, Хатынь і яе вогненныя сёстры, аперацыя «Баграціён», залпы Перамогі ў маі 1945 года – старонкі, якія нельга забыць, іх павінны ведаць нашы нашчадкі, бо пакуль помнім – мы жывём!
Мы адзіныя ў жаданнях, памкненнях вучыцца, працаваць дзеля дабрабыту сваёй сям’і, дзеля шчасця дзяцей і ўнукаў, дзеля будучыні сваёй краіны. І незалежна ад таго, у залатым ты ўзросце ці толькі робіш першыя крокі ў дарослае жыццё, дашкольнік ці грамадзянін сярэдніх гадоў, рабочы ці выкладчык, медык ці ваенны. Не маюць значэнне веравызнанне і сацыяльная прыналежнасць, адрас пражывання і палітычная пазіцыя – мы беларусы!
Сёння другі год запар разам адзначаем самае маладое дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. Сімвалічна і тое, што сёлета яно святкуецца ў Год гістарычнай памяці.
Што для вас Дзень народнага адзінства? З такім пытанем «ЛВ» звярнуўся да сваіх землякоў.

Вольга БУРАК, дырэктар Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын»:
– У мінулым годзе ў святочным рэспубліканскім календары з’явілася новае свята дзяржаўнай важнасці – Дзень народнага адзінства. Прапанова ўстанавіць такое свята прагучала ў лютым 2021 года на VI Усебеларускім народным сходзе. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву і падпісаў адпаведны ўказ 7 ліпеня 2021 года.
Дата свята выбрана невыпадкова. Менавіта 17 верасня 1939 года адбылася гістарычная падзея – Заходняя Беларусь, якая была пад прыгнётам панскай Польшчы, у выніку вызваленчага паходу Чырвонай Арміі далучылася да Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
Назва Дзень народнага адзінства гаворыць сама за сябе. Толькі агульнымі намаганнямі можна зрабіць шмат для краіны і для кожнага яе жыхара.
Я маці, педагог, кіраўнік, займаюся грамадскай работай. Уласным прыкладам мы павінны выхоўваць падрастаючае пакаленне. А асновы выхавання закладваюцца ў сям’і. Адна з важнейшых задач для дзіцячых садкоў, школ, пазашкольных устаноў – не толькі даць неабходны багаж ведаў, але і выхаваць грамадзяніна і патрыёта. Такі працэс павінен быць пастаянным і калектыўным. У Год гістарычнай памяці ў Жарабковіцкай школе праводзіцца нямала выхаваўчых мерапрыемстваў, мы беражліва шануем памяць пра поспехі і здабыткі мінулых пакаленняў, пра гераічны подзвіг нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў.
Адзінства беларускага народа відавочна ва ўсім:
у выхаванні, адукацыі, у працы, адпачынку, спорце.
Традыцыі святкавання Дня народнага адзінства толькі-толькі закладваюцца. Ёсць яны ўжо і ў Ляхавіцкім раёне. Важна, каб кожны беларус знайшоў у агульным свяце свой асабісты сэнс.

Юрый БУЙКЕВІЧ, начальнік РАНС:
– Тая краіна лічыцца моцнай, дзе ў народа агульная мэта – каб яго Радзіма мацнела, квітнела, развівалася, каб паляпшаўся дабрабыт яе грамадзян. Менавіта пра гэта гаварыў днямі Прэзідэнт нашай краіны
Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, калі ўручаў узнагароды беларусам напярэдадні Дня народнага адзінства. Мяне, як, напэўна, многіх, уразілі кадры, калі ўзнагароджваўся падлетак, які выратаваў падчас пажару сваіх малодшых сястрычак. Як выратавальнік разумею, наколькі складана было юнаку справіцца,
у першую чаргу, з уласнымі эмоцыямі і прыняць адзінае правільнае рашэнне. Але ён усё зрабіў належна, праявіў вытрымку і гераізм. За такімі адважнымі і мужнымі рабятамі будучыня краіны. Трэба з дзяцінства прывучаць дзяцей да працы, выхоўваць патрыятызм.
У нашай сям’і паважаюць традыцыі. Па магчымасці стараемся браць дзяцей на суботнікі, акцыі па пасадцы дрэў, навядзенні парадку. Калі падрастаючае пакаленне бачыць, як дарослыя дружна, талакой працуюць з добрым настроем, канешне, у іх таксама фарміруецца інтарэс і жаданне працаваць разам.
Народнае адзінства – гэта калі не дзеляць на сваіх і чужых, калі кожны адказвае не толькі за сябе, але і за сваіх родных, сям’ю, сяброў, горад, вобласць, краіну. Успомніце, як дружна мы балеем за беларускіх спартсменаў на галоўных стартах чатырохгоддзя – Алімпійскіх гульнях. Чым не прыклад народнага адзінства? І так не толькі ў спорце. Толькі разам мы супрацьстаім санкцыям і разнастайным спробам скарыць нашу дзяржаву, наш народ. Пакуль Беларусь і беларусы – адно цэлае – мы непераможныя.