Чысціня ў аздабленні зялёнага колеру. У трэцюю нядзелю верасня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі лясной гаспадаркі Беларусі

У нашай краіны нямала прыродных багаццяў, адно з галоўных – лес. У большасці з нас лес асацыюецца з адпачынкам і смачнымі пачастункамі – ягадамі, грыбамі, а яшчэ з разнастайным светам жывёл. Але лясы – гэта і магутная крыніца сыравінных і энергетычных рэсурсаў, экалагічная бяспека, ландшафтная скарбніца.
Традыцыйна штогод трэцяя нядзеля верасня ў беларускім прафесійным календары святочная для людзей, якія сваёй працай прымнажаюць лясныя багацці і садзейнічаюць іх рацыянальнаму выкарыстанню. Разам з калегамі з усёй рэспублікі Дзень работнікаў лесу адзначыць заўтра і калектыў Ляхавіцкага лясгаса.

Дырэктар арганізацыі Дзяніс Герасіменка.

Спектр клопатаў землякоў-лясгасаўцаў па-ранейшаму надзвычай шырокі. Гэта і аднаўленне лесу, і нарыхтоўка драўніны і яе перапрацоўка, і навядзенне парадку ў лясных масівах і паабапал дарог, барацьба са шкоднікамі і наступствамі прыроды. На кожным участку – у лясніцтвах і перапрацоўчых цэхах, у кабінетах і цяпліцах – якасная і выніковая работа кіпіць штодзённа. Прычым не толькі на Ляхавіччыне.
– Заўжды з гатоўнасцю спяшаемся на дапамогу калегам, у тыя лясніцтвы, дзе прыродная стыхія вельмі нашкодзіла. Так, сёлета, пачынаючы з 18 мая, вахтавым метадам каля 20 нашых работнікаў разам з лесаводамі з іншых рэгіёнаў краіны ліквідуюць сур’ёзныя бураломы ў Клімавіцкім раёне. Адны задзейнічаны на валцы і расчыстцы, іншыя – на вывазцы, некаторыя шчыруюць на пасадцы дрэў. Плячо да пляча разам з мужчынамі дастойна працавалі і прадстаўніцы прыгожай паловы: ляснічыя Крывошынскага і Востраўскага лясніцтваў Святлана Курэц і Кацярына Бародзіч. Не толькі людзі, але і ляхавіцкая тэхніка працуе ў клімавіцкіх лясах. Таму там таксама і нашы рамонтнікі, яны пры неабходнасці самі прывозяць дэталі і рамантуюць тэхніку. Работа напружаная і адказная, часам доўжыцца ад світання да змяркання. У асабліва спякотныя летнія дні змена пачыналася нават у 4 гадзіны раніцы. Нягледзячы на розныя складанасці і цяжкасці, ляхавіцкія лясгасаўцы дастойна і паспяхова выконваюць сваю задачу, – расказвае намеснік дырэктара Ляхавіцкага лясгаса Наталля Адаменка.
У лясгасе ашчадна падыходзяць да падбору саджанцаў – лясной будучыні. І калі раней закуплялі пасадачны матэрыял у іншых раёнах і абласцях, то летась вырашылі вырошчваць яго ўласнымі сіламі. Папярэдне падлічылі ўсе за і супраць, выдаткі. Аўтар ідэі – тады яшчэ галоўны ляснічы, а цяпер дырэктар арганізацыі Дзяніс Герасіменка (у прафесіі ён сем гадоў, пачынаў з майстра лесу Баранавіцкага лясгаса, быў ляснічым Мядзведзіцкага лясніцтва, потым галоўным ляснічым). Малады знаўца сваёй справы разам з супрацоўнікамі аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення, папярэдне пераняўшы вопыт у калег-лясгасаўцаў, адпаведна тэхналогій пабудавалі тры цяпліцы непасрэдна на тэрыторыі, дзе знаходзіцца адміністрацыйны будынак арганізацыі. Зараз там набіраюцца сіл, энергіі, ідуць у рост 70 тысяч будучых дубоў, 400 тысяч елак, 500 тысяч соснаў. А ўжо вясной 2023 года яны пераселяцца на пастаяннае месца – будуць высаджаны ў лясных масівах раёна. Аналагічныя, праўда, меншай напаўняльнасці цяпліцы ёсць у Востраўскім і Крывошынскім лясніцтвах.
Дарэчы, у планах лясгаса не толькі вырошчванне пасадачнага матэрыялу, але і яго продаж. Між іншым, у чэрвені падчас выязнога пасяджэння калегіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, якое прайшло ў Ляхавіцкім раёне, адным з прыпынкаў па маршруце стаў лясгас. Акуратная, добраўпарадкаваная, эксклюзіўна аформленая тэрыторыя па-добраму ўразіла гасцей. Спадабаўся і карысны з непаўторным водарам лета мёд, які збіраецца на тутэйшых пчальніках. З цікавасцю эколагі паназіралі, як у цяпліцах падрастаюць, набіраюцца сіл пакуль яшчэ кволыя расточкі будучых дубкоў, соснаў, елак.
На сёння яшчэ адна зона асаблівай увагі лясгасаўцаў – нарыхтоўка дроў для патрэб насельніцтва – як-ніяк ацяпляльны сезон пачынаецца.


ПРАЦЯГ ЧЫТАЙЦЕ Ў чарговым нумары «Ляхавіцкага весніка» ад 17 верасня 2022 года

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.