Мы – разам. Святкуем і шануем. Як ва ўстановах адукацыі Ляхавіцкага раёна адзначылі Дзень народнага адзінства

У адзіным патрыятычным памкненні ляхавічане ўсіх узростаў на розных пляцоўках падчас разнастайных мерапрыемстваў ва ўстановах, арганізацыях, на прадпрыемствах святкавалі самае маладое дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства.

Насычанай праграмай адзначыліся навучальныя ўстановы раёна – ад дзіцячых садкоў да Ляхавіцкага аграрнага каледжа. 16 верасня вучні школ далучыліся да рэспубліканскай акцыі і напісалі падчас заняткаў па беларускай мове і літаратуры гістарычны дыктант, прымеркаваны да знамянальнай даты. Яго мэта – выхаванне ў навучэнцаў паважлівых і адказных адносін да гісторыі беларускага народа, фарміраванне асэнсаванай непарыўнай сувязі гісторыі і сучаснасці.
У СШ № 2 арганізаваны экскурсіі «Наша сіла ў адзінстве» ў музеі «Баявой і працоўнай славы». Запомніўся і адкрыты дыялог «У адзінстве моладзі – сіла Беларусі!», падчас якога абмеркавалі гістарыч-
нае значэнне падзей 17 верасня 1939 года. Дзесяцікласнікі з задавальненем паўдзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні «Гісторыя народа – мая гісторыя». Крэатыўна прайшлі флэшмоб «Мы любім Беларусь!» і фотачэлендж «Мы разам».
Гімназісты – педагогі і навучэнцыя – да ўрачыстасцей прымеркавалі лінейку. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач павіншавала з дзяржаўным святам і ўручыла членскія білеты БРСМ навічкам маладзёжнай арганізацыі. Таксама на лінейцы ўзнагародзілі пераможцаў і дыпламантаў раённага этапу рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Дыктант перамогі».


У Малагарадзішчанскай СШ урачыстая лінейка прайшла пад дэвізам «Разам мы адзіныя! Разам мы моцныя! Разам мы беларусы – гонар сваёй краіны!»
Як заўжды, творча і натхнёна падышлі да святкавання ў аграгарадку Навасёлкі. Культработнікі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці запрасілі землякоў на акцыю «Сэрцам за Беларусь»: з віншаваннямі рабяты і дарослыя завіталі ў розныя ўстановы і арганізацыі Навасёлак.


Не засталіся ў баку ад агульнага ўдзелу ва ўрачыстасцях і маленькія ляхавічане. Так, у дзіцячым садку № 4 тутэйшыя выхаванцы даведаліся шмат новага падчас інтэлектуальнай гульні «Мы – беларусы», спявалі беларускія пенсні, гулялі ў народныя гульні, чыталі вершы пра краіну і пра сяброўства.
Насычанай стала мінулая пятніца для дашкалят з дзіцячага садка № 3. Хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі бібліятэчны «Кнігаварот», а таксама праверылі свае веды ў пазнавальнай гульні, у дашкольнай установе былі аформлены насценгазеты «Мая сям’я – мой дом – мая Радзіма».
Заключным акордам святкавання стаў канцэрт «Мы – адзінае цэлае», які адбыўся 17 верасня на плошчы Леніна райцэнтра. Творчыя калектывы і выканаўцы Ляхавіччыны падзяліліся лепшымі канцэртнымі нумарамі з землякамі.

Галіна КАНЬКО.