Час плаціць падаткі. 15 лістапада – тэрмін, да якога неабходна заплаціць падаткі

15 лістапада – тэрмін, да якога неабходна заплаціць падаткі. Плацельшчыкі сёлета атрымалі адзінае паведамленне на выплату падаткаў, дзе выстаўлены адразу некалькі рахункаў – транспартны, падатак на нерухомасць і зямельны.

З 2022 года вылічэнне і прад’яўленне фізічным асобам да аплаты зямельнага падатку і падатку на нерухомасць праводзіцца падатковымі органамі за мінулы каляндарны год. У пераходны перыяд аплата маёмасных падаткаў будзе ажыццяўляцца ў два этапы: не пазней за 15 лістапада
2022 года ўносіцца авансавы плацеж (50 працэнтаў ад налічанай за
2022 год сумы) за зямлю і нерухомасць, а да 15 лістапада 2023 года – другая частка. Калі раней плацеж на нерухомасць уносілі толькі гаспадары прыватных домаўладанняў, то зараз да іх дабавіліся і гаспадары кватэр.
– Падатак на кватэру – не новаўвядзенне. У Падатковым кодэксе прапісана, што плацельшчыкамі падатку на нерухомую маёмасць прызнаюцца фізічныя асобы, у тым ліку зарэгістраваныя ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, якія на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь маюць аб’екты нерухомай маёмасці, іх часткі (у тым ліку жылы дом, жылое памяшканне ў шматкватэрным або блакіраваным жылым доме, садовы домік, дачу, гараж, машына-месца, іншы будынак і збудаванне).
Да 2022 года падатак на нерухомасць у дачыненні да адной кватэры, якая знаходзіцца ва ўласнасці фізічнай асобы, не выстаўляўся, сёння ж ільгота адменена. Але, як і раней, адна кватэра і адзін жылы дом, якія належаць пенсіянерам па ўзросце, дзецям да 18 гадоў, мнагадзетным сем’ям, інвалідам I і II групы, некаторым іншым катэгорыям асоб, вызваляюцца ад падатку на нерухомасць у поўным памеры незалежна ад рэгістрацыі ў такой нерухомасці працаздольных грамадзян. Калі ў пералічанай катэгорыі грамадзян на праве ўласнасці знахо-дзяцца дзве кватэры і больш, ці два і больш жылых дамоў, то адна кватэра або адзін жылы дом з найбольшым коштам цалкам вызваляецца ад падатку на нерухомасць, – тлумачыць начальнік упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб інспекцыі МПЗ па Баранавіцкім раёне Уладзімір Грыц.
Уладальнікі зарэгістраванага ў ДАІ аўто сёлета ўносяць даплату транспартнага падатку, налічанага за 2021 год. Трэба ведаць, што продаж машыны, напрыклад, у маі
2022 года не вызваляе ад унясення другой часткі плацяжу. Да таго,
у наступным годзе будзе налічаны падатак за пяць месяцаў карыстання машынай.
У падатковай інспекцыі ўдакладнілі: памер транспартнага падатку зніжаны для пенсіянераў, інвалідаў I і II групы, але пры ўмове дзеючага вадзіцель-скага пасведчання ў плацельшчыка. На 75 працэнтаў зніжаны памер для інвалідаў III групы і таксама пры наяўнасці дзеючага вадзіцельскага пасведчання.
Пры неаплаце падатку ў тэрмін налічваецца пеня за кожны дзень пратэрміноўкі. Калі крыніца даходу адсутнічае, падаткавікі адпраўляюць інфармацыю ў аддзел прымусовага выканання. Можа быць накладзены арышт на маёмасць, а таксама часова прыпынена дзейнасць вадзіцельскага пасведчання, накладзена забарона на выезд аўтаўладальніка з краіны і г. д.
Падаткі можна заплаціць праз банк, падатковы орган, сельвыканкам і г. д. Разлічыцца можна і праз банкамат, інфакіёск, плацежныя тэрміналы, з выкарыстаннем смс-банкінга, мабільнага банкінга, інтэрнэт-банкінга.
У выпадку страты ці неатрымання паведамлення на аплату падаткаў плацельшчыку неабходна звярнуцца ў падатковы орган па месцы жыхарства.
Ва ўпраўленне па рабоце з плацель-шчыкамі па Ляхавіцкім раёне можна патэлефанаваць па нумарах: 6-06-88, 6-07-88, 6-07-47.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.