Горад пад аховай. Як не стаць ахвярай зламыснікаў і захаваць сваю маёмасць?
«Горад пад аховай» – інфармацыйна-прафілактычныя мерапрыемствы, якія РАУС праводзіць з мэтай забеспячэння маёмаснай і асабістай бяспекі насельніцтва і юрыдычных асоб. Чарговыя запланаваны ў перыяд з 26 верасня па 3 кастрычніка.
У гэты час увага супрацоўнікаў міліцыі будзе накіравана на тлумачэнне насельніцтву спосабаў захавання сваёй маёмасці і ўхілення ўмоў, што садзейнічаюць учыненню крадзяжоў рэчаў з дамоў, гаспадарчых пабудоў, двароў, кватэр.
Сярод дзейсных рэкамендацый – не грэбаваць правіламі бяспекі і ўмацоўваць жыллё, не пакідаць адчыненыя вокны і форткі, ключы ад кватэры пад дыванком ці ў паштовай скрыні. Часта гаспадары веласіпедаў пакідаюць іх без нагляду на лесвіцы ці каля пад’езда, чым палягчаюць доступ да сваёй маёмасці аматарам чужога транспарту.
Каб не стаць ахвярай злодзеяў, варта беражліва адносіцца да сваіх рэчаў. Надзейным спосабам захавання маёмасці лічыцца абсталяванне дома ці кватэры ахоўнай сігналізацыяй. Дзейснай мерай прафілактыкі крадзяжоў з пад’ездаў і падвальных памяшканняў шматкватэрных дамоў з’яўляецца таксама ўстаноўка сістэмы відэаназірання.
Сяргей ІСАХАНАЎ, намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.