Аншлаг на бегавых дарожках. Спартыўная абноўка ўпрыгожыла стадыён «Колас» у Ляхавічах

Спартыўная абноўка ўпрыгожыла стадыён «Колас». Першымі яе пратэсціравалі ўдзельнікі ІІ адкрытага турніру па лёгкай атлетыцы памяці чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча.

 БОЛЬШ ФОТА НА САЙЦЕ «ЛВ, ФОТАМОМАНТЫ ТУТ і Ў  ГРУПАХ ГАЗЕТЫ Ў САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ 

Доўгачаканая абноўка
На ўрачыстае адкрыццё капітальна адрамантаванага аб’екта завіталі госці з Мінска, Брэста, прадстаўнікі нацыянальнай каманды Беларусі па лёгкай атлетыцы, абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы, кіраўніцтва раёна, ветэраны спорту Ляхавіччыны. Канешне, у цэнтры ўвагі юныя спартсмены, для якіх у краіне і ў нашым раёне робіцца нямала для развіцця творчых і спартыўных здольнасцей. Запоўнены трыбуны, вакол святочная радасная атмасфера, усе ў чаканні ўрачыстага імгнення…
Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку дадзена старшыні райвыканкама Мікалаю Марозу, старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі неаднаразоваму прызёру Алімпійскіх гульняў Івану Ціхану, майстру спорту міжнароднага класа ў трайным скачку з разбегу Дзмітрыю Валюкевічу – сыну нашага знакамітага земляка чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча. Стужка перарэзана, і пачаўся адлік новай гісторыі стадыёна «Колас».

Чым адзначыўся турнір
Адкрыццё бегавых дарожак супала яшчэ з адной важнай падзеяй у спартыўным жыцці рэгіёна. 23 верасня стартаваў ІІ адкрыты турнір па лёгкай атлетыцы памяці майстра спорту міжнароднага класа, чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча сярод юнакоў і дзяўчат 2007 года нараджэння і маладзейшых. Менавіта юным лёгкаатлетам Брэстчыны пашанцавала першымі паставіць адзнаку якасці абноўленым бегавым дарожкам. І водгукі толькі станоўчыя.
З прывітальным словам да рабят, трэнераў з пажаданнямі паспяховых стартаў, перамог і дасягненняў звярнуліся Мікалай Мароз, Іван Ціхан, Дзмітрый Валюкевіч, благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко. Дзмітрый Валюкевіч уручыў пераходны кубак камандзе Ляхавіцкай СДЮШАР – пераможцы ў камандным заліку І турніру памяці Генадзія Валюкевіча.
Усяго дзясятак хвілін на невялікі перапынак, далей міні-трэніроўка, і стартавала спартыўная частка спаборніцтваў. Удзел у ёй узялі каманды з Ганцавіцкага, Івацэвіцкага, Столінскага, Пінскага, Ляхавіцкага раёнаў, горада Баранавічы, Брэсцкіх цэнтра алімпійскага рэзерву і вучылішча алімпійскага рэзерву.
На працягу двух дзён юныя спартсмены вызначалі мацнейшага ў бегу, спартыўнай хадзьбе, скачках.
Сярод тых, хто падымаўся на п’едэстал гонару, былі і ляхавічане: у нашай скарбонцы па чатыры залатыя і сярэбраныя медалі і пяць бронзавых. Ва ўпартай барацьбе ляхавіцкая спартыўная дружына
другі год запар заняла ганаровае першае месца, такім чынам, пераходны кубак застаўся ў Ляхавічах. Другое месца заваявала Баранавіцкая СДЮШАР, а трэцяе месца – дружына Брэсцкага
цэнтра алімпійскага рэзерву. Як адзначыў галоўны суддзя турніру трэнер-выкладчык Ляхавіцкай СДЮШАР Андрэй Іванюценка, галоўны прыз – добры настрой – дастаўся кожнаму з юных спартсменаў, трэнераў, балельшчыкаў і суддзяў.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Іван ЦІХАН:
– Тое, што ўбачыў у Ляхавічах на стадыёне, надзвычай уразіла і, канешне, з лепшага боку. Цудоўныя дарожкі атрымаліся. У хлопчыкаў і дзяўчынак ёсць усё самае неабходнае трэнеры-прафесіяналы, выдатныя ўмовы для трэніровак, падтрымка раённай улады, клапатлівыя бацькі. Юныя спартсмены Ляхавіцкага раёна маюць унікальную магчымасць паўтарыць поспехі свайго славутага земляка Генадзія Валюкевіча і дасягнуць сусветных вяршынь у спорце. Трэба толькі вельмі старацца, шмат трэніравацца, выконваць рэкамендацыі трэнераў. І рэкорды і перамогі не прымусяць сябе чакаць. Работа з моладдзю вельмі важная і патрэбная. Заняткі спортам павышаюць імунітэт, закладваюць
фундамент здароўя.

Мікалай МАРОЗ:
– Раённая ўлада па магчымасці стараецца падтрымліваць развіццё спорту ў рэгіёне, юныя таленты. Штогод наша СДЮШАР набірае каля 400 дзяцей, якія паспяхова выступаюць на розных турнірах. Каб поспехі былі і далей, трэба паляпшаць спартыўную інфраструктуру. Каб палепшыць умовы для трэніровак юных спартсменаў, стварыць больш камфортныя ўмовы для аматараў здаровага ладу жыцця, патрабуецца рэканструкцыя пэўных аб’ектаў стадыёна. Прапрацавалі розныя варыянты і спыніліся на капітальным рамонце дарожак. Раённы бюджэт прафінансаваў работы.
І вось ўсё атрымалася –
бегавыя дарожкі прымаюць спаборніцтвы. Упэўнены, што ляхавіцкія рабяты, якія маюць прык-лад сваіх знакамітых землякоў-спартсменаў, гучна заявяць пра сябе на спартыўных стартах як у нашым раёне, так і за яго межамі і папоўняць скарбонку спартыўных перамог. Плануем і ў далешым чарговыя спартыўныя абноўкі для Ляхавіччыны, у прыватнасці, рамонт трыбун і, магчыма, футбольнага поля.

Дзмітрый ВАЛЮКЕВІЧ:
– Прыемна, што на Ляхавіччыне помняць і шануюць свайго земляка, майго бацьку – чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча. Ён заўжды з радасцю і асаблівым натхненнем прыязджаў на сваю малую радзіму, дзе на працягу многіх гадоў праходзіў турнір па лёгкай атлетыцы на прызы Валюкевіча. Было вырашана прадоўжыць традыцыю. Па-добраму зайздрошчу тутэйшым рабятам, у Ляхавічах выдатныя ўмовы для развіцця спорту і лёгкай атлетыкі ў прыватнасці.