Пенсія – час для хобі. На Ляхавіччыне пражывае больш за сем тысяч землякоў паважнага ўзросту. У кожнага з іх свая пенсійная гісторыя

На Ляхавіччыне пражывае больш за сем тысяч землякоў паважнага ўзросту. З ліку атрымальнікаў пенсіі па ўзросце 166 жыхарам раёна споўнілася 90 гадоў і больш (па стане на жнівень па інфармацыі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама). У Рачканах жыве стагадовая зямлячка. У кожнага з іх свая пенсійная гісторыя.

Ляхавічанка Ала Чура больш за чвэрць стагоддзя ўзначальвала ў райцэнтры камбінат кааператыўнай прамысловасці – вытворчасць, якая забяспечвала прадукцыяй не толькі свой раён.
Пачынала на хлебазаводзе тэхнолагам, праз паўгода стала начальнікам вытворчасці, пасля была назначана галоўным інжынерам. Нарошчвалі аб’ёмы вытворчасці, пашыралі напрамкі дзейнасці: выпякалі хлеб, выраблялі каўбасы, напіткі рознага смаку і г. д. Мэтанакіраваная, валявая і кампетэнтная, Ала Чура на рабоце літаральна жыла. І, здавалася, не існавала такіх вытворчых сітуацый, з якіх бы яна не змагла знайсці выйсце.
Жыццё нашай зямлячкі нагадвала хуткі цягнік, які калі і рабіў прыпынак, то кароткі. У сем гадзін раніцы імчала на працу, вярталася зацемна. Выхадныя і святы былі вялікай раскошай. Зламаўся кацёл, «вырубіла электрычнасць», выйшла са строю халадзільнае абсталяванне – кожны з 14 цэхаў патрабаваў дырэктарскай увагі.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ гадоў дзесяць працавала ў іншай арганізацыі.
Пераход на пенсію, адзначае Ала Чура, для яе адбыўся неяк незаўважна.
– Закружылі дамашнія клопаты. Люблю займацца садам, агародам, кветкамі. Гэта такое натхненне! Пенсія дала мне тое, што раней не магла сабе дазволіць – вольны час, заняткі па душы, паездкі да родных. І самае галоўнае – магчымасць бачыць, як растуць унукі, праўнук, – прызнаецца Ала Чура.

Лідзія Чаркас больш за тры дзесяцігоддзі працавала аператарам машыннага даення ў ААТ «Жарабковічы» на ферме з аднайменнай назвай. Пад’ём у чатыры-пяць гадзін раніцы, догляд больш
як 60 рагуль і цялят, клопаты па гаспадарцы і г. д. – для адпачынку
месца не было. Сыны вечарам дапамагалі маці на ферме, ды яны і выраслі там, адзначае Лідзія Баляславаўна. Але без працы жанчына не ўяўляла свайго жыцця.
– Пенсіі баялася. Думала, што я там буду рабіць. І вось у 64 гады мой «рабатун» скончыўся, – дзеліцца аграгараджанка.
Тры гады ўжо Лідзія Чаркас на заслужаным адпачынку і адзначае, што зараз сама сабе гаспадыня і займаецца любімымі справамі: вяжа, вышывае, спявае і г. д. Бывае доўга шукае цікавы ўзор, каб звязаць прыгожы світар ці іншую рэч. А колькі ў яе вышываных карцін, з якіх частка яшчэ не аформлена ў рамкі – хопіць на вялікую выставу. Раней у клуб хадзіла толькі па выхадных, а зараз з настроем, незалежна ад абставін, спяшаецца ў жарабковіцкую «Таямніцу», каб рэпеціраваць чарговую песню. З сяброўкай, калі добрае надвор’е, гуляюць вакол возера і кормяць лебедзяў. Паўагарода ў Лідзіі Аляксееўны засаджана цюльпанамі, якія вясной утвараюць рознакаля-
ровы дыван. Водар лілій, якіх у яе сартоў 80, расплываецца навокал доўгім шлейфам.
Залаты ўзрост падарыў жарабковіцкай пенсіянерцы спіс захапленняў і хобі.

Мікалай Вялічка родам з Мініч і ў свой час працаваў кінамеханікам. На пенсію выйшаў разам з жонкай, якая загадвала поштай. Склаўшы рукі не селі, трымалі гаспадарку, выходзіў у паляводчую брыгаду, рабіў качагарам і г. д.
Так здарылася, што на старасці застаўся адзін, і зараз 79-гадовы
вясковец жыве ў Ганчароўскім доме  сумеснага пражывання пажылых людзей і інвалідаў.

– Мы тут як адна сям’я, нягледзячы на тое, што адзін аднаму чужыя людзі. Мы не адзін на адзін са сваімі цяжкасцямі. Сацыяльныя работнікі смачна гатуюць, даглядаюць нас, быццам родных, – падкрэслівае Мікалай Іванавіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.