Карціна… смеццем. Чаму панядзелак у сацсетках раённай газеты пачаўся не самым прыгожым сюжэтам

Панядзелак у сацсетках раённай газеты пачаўся не самым прыгожым сюжэтам. Фотаздымкі перапоўненых кантэйнерных пляцовак, зробленыя ў розных месцах райцэнтра, непрадузята сведчылі: тэма навядзення парадку ў выхадныя і адразу пасля іх стаяла надзвычай востра.

Так, на працягу дня камунальнікі сітуацыю выправілі – горы смецця вывезлі. Але пытанні засталіся. Прычым, не толькі да тых, хто па службовых абавязках павінен утрымліваць горад, у тым ліку кантэйнерныя пляцоўкі, у чысціні і парадку.
На колькі хопіць парадку, наведзенага сіламі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», залежыць, у першую чаргу, ад нас, нашых суседзяў, усіх гараджан. Калі кантэйнер прызначаны для паасобнага збору другаснай сыравіны (шкла, паперы ці пластыку), – там няма месца для бытавога смецця! І не трэба шукаць сабе апраўданні, маўляў, іншыя так робяць.
У сацсетках землякі падымалі пытанне пра ўстаноўку ў дварах шматкватэрнікаў кантэйнераў для збору бытавога смецця. Як патлумачылі ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, раней такое сапраўды практыкавалася. І выклікала пастаянныя скаргі з боку жыльцоў на антысанітарыю: каму спадабаецца, што ў яго пад вокнамі, ля пад’езда ці стаянкі сметнік. Так што пытанне даволі спрэчнае.
Тым больш, у райцэнтры наладжаны збор смецця смеццявозамі па графіку са шматкватэрных дамоў і прыватнага сектара, адзначылі ў аддзеле. З графікам, дарэчы, можна азнаёміцца на сайце камунгаса.
Адназначна, пытанне своечасовасці вывазу адходаў камунальнай службай з парадку дня не здымаецца. І такая сітуацыя, якую мы назіралі на кантэйнерных пляцоўках, не павінна мець месца!
Але кожнаму з нас трэба зразумець: пакуль мы бу-дзем дзейнічаць (у тым ліку абыходзіцца са смеццем) зыходзячы выключна з пазіцый уласнай зручнасці, без уліку агульных інтарэсаў, чысцей вакол нас не стане.
Святлана БЕЛЬМАЧ.