Наша студэнтка-выдатніца. Ляхавічанка заваявала званнне «студэнтка года»

Заўсёды прыемна расказваць пра землякоў, якія дасягаюць высокіх вынікаў, перамагаюць у конкурсах, становяцца лепшымі сярод многіх.

Ляхавічанка Таццяна Маслоўская – чацвёртакурсніца Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны – ужо была героем публікацыі «ЛВ», калі дзялілася з чытачамі раёнкі ўражаннямі ад удзелу ў Рэспубліканскім навагоднім балі. Атрымаць запрашэнне туды магчыма пры значных дасягненнях у вучобе і творчасці, грамадскім жыцці, спорце і г. д.
А нядаўна Таццяна ў акадэміі стала «студэнтам года» ў намінацыі «выдатнік года». Ганаровага звання яна заслужыла паспяховай вучобай: з першага курса ў яе па прадметах выключна дзявяткі і дзясяткі. Дарэчы, летась была ўдастоена звання «стараста года».
А яшчэ Таццяна актыўна займаецца навукова-даследчай дзейнасцю і піша навуковыя артыкулы. На міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў і магістрантаў «Студэнты – навуцы і практыцы АПК» Таццяна заваявала дыплом I ступені за даследаванне «Рэнтгенадыягностыка дысплазіі тазасцегнавога сустава ў сабак». Выступленне з дакладам на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Сучасныя праблемы радыялогіі» таксама прынясло дыплом I ступені.
– Лічу, калі выбраў прафесію, павінен цалкам аддавацца ёй. Мне вельмі падабаецца тое, чым займаюся. Таму вучоба не выклікае цяжкасцяў. З інтарэсам даследую спадчынныя хваробы сабак, каб загадзя папярэдзіць і выявіць праблему. Жывёла не скажа, што ёй баліць. Ветурачу прыносяць хворага гадаванца, і трэба візуальна вызначыць, што з ім не так. А пасля разам з гаспадарамі радавацца выздараўленню жывёлы, – адзначае Таццяна.


Адказная і нераўнадушная, яна не можа дазволіць сабе пайсці на заняткі ці экзамен не падрыхтаванай. Каб быць у тэме, атрымала і сертыфікат сабакавода-кінолага. Калі была на практыцы ў «Жарабковічах», ёй спадабалася працаваць і з авечкамі. Пасля заканчэння акадэміі, адзначае, з радасцю вярнулася б на малую радзіму ў адну з гаспадарак раёна.
– Дзяржава аграрнай галіне надае асаблівую ўвагу. Таму працаваць у АПК сёння, лічу, даволі перспектыўна, – адзначае студэнтка года Віцебскай ветакадэміі Таццяна Маслоўская.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.