«Брава, культура Ляхавіччыны!». Работнікі культуры раёна прымалі віншаванні з прафесійным святам

Як жа многа стаіць за простым словам культура! Ад сувязі пакаленняў, нашага сённяшняга жыцця да палётаў фантазіі ў будучыню. Усё гэта падуладна ім – работнікам культурнай сферы. Напярэдадні прафесійнага свята творчы асяродак Ляхавіччыны, а непасрэдна тыя, хто стварае, курыруе, зберагае, прымнажае нашу культурную спадчыну, віншавалі і прымалі ў свой адрас цёплыя словы са святочнай нагоды.

На гэты раз у культработнікаў настрой быў яшчэ больш узнёслы – свята для тых, хто стварае яго сам. Захаплялі і збіралі вакол сябе шматлікія выставы-фотазоны, што размясціліся ў фае гарадскога Дома культуры.
А пасля, лічы, свята для саміх сябе ладзілі нашы самадзейныя калектывы, артысты, людзі, якія адказваюць за тое, каб любое мерапрыемства прайшло на «ўра». Шчырымі словамі адарыў у гэты дзень усіх тых, хто звязаў сваю жыццёвую місію са служэннем культуры, віншаваў старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч. Ён адзначыў выключную ролю культработнікаў ва ўсе часы. І сёння яны ашчадна зберагаюць тое, што атрымалі ў спадчыну, ствараюць настрой, гуртуюць вакол сябе і, у пэўным сэнсе, выхоўваюць свайго гледача. Сардэчна і пранікнёна павіншавала калег начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач.
Граматы і падзячныя пісьмы ў гэты дзень атрымалі лепшыя з лепшых, пад гучныя апладысменты ўзнімаліся на сцэну і прымалі віншаванні.


А што гаварыць пра канцэрт – «Брава, культура Ляхавіччыны!». Тут атрымаўся супермікс – песенны, інструментальны, танцавальны, тэатральны, гумарыстычны. Віншавалі розныя падраздзяленні культурнай сферы раёна: і метадычны цэнтр устаноў культуры, і бібліятэчная сістэма, і самадзейныя калектывы раёна, дзіцячая школа мастацтваў, гарадскі Дом культуры, кінатэатр…
У кожным нумары – свая рызынка творчасці, свой цікавы падтэкст, што аб’ядноўвае толькі сваіх – культурных. Салют ідэй, творчасці, натхнення, хваля цудоўнага і незвычайнага – са святам культработнікі! Вы і артысты, і сцэнарысты, часам псіхолагі, гісторыкі і сябры, але, самае галоўнае, вы лепшыя!
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

З УЗНАГАРОДАЙ!

За высокае прафесійнае майстэрства, добрасумленную працу, вялікі асабісты ўклад у захаванне і развіццё культуры раёна і ў сувязі з прафесійным святам – Днём работнікаў культуры – адзначаны шэраг землякоў.
Падзячным пісьмом раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны бібліятэкар Падлескай сельскай бібліятэкі Ларыса ГЛЕБ;
бібліятэкар Ураджайнінскай сельскай бібліятэкі Таццяна ЗЕЛЯНКО.
Падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў – акампаніятар Ляхавіцкага гарадскога Дома культуры Андрэй ПРАНЧАК.