Цэнавы кантроль узмацняецца. У Ляхавіцкім раёне прафсаюз маніторыць цэны
Зараз ва ўсіх на слыху Дырэктыва № 10 «Пра недапушчальнасць росту цэн», якую Прэзідэнт Беларусі падпісаў па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў нашай краіне. Дакумент прыняты з мэтай неадкладнага і жорсткага рэагавання на сітуацыю, якая склалася на спажывецкім рынку. Адпаведна пастановай Урада ў Беларусі ўведзены мараторый на павышэнне цэн, тарыфаў на ўнутраным рынку.
Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, галоўнае не забарона на рост цэн, а выпрацоўка сістэмы кантролю над цэнаўтварэннем.
Адразу пасля нарады з эканамічным блокам Урада прадстаўнікі дэпутацкага корпуса розных узроўняў, прафсаюзаў, Камітэта дзяржкантролю, пракуратуры пачалі праводзіць кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы, маніторынгі для выканання даручэння Прэзідэнта аб забароне росту цэн. Літаральна за некалькі дзён было ўзбуджана больш за дзясятак крымінальных спраў па фактах завышэння цэн.
Маніторынгі і іншыя кантралюючыя мерапрыемствы праходзяць і ў Ляхавіцкім раёне, прычым на прадпрыемствах рознічнага гандлю, у гандлёвых сетках, прадпрыемствах па аказанні паслуг.
– Прафсаюзы па-ранейшаму стаяць на абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рост цэн, інфляцыя – адно з асноўных пытанняў, якія на сучасным этапе хвалююць беларусаў. Прафсаюзы не першы год манітораць цэны. Цяпер гэта работа яшчэ больш узмоцнена. За апошнія сем дзён прадстаўнікі раённага аб’яднання прафсаюзаў, аддзела эканомікі райвыканкама, пракуратуры праманіторылі некалькі дзясяткаў аб’ектаў Ляхавіцкага раёна. Можна сказаць, што прадпрыемствы і арганізацыі раёна, прыватнікі адэкватна адрэагавалі на патрабаванне недапушчэння павышэння цэн. На даны момант парушэнняў не выяўлена. Неабходна як мінімум двойчы прыйсці ў адзін і той жа гандлёвы аб’ект, каб убачыць, па якой з прапаноўваемых у гандлі ці аказанні паслуг пазіцыі ёсць змяненні ў бок павелічэння цэн, – адзначае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк.
Па словах прафсаюзнага лідара Ляхавіччыны, кантралюючыя мерапрыемствы прадоўжацца па розных таварных пазіцыях. Дарэчы, падчас такога кшталту праверачных мерапрыемстваў фарміруюцца прапановы па стабілізацыі цэнавай сітуацыі, мінімізацыі росту цэн і інфляцыі.
Галіна КАНЬКО.