Дэпутацкі маніторынг паказаў. На мінулым тыдні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Людміла Жалнерчык і Аляксандр Сангін працавалі ў Карэліцкім і Ляхавіцкім раёнах

Мараторый на павышэнне цэн – бадай адно з самых абмяркоўваемых пытанняў у беларускім грамадстве на сёння. Дырэктывай Прэзідэнта Беларусі № 10 ад 6 кастрычніка гэтага года ўведзена забарона на павышэнне цэн і дадзена даручэнне па напаўненні ўнутранага рынку таварамі і паслугамі. Кантроль ускладзены на прафсаюзы, органы пракуратуры і Камітэт дзяржкантролю, дэпутатаў розных узроўняў.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка заявіў, што дэпутацкі маніторынг цэн у рэгіёнах павінен набыць больш мэтанакіраваны і сістэмны характар, важна, каб беларусы пастаянна адчувалі і бачылі канкрэтныя вынікі работы дэпутацкага корпуса ў гэтым накірунку. Таму ўсе прадстаўнікі як заканадаўчай, так і выканаўчай улады, уключаючы дэпутатаў рознага ўзроўню, павінны заняць самую прынцыповую пазіцыю. Таксама адзначана, што асаблівую ўвагу патрэбна звярнуць на спажыўкааперацыю. У прыватнасці, акцэнт зрабіць на забяспечанасць рознымі відамі плодаагародніннай прадукцыі, умовы для яе захоўвання, стан агароднінасховішчаў, лагістыку паставак, закупку ў насельніцтва лішкаў прадукцыі, цэнавую палітыку і рэалізацыю ў магазінах.
Выконваючы даручэнне, парламентарыі раз’ехаліся па акругах, каб пракантраляваць стан спраў па азначаных пытаннях.
На мінулым тыдні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Людміла Жалнерчык і Аляксандр Сангін працавалі ў Карэліцкім і Ляхавіцкім раёнах.
– Асноўная мэта Дырэктывы № 10 – устанаўленне эфектыўнай сістэмы кантролю цэн, накіраваную на зніжэнне інфляцыі, задавальненне пакупніцкага попыту і самае галоўнае – абарона інтарэсаў нашых грамадзян. Важна, каб у неабходнай колькасці былі нарыхтаваны і закладзены на доўгатэрміновае захоўванне пры належных умовах самыя запатрабаваныя ў насельніцтва агародніна і садавіна. Як гэта адбываецца на практыцы, праманіторылі ў Ляхавіцкім раёне на прыкладзе фермерскай гаспадаркі «Уладзімір плюс» і раённага спажывецкага таварыства,– расказвае Людміла Жалнерчык.
Садавінасховішча «Уладзімір плюс», разлічанае на адначасовае захоўванне 2,5 тысячы тон садавіны, станоўча ўразіла парламентарыяў. Адпаведнасць усім патрабаванням захоўвання, камфортная тэмпература, аўтаматызаваны працэс сартавання і ўпакоўкі яблыкаў – наладжаны механізм работы. Таксама тут выпускаюць розныя віды ўпакоўкі для транспарціроўкі дароў саду. Яшчэ адзін важны і вызначальны фактар паспяховасці фермерскай гаспадаркі – усе яблыкі з уласнага саду (плошчы раскінуліся на 100 гектарах), правераныя часам лагістыка і наладжаныя рынкі збыту прадукцыі. Як адзначыў кіраўнік Уладзімір Радзюк, фермерская гаспадарка, прадукцыя якой апошнім часам ідзе пад гандлёвай маркай «Южанава», актыўна і плённа супрацоўнічае з буйнымі гандлёвымі сеткамі «Гіпа», «Карона», «Грын» па ўсёй краіне, а таксама ажыццяўляе пастаўкі ў райпо, бюджэтныя арганізацыі вобласці, частка садавіны ідзе на экспарт. Дарэчы, як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран, пастаўкі за межы краіны цяпер будуць залежаць у многім ад прапаноўваемых экспартных цэн.
– Тое, што ўбачылі ў сховішчы «Уладзімір плюс», пацвярджае вядомае: калі чалавек жадае працаваць, прыкладае для гэтага шмат намаганняў, у яго абавязкова ўсё атрымаецца. Тым больш, што дзяржава падтрымлівае такую ініцыятыву, і ў нашай краіне надаецца значная ўвага развіццю фермерскіх і падсобных гаспадарак. Таксама на прыкладзе «Уладзімір плюс» можна ўпэўніцца, наколькі паспяховым аказаўся ланцужок: вытворца – пастаўшчык – гандлёвая сетка. Канчатковая цана тавару залежыць у многім ад той пазіцыі, якую ўстанаўліваюць і вытворца, і пастаўшчык, – гаворыць Аляксандр Сангін.
Наступны аб’ект, што праманіторылі дэпутаты, – садавінна-агародніннае сховішча Ляхавіцкага райпо.

ПРАЦЯГ ЧЫТАЙЦЕ Ў  «ЛЯХАВІЦКІМ ВЕСНІКУ за 19 кастрычніка.