Тата можа ўсё! У гэтым перакананы дзеці ляхавічаніна Паўла Дземідовіча
Хто ў доме галоўны?
Тата можа ўсё! У гэтым перакананы дзеці ляхавічаніна Паўла Дземідовіча – Максім і Вікторыя. Бацька і ўрокі дапаможа зрабіць, і казку на ноч пачытае, і вялікага робата зробіць, і падкажа, як памірыцца з сябрам. А яшчэ ён самы дужы, справядлівы і мужны.
Жонка Анастасія дапаўняе, што іх тата – на ўсе рукі майстар. І плітку пакладзе, і фундамент зал’е, і сцены пафарбуе-патынкуе, і кран паправіць.
Рамонт у доме – заслуга галавы сям’і. Сад пасадзіў, альтанку ў двары ўзвёў, у гаражы і лазні ўсё зрабіў па гусце і патрэбах сваіх родных.
Пытанне, хто ў сям’і галоўны, у Дземідовічаў не актуальнае.
Тут усе галоўныя – усе незаменныя, любімыя і дарагія. Сям’я для Паўла – і сэнс жыцця, і хобі, і работа.
Рамантуе машыну – тут як тут сямігадовы сын Максім. Падае бацьку ключ, нават дае парады. А той да іх адносіцца вельмі ўважліва – каб дзіця ведала, што яго цэняць і моцна любяць. А калі Максім на каратэ засвойвае новы прыём, то першым суддзёй абавязкова становіцца бацька.
Бацькава любіміца і пяцігадовая Вікторыя. Яна ведае, што з просьбамі варта звяртацца да татачкі – той ніколі не адмовіць. І ноччу кліча бацьку, каб «разабраўся» са страшным сном.
Разам ім цікава і ўтульна. Любяць сумесныя паездкі і прагулкі, нават паважаюць дамашні кінасеанс.
– З Насцяй мы не дзелім абавязкі. Проста яна цудоўная гаспадыня і мама, а я стараюся рабіць усю мужчынскую работу так, каб было зручна маім дамашнім, – дзеліцца Павел.