Першакласны прыклад. Ляхавіцкая моладзь далучылася да цёплага марафону па колцы дроў, распачатага Прэзідэнтам Беларусі
Вось гэта чэлендж сапраўднай дабрыні з лёгкім пасылам па ўсёй краіне запусціў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка!
І гэта не проста гульня на камеру, а рэальная дапамога тым, каму яна вельмі патрэбна. Не магла абысці гэты чэлендж па колцы дроў #дроваотПервого і ляхавіцкая моладзь. Актывісты БРСМ з радасцю перанялі эстафету цеплыні ад Першага.
Прыемна, што галоўнымі героямі марафону сталі тыя, каму цеплыня і клопат вельмі неабходны, – жыльцы дома сумеснага пражывання пажылых грамадзян і інвалідаў ў вёсцы Ганчары.
Першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч адзначае, часам для добрай справы патрэбна шчырае натхненне:
– Мы яго атрымалі ад Першага і далучыліся да цёплага чэленджа. Актывісты БРСМ з Ляхавіцкага аграрнага каледжа «ўзброіліся» неабходнымі прыладамі – сякерамі – і прывезлі, накалолі і складзіравалі дровы на зіму. Такі запас, ды яшчэ і з такім чыстым настроем, – гарант, што зіма будзе па-сапраўднаму цёплай і па-дамашняму ўтульнай.
Сёння ў Ганчароўскім доме такога тыпу пражывае 14 чалавек пенсійнага ўзросту. Таму дапамога вельмі дарэчы.
Самым актыўным чынам далучыўся да марафону і старшыня Ганчароўскага сельскага выканаўчага камітэта Уладзімір Плескацэвіч. Ён адзначыў, па гэтым адрасе заўсёды дапамога патрэбна – гэта вялікі дом, які стараюцца зрабіць утульным. Калі справа патрэбная і неабходная, хутка распаўсюджваецца і знаходзіць неабыякавыя сэрцы.
Прыемна, што і нашы Ганчары сталі кропкай такога чэленджа.
Асобныя словы падзякі тым, хто прадаставіў дровы: Ляхавіцкаму лясгасу і індывідуальнаму прадпрымальніку Раману Герусу.
Тысячы публікацый з хэштэгам #дроваотПервого разляцеліся па Беларусі, а разам з імі і цяпло, і дабрыня, і навамоднае слова «чэлендж» сёння для многіх набыло важкі сэнс. Таму далучайцеся
да марафону!
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота з архіва райкама БРСМ.