Заўжды на перадавой. У Беларусі 17 лістапада адзначаецца Дзень участковага інспектара міліцыі. У Ляхавіцкім РАУС нясуць службу дзесяць участковых інспектараў міліцыі

Гісторыя гэтага прафесійнага свята бярэ пачатак з 1923 года. Заўжды на перадавой! Менавіта так можна сказаць пра ўчастковых інспектараў, незалежна ад таго, нясуць яны службу ў сталіцы ці вёсцы. Участковага часта называюць універсальным супрацоўнікам міліцыі. У выпадку неабходнасці ён і за следчага, і за настаўніка, і за псіхолага, і за юрыста. Заўсёды побач з людзьмі і, без перабольшання, з’яўляецца для іх «тварам» праваахоўных органаў. У Ляхавіцкім РАУС нясуць службу дзесяць участковых інспектараў міліцыі.

– Ахова грамадскага правапарадку, прафілактыка правапарушэнняў і сямейнай неўладкаванасці, выяўленне і спыненне злачынстваў і правапарушэнняў, пастаянны кантроль за тымі, хто стаіць на разнастайных уліках у РАУС ці раней меў праблемы з законам, разгляд паступіўшых ад жыхароў участка заяў, выезд на месца канфліктаў, апытанне сведкаў, узаемадзеянне з іншымі службамі – і гэта толькі частка штодзённых клопатаў участковых, – расказвае начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук.
Дарэчы, сённяшні кіраўнік службы ўчастковых Ляхавіцкага РАУС таксама шэсць гадоў працаваў участковым, таму ведае службу ад «а» да «я», стараецца заўжды падтрымаць сваіх падначаленых, дапамагчы ім канкрэтнымі справамі, слушнымі парадамі. Адзначае, што кожны з яго калег стараецца, у першую чаргу, праводзіць дзейсную прафілактычную работу сярод насельніцтва на замацаваных адміністрацыйных адзінках, а таксама быць у курсе падзей, што адбываюцца на ўчастку, наладзіць цесныя кантакты з тутэйшымі жыхарамі.
Участковыя інспектары РАУС – гэта і міліцыянеры са стажам, і тыя, хто толькі пачынае адаптацыю ў прафесіі. Самы вопытны –
старшы ўчастковы інспектар Анатолій Зялёнка, які абслугоўвае Конькаўскі сельсавет. А вось лейтэнант міліцыі Максім Бурчыц робіць першыя крокі ў самастойнай службовай дзейнасці ў якасці ўчастковага інспектара. Нягледзячы на адносна невялікі стаж работы ў міліцыі – чатыры гады – участковы інспектар капітан міліцыі Аляксандр Хоміч, па словах Сяргея Хмарука, можа служыць прыкладам адданасці нялёгкай міліцэйскай справе.
Тэрыторыя адказнасці Аляксандра Хоміча даволі сур’ёзная – Жарабковіцкі і Начаўскі сельсаветы, дзе пражывае каля чатырох тысяч чалавек.
– Напэўна, галоўнае ў нашай службе – знайсці падыход да чалавека. Людзі сустракаюцца розныя, і лёсы ў іх розныя. Участковы павінен выслухаць, нават калі размова складваецца не так пазітыўна, як хацелася б. Іншы раз падтрымка ці падказка могуць дапамагчы чалавеку ў цяжкую для яго хвіліну. Акрамя таго, участковы павінен усюды паспець. Сямейны скандал ці крадзеж, сварка ці крадзеж аўтамабіля – неабходна абавязкова зрэагаваць на сітуацыю, прыняць меры. Часта даводзіцца наведваць сем’і, якія стаяць на міліцэйскім уліку, – неўладкаваныя, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, ці там, дзе злоўжываюць алкаголем, – расказвае Аляксандр Хоміч.
Службу ў Ляхавіцкім РАУС выпускнік Акадэміі МУС Аляксандр Хоміч пачаў у 2018 годзе з аддзялення крымінальнага вышуку. Ён заўжды з пашанай і павагай  гаворыць пра службу ў гэтым падраздзяленні, удзячны ўсяму яго калектыву і асабіста свайму настаўніку Міхаілу Сцепанькову (цяпер ён таксама калега-ўчастковы па Крывошынскім сельсавеце) за выдатную практыку, слушныя парады і ўвагу да маладога спецыяліста.
Аляксандр лічыць, яму шанцуе на міліцэйскае настаўніцтва. Так, шмат чаму ён вучыўся ў свайго папярэдніка, сённяшняга непасрэднага кіраўніка Сяргея Хмарука. Увогуле, як сцвярджае малады ўчастковы, у РАУС наладжана вельмі цеснае ўзаемадзеянне паміж рознымі службамі – так і павінна быць у дружным калектыве прафесіяналаў.
Нават цяжка падлічыць, колькі кіламетраў аб’ехаў-абышоў Аляксандр Хоміч за два гады работы ўчастковым. Цяпер ён літаральна ведае амаль кожнага жыхара двух сельсаветаў.

ПРАЦЯГ У «ЛВ» за 16 лістапада

Галіна КАНЬКО. Фота аўтара.