ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Стабільна. Запатрабавана. Смачна. Працоўнымі поспехамі сустракаюць прафесійнае свята завадчане
Прадукцыя ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» (а гэта больш за сотню найменняў агароднінных, фруктовых і таматных кансерваў) – якасная, запатрабаваная, натуральная, смачная, канкурэнтаздольная і, што немалаважна, прымальная па кошце.
Не прымушаюць сябе чакаць і разнастайныя ўзнагароды-прызнанні. Вось толькі асноўныя дасягненні-2022. У вытворчай скарбонцы завадчан – чарговы каштоўны прыз – крыштальны яблык за перамогу ў 15-м рэспубліканскім конкурсе на лепшую кансерваваную прадукцыю, што выпускаецца ў Беларусі. Чарговы трыумф ляхавіцкім майстрам прынесла навінка – «агуркі кансерваваныя для дзіцячага харчавання для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту».
Рэклама – рухавік прагрэсу. Заводская прадукцыя паспяхова «засвяцілася» ў Мінску, дакладней, у гандлёвым цэнтры
«Сталіца» побач з самымі разнастайнымі прадуктамі харчавання пад брэндам «Любімы Брэст», прадстаўленым канцэрнам «Брэстмясамалпрам».
Смаката! Такая рэакцыя была на плодаагароднінныя кансервы з ляхавіцкім адрасам падчас дэгустацыі на 32-й Міжнарод-
най спецыялізаванай выставе «Белагра-2022», на спартыўна-масавым мерапрыемстве «Вытокі. Крок да Алімпу» ў Століне. І зусім свежы прыклад – удзел у 28-й Міжнароднай спецыялізаванай выставе-кірмашы «ПрадЭкспа-2022».
Як не ўзгадаць перамогі рэспубліканскага ўзроўню – у конкурсах «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь», «Прадукт года», «Народная марка», «Лідар спажывецкага рынку» і іншых.
Але галоўная ўзнагарода была і застаецца – падзяка ад пакупнікоў і спажыўцоў, якая выражаецца ў тым, што заводскі тавар раскупляецца і разыходзіцца даволі хутка.
– Разумеем, наколькі важна на сучасным этапе, пры такой жорсткай канкурэнцыі не толькі ўтрымацца на плаву, але і паляпшаць вытворчыя паказчыкі, не забываць пра якасць, а таксама пра мадэрнізацыю. Імкнёмся разнастаіць нашу лінейку кансерваў новымі відамі, пашыраем і інавацыйную прадукцыю, асаблівая ўвага і на ўпакоўку. Распрацоўваем рынкі збыту, у тым ліку і экспартны варыянт, – адзначае дырэктар кансервавага завода Аляксандр Вашчук.
Адзін са складнікаў папулярнага прадукту – якасная сыравіна. Заводскія фаварыты – садавіна і агародніна, якія адпраўляюцца на перапрацоўку, мяняюцца згодна з сезонам. Спачатку саліруе бярозавы сок, потым шчаўе, якое саступае месца кабачкам, а там і агуркі, яблыкі, капуста, морква, і так да наступнага ўраджаю. Не сакрэт, што адна з прычын паспяховасці тутэйшай прадукцыі – тое, што істотная частка сыравіны (75 працэнтаў) вырошчваецца ва ўласнай падсобнай гаспадарцы. Астатняе закупляецца ў фермерскіх гаспадарках і сельгаспрадпрыемствах, праз райспажыўкааперацыю, у гаспадароў-прыватнікаў. Усяго нарыхтавана такім чынам 1936 тон агародніны, 574 тоны садавіны і ягад, 12,4 тоны грыбоў.
Пацвярджэнне паспяховасці завода, а значыць, паляпшэння дабрабыту тутэйшых працаўнікоў – эканамічны складнік. Лепш любых слоў – мова лічбаў. Аб’ём выпушчанай прадукцыі за дзевяць месяцаў выкананы на 156,2 працэнта, з канвеера за гэты перыяд сышло 15892 тоны ўмоўных слоікаў, што на 1346 больш, чым за аналагічны леташні перыяд. Тэмп росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг склаў 132,9 працэнта. Таксама за студзень – верасень гэтага года забяспечаны збалансаваныя суадносіны тэмпаў росту прадукцыйнасці працы работнікаў, зыходзячы з выручкі ад рэалізацыі прадукцыі і сярэднямесячнай заработнай платы (яна таксама пастаянна плюсуе). Больш чым у два разы вырасла і рэнтабельнасць продажу прадукцыі. Асаблівая ўвага – экспарту. Сёлета за дзевяць месяцаў у Расійскую Федэрацыю (асноўны імпарцёр прадукцыі Ляхавіцкага кансервавага завода) адпраўлена 540 тон агароднінных кансерваў і павідла яблычнага, тэмп росту экспарту склаў 212 працэнтаў.
Пра тое, што завод развіваецца ў належным накірунку, адназначна сведчыць наступны факт – ствараюцца новыя працоўныя месцы. А працаваць на Ляхавіцкім кансервавым заводзе прэстыжна. Дарэчы, прадпрыемства па выніках мінулага года занесена на раённую Галерэю славы, а яго кіраўнік Аляксандр Вашчук удастоены ганаровага звання «Чалавек года».
Галіна КАНьКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.