Працаўнік СВК «Ляхавіцкі» Іван Патаповіч атрымаў з рук Прэзідэнта дзяржаўную ўзнагароду – ордэн Працоўнай Славы

Іван ПАТАПОВІЧ, аператар па штучным асемяненні жывёл СВК «Ляхавіцкі»:
– Шчыра скажу, нават неяк няёмка: я просты працаўнік, а столькі ўвагі! Запрасілі ў Палац Незалежнасці. Мяне віншаваў сам Прэзідэнт, паціснуў руку, прычапіў на мой пінжак ордэн Працоўнай
Славы… Усё гэта вельмі хвалююча і ўрачыста. Столькі ўражанняў і столькі віншаванняў ад знаёмых і
незнаёмых людзей!
А я, здаецца, нічога надзвычайнага і не зрабіў. Працую, як вучылі: настаўнікі ў тады яшчэ Ляхавіцкім сельгастэхнікуме, бацька, які таксама быў тэхнікам-асемянатарам.
У «Ляхавіцкім» без малога 25 гадоў. Лічу – пашанцавала! Тут сабраны цудоўны калектыў. На агульны поспех у жывёлагадоўлі працуюць усе і ўсё: трывалая і якасная кармавая база, спецыялісты ветэрынарнай і заатэхнічнай службы, работнікі фермаў, спрыяльная атмасфера ў калектыве, наша кіраўніцтва. Так што атрымліваецца, ордэн гэты – агульная заслуга. Хаця, канешне, вельмі прыемна.

Дарэчы, Іван Патаповіч сціпла прамаўчаў пра тое, што дзяржаўная ўзнагарода ў яго ўжо другая – у 2013 годзе ён быў адзначаны медалём
«За працоўныя заслугі». А яшчэ двойчы ўваходзіў у лік пераможцаў рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства. На яго рахунку – перамогі ў абласных і раённых конкурсах. І, адназначна, не без яго непасрэднага ўдзелу ў «Ляхавіцкім» на высокім узроўні наладжана работа па аднаўленні статка.
І менавіта адсюль пачынаюцца малочныя рэкорды гаспадаркі. З такіх простых работнікаў – адказных, нераўнадушных, для якіх агульная справа – вельмі асабістая.