У пракаце – «Кастрычнік». Што хутка з’явіцца ў кінатэатры «Кастрычнік» ?

На мінулым тыдні наш кінатэатр «Кастрычнік» стаў кропкай, дзе прайшло пасяджэнне абласной рэпертуарнай камісіі. Камісія засяродзіла ўвагу на абмеркаванні рэлізаў, вынікаў работы
з арганізаванымі гледачамі падчас восеньскага канікулярнага перыяду. Не менш важнае пытанне –арганізацыя кінапаказаў у рамках XXVII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

У сваім выступленні дырэктар кінатэатра «Кастрычнік» Дар’я Марозава спынілася на момантах, якія спрыяюць ці ў будучым могуць палепшыць работу ўстановы.
– Самымі важнымі гадамі для кінатэатра былі 2012-2013, калі быў зроблены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй, усталявана апаратура, якая дазваляе дэманстраваць фільмы ў фармаце 3D.
У рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016–2020 гады кінатэатр набыў новы лічбавы кінапраектар, лічбавы гукавы працэсар і кінаэкран, што дазволіла атрымаць больш якасную карцінку, – адзначыла Дар’я Марозава.


Таксама дырэктар «Кастрычніка» расказала, што хутка ляхавічан чакае прыемны сюрпрыз. У снежні плануецца адкрыць малую залу, гэта дазволіць разнастаіць вольны час нашых жыхароў і гасцей горада і раёна. З’явіцца магчымасць правесці час з сябрамі, сям’ёй за праглядам любімых фільмаў і навінак сусветнага кінематографа, адсвяткаваць дзень нараджэння, правесці тэматычную вечарынку, пагуляць у настольныя гульні і шмат іншага.
У малой кіназале з’явяцца столік, пуфікі, крэслы-мяшкі, настольныя гульні, настольны футбол, аэрахакей і іншае. На гэтыя мэты з раённага бюджэту выдаткавана 3400 рублёў.
Таксама да нядаўняга часу былі пытанні і да рэжыму работы кінатэатра. Сёння паглядзець кіно можна ў любы дзень: і ў будні (з 8.00 да 22.00),і ў выхадныя (з 11.00 да 22.00).
Начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Сяргей Панасюк адзначыў, што пазітыўныя зрухі ў рабоце кінатэатра відавочныя, аднак ёсць рэзервы для яшчэ большага ўдасканалення.
Сёння зала кінатэатра знаходзіцца ў добрым стане. Выдатныя гукаізаляцыя і акустыка. Трэба шукаць розныя падыходы для таго, каб сюды спяшалася моладзь, а сем’і выбіралі «Кастрычнік» для сумеснага адпачынку. Тут павінна быць камфортна і ўтульна, – падкрэсліў гендырэктар «Брэстаблкінавідэапраката» Дзмітрый Сялюк.

Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.