Куды пайсці працаваць? «ЛВ» прааналізаваў рынак працы ў Ляхавіцкім раёне

Бягучыя радкі на тэлебачанні, аб’явы ў інтэрнэт-прасторы, кірмашы і банкі вакансій, запрашэнні, размешчаныя на дошках аб’яў і на пад’ездах дамоў, падказкі знаёмых – шляхоў атрымання прапаноў працаўладкавацца цяпер шмат. І гэта зручна для тых, хто шукае работу, і тых, хто яе прапануе.

Калі зазірнуць у вакансіі банка даных упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, можна ўбачыць даволі шырокі пералік месцаў работы, прафесій, пасад… Усяго, па стане на  3 снежня, 256 вакансій.
Калі гаварыць пра самыя распаўсюджаныя вакансіі, то, напэўна, усё ж
у лідарах – медыцынскія спецыяльнасці. Толькі ўрачоў у Ляхавіцкую ЦРБ патрабуецца больш за дзясятак. Запатрабаваны ў наймальніка спецыяльнасці тэрапеўта, афтальмолага, неўролага, акушэра-гінеколага, траўматолага, дэрматавенеролага і іншыя. Рады будуць бачыць ва ўстановах аховы здароўя раёна і медыцынскіх сясцёр, лабарантаў, фельчараў, санітарак.
Больш за дзясятак  месцаў працы прапаноўвае і Брэсцкая абласная псіхіятрычная бальніца «Крывошын». Тут патрабуюцца ўрач-псіхатэрапеўт, псіхіятр-нарколаг, медыцынскія сёстры, санітаркі, фельчары, лабаранты, а таксама бухгалтар, эканаміст, юрысконсульт. Патэнцыяльнай медыцынскай сястры, якая будзе працаваць пазменна (змена доўжыцца 12 гадзін) прапаноўваюць зарплату 870 рублёў, аднак праблему, як дабірацца да месца работы, іншагародні работнік павінен вырашаць самастойна. Хаця, як адзначылі ў бальніцы, некаторыя спецыялісты прыязджаюць і з Ляхавічаў, і з Баранавічаў, і з іншых населеных пунктаў.
Творчых землякоў  можа зацікавіць разнапланавая работа ва ўстановах культуры Ляхавіччыны. Так, ГДК гатова прыняць у свой штат хормайстра. Патрабаванні простыя – сярэдняя спецыяльная адукацыя, а прапаноўваемая зарплата – 484 рублі. Таксама ГДК патрабуюцца акампаніятары, загадчык пастановачнай часткі народнага тэатральнага калектыву «Дом  Дыягена», кіраўнікі гурткоў, харэографы. Творчых і ініцыятыўных чакаюць у Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы: адміністратара сервера, бібліёграфа, метадыстаў. Тэхнік па разьбе па дрэве, рэжысёр народнага тэатра, майстры народных промыслаў, культарганізатары патрабуюцца ў розныя падраздзяленні раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы.
Вышэйшая спецыяльная адукацыя – асноўнае патрабаванне для прэтэндэнтаў на пасаду памочніка ляснічага, інжынераў, майстроў лесу ў Ляхавіцкі лясгас. Заработная плата – ад 900 да 1100 рублёў. Рады будуць тут дастойным прэтэндэнтам на пасаду лесніка.
Даволі шырокі пералік вакансій у раённай базе сельскагаспадарчага профілю. Адзін з лідараў па свабодных працоўных месцах – ААТ «Шлях новы». Вось толькі некаторыя прапановы ад гэтага сельгаспрадпрыемства для тых, хто жадае працаўладкавацца: галоўны ветэрынарны ўрач і галоўны інжынер з зарплатай 1500 рублёў кожны, інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка, брыгадзіры ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі і іншыя.
– З разнастайнымі пытаннямі наконт працаўладкавання звяртаюцца не толькі з Ляхавіцкага, але і з іншых раёнаў. Інфармацыю пра вакансіі, па словах саміх прэтэндэнтаў, яны атрымліваюць як па «сарафанным радыё», так і праз банк даных упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Людзей, у першую чаргу, хвалююць заработная плата і ўмовы работы. Немалаважная акалічнасць і падвоз. У нашым сельгаспрадпрыемстве арганізаваны падвоз работнікаў з Баранавічаў, Ляхавічаў, іншых вёсак раёна. Прапрацоўваем і жыллёвае пытанне. Гатовы прадаставіць дом для дастойнай сям’і жывёлаводаў, – гаворыць намеснік дырэктара
ААТ «Шлях новы» Таццяна Гатоўчыц.
Папоўніць рады аграрыяў ААТ «Жарабковічы» могуць вадзіцелі, трактарысты-машыністы, электрагазазваршчык. Работнікі сельскай гаспадаркі патрабуюцца СВК «Ляхавіцкі», СУП «Белазем’е», «Ліпнянка».
Чакаюць новыя кадры і ў Ляхавіцкім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. Напрыклад, машыністу экскаватара з сярэдняй адукацыяй гатовы даць заработную плату ад 1000 рублёў.
– Даволі цяжка падабраць кваліфікаванага работніка на пасаду экскаватаршчыка. Яшчэ з пачатку лета шукаем такіх работнікаў. Арганізацыі на сёння патрабуецца тры машыністы экскаватараў. Таксама маем патрэбу ў трактарыстах-машы-
ністах. І хаця прэтэндэнты прыходзяць, многім вымушаны адмовіць па розных прычынах, напрыклад, адсутнасць адпаведных правоў, – расказвае начальнік Ляхавіцкага ПМС Вячаслаў Кірыковіч.
Начальнік гандлёвага аддзела, галоўны інжынер, лабарант хіміка-бактэрыялагічнага аналізу, прадаўцы, кандытар, – усё гэта вакансіі, што прапаноўвае Ляхавіцкае райпо.
Патрабуюцца і эксклю-зіўныя спецыялісты. Аддзел па адукацыі гатовы прыняць на работу бацьку-выхавальніка на
1,5 стаўкі ў дом сямейнага тыпу, адна з абавязковых умоў – медыцынская ці педагагічная адукацыя. Торфабрыкетны завод шукае машыніста-пуцеперасоўніка, СШ № 2 – повара, ТЦСАН – няньку.
Маюць патрэбу ў кад-равым прытоку таксама цэнтр дадатковай аду-
кацыі дзяцей і моладзі, ТАА «Трансэлектракамплект», «Яблыневы
пасад», «Ажуруна», фермерская гаспадарка «Уладзімір плюс», ПМК-13, раён электрасетак, «Дабраном»,  цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», цэнтральная раённая аптэка.
Дарэчы, наконт заработнай платы. Указаная ў банку вакансій, яна можа адрознівацца, як ў бок павелічэння, так і ў бок змяншэння. Гэта і іншыя пытанні неабходна ўзгадняць як пры асабістай сустрэчы з кіраўніцтвам прадпрыемства ці арганізацыі, так і па ўказаных тэлефонах.
Некаторыя арганізацыі адчуваюць патрэбу і ў кіраўніцтве. Так, згодна з данымі банка вакансій, пакуль не занятыя пасады першага намесніка дырэктара – галоўнага інжынера КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы УАЗ «БАПБ «Крывошын», намесніка начальніка  ПМК – галоўнага бухгалтара, галоўнага ветэрынарнага ўрача райветстанцыі, начальніка аддзялення паштовай сувязі. Заработная плата будучых кіраўнікоў вагаецца ад  500 да 2000 рублёў.
– Узровень беспрацоўя па Ляхавіцкім раёне складае 0,2 працэнта ад эканамічна актыўнага насельніцтва, што адпавядае абласному паказчыку і знаходзіцца на ўзроўні аналагічнага мінулагодняга перыяду.
Калі гаварыць пра асаблівасці на рынку працы раёна, то цяпер яўная перавага за прапановай рабочых спецыяльнасцей, а вось тых, хто жадае на іх уладкавацца, істотна менш. Таксама не заўжды ўдаецца працаўладкаваць грамадзян па тэрытарыяльным прынцыпе –
бліжэй да месца пражывання. Акрамя таго, не заўсёды кваліфікацыя прэтэндэнта адпавядае прапаноўваемай вакансіі, – паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення па  працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла.

Галіна КАНЬКО.