Выхадныя ў снежным рэжыме. У мінулыя выхадныя засыпала Ляхавіччыну

Такога снегападу сапраўды даўно не памятаюць тутэйшыя мясціны. У мінулыя выхадныя засыпала Ляхавіччыну.
Зразумела, што першымі ў барацьбу са стыхіяй уступілі дарожная
і камунальная службы, якія працавалі літаральна ў кругласутачным рэжыме.

– З раніцы суботы без перапынкаў была задзейнічана ўся спецыялізаваная дарожная тэхніка, у першую чаргу, расчышчалі ад сумётаў дарогі паміж населенымі пунктамі для бесперабойнай работы грамадскага транспарту, а таксама для бяспечнага перамяшчэння і асабістага транспарту грамадзян. Не засталіся без увагі вясковыя і аграгарадскія вуліцы. У арганізацыі ў дастатковай колькасці тэхнікі, людскіх рэсурсаў, пясчана-салявой сумесі для падсыпкі дарог ад галалёду. Істотную падтрымку ў расчыстцы ад снегу аказваюць прадпрыемствы: ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі», «Шлях новы», «Жарабковічы», СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор», ЗТАА «БелДан».
Усе дарожныя работы, у тым ліку і супрацьгалалёдная апрацоўка, прадоўжыліся і ў панядзелак, – гаворыць галоўны інжынер ДРБУ-200 Вадзім Янкоўскі.
З пяці гадзін раніцы і амаль да апоўначы – такім стаў графік работы для некаторых падраздзяленняў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Дырэктар жылкамунгаса Андрэй Чайкоўскі падкрэсліў, што мабілізаваны неабходныя сілы і сродкі для аператыўнага ўхілення сюрпрызаў снежаньскага надвор’я: чатыры трактары МТЗ, з якіх два са спецыяльнымі шчоткамі, МАЗ і амкадор, плюс 12 работнікаў камунгаса.
– Уся камунальная тэхніка працавала і ў выхадныя. Наша галоўная задача – расчыстка праезнай часткі гарадскіх вуліц, а таксама пешаходных дарожак. У сувязі з тым, што снегу выпала шмат, а снегапад доўга не спыняўся, большасць участкаў даводзілася апрацоўваць па некалькі разоў. У панядзелак выйшлі ўжо і на дваровыя тэрыторыі. Камунгас спраўляецца. Але нялішняй будзе і дапамога саміх грамадзян, якія могуць прыняць удзел ва ўборцы снегу на дваровых тэрыторыях, пры выхадзе з пад’ездаў, каля свайго аўтамабіля на стаянцы. Хачу звярнуцца да ўладальнікаў транспартных сродкаў: пры паркоўцы аўтамабіляў не перакрывайце дваровыя праезды, такім чынам вы ствараеце нязручнасці і перашкоды для спецтэхнікі, якая задзейнічана на расчыстцы заснежаных тэрыторый.
У горадзе дастаткова спецыяльных стаянак для аўтамабіляў, у тым ліку ў дварах шматкватэрнікаў, – адзначае Андрэй Чайкоўскі.
Дарэчы, згодна з Правіламі дарожнага руху забараняецца прыпынак і стаянка транспартных сродкаў у месцах, дзе транспартны сродак стварае перашкоды для руху спецтэхнікі аператыўнага прызначэння і аўтамабіляў дарожнай і камунальнай службаў (уезды і выезды з двароў, месцы размяшчэння кантэйнераў для збору бытавых адходаў і іншыя). За невыкананне такіх нормаў прадугледжана адказнасць па артыкуле 18.18 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях – штраф у памеры адной базавай велічыні. Акрамя таго, калі вадзіцеля транспартнага сродку, што прыпаркаваны з парушэннямі, не будзе на месцы, то аўто можа быць прымусова эвакуіравана.
Начальнік раёна электрасетак Віктар Станкевіч паведаміў, што за мінулыя выхадныя перабояў у электразабеспячэнні на тэрыторыі раёна не зарэгістравана. У РЭС адзначылі, што ўсе брыгады знаходзяцца ў гатоўнасці нумар адзін для ліквідацыі наступстваў стыхіі.
У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях расказалі, што на Ляхавіччыне за мінулыя выхадныя не зарэгістравана надзвычайных сітуацый, аднак ні ў якім разе нельга самазаспакойвацца. Пры такіх умовах надвор’я, ускладненых снегападамі і дажджом, павялічваецца верагоднасць дарожных аварый, атрымання траўмаў. Па прычыне наліпання снегу і абледзянення магчымы і парушэнні электразабеспячэння, падзенне дрэў, абрушэнні слабазамацаваных канструкцый, дахаў будынкаў і іншыя небяспечныя непрыемнасці.
Захоўваць скорасны рэжым і дыстанцыю, пазбягаць рэзкіх манеўраў і тармажэння ў сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі заклікае і Дзяржаўтаінспекцыя. І хоць на Ляхавіччыне, па інфармацыі АДАІ РАУС дарожна-транспартных здарэнняў не зарэгістравана, асцярожнасць і ўважлівасць ніхто не адмяняў. Начальнік АДАІ РАУС Яўгеній Вайшэвіч нагадаў:
– На тэрыторыі Брэстчыны ўведзены план «Надвор’е». Дзяржаўтаінспекцыя нясе службу ва ўзмоцненым рэжыме, кантралюе ўборку вулічна-дарожнай сеткі і суправаджае
снегаўборачную тэхніку. Вадзіцелі павінны ўлічваць, штопачышчаная і апрацаваная супрацьгалалёдным саставам
праезная частка дарогі не становіцца адразу бяспечнай. Патрабуюцца час і пэўная інтэнсіўнасць руху, каб сумесь пачала выконваць свае функцыі.
Супрацоўнікі АДАІ заклікаюць адмовіцца ад паездак і прагулак у складанае надвор’е і, па магчымасці, дапамагаць тым удзельнікам дарожнага руху, якія сутыкнуліся з праблемамі на дарозе.
Сітуацыю, звязаную з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я, трымае на кантролі і раённая ўлада. Дадзена даручэнне кіраўнікам дарожных службаў, камунгаса праводзіць работы якасна і бесперапынна. Таксама звернута ўвага кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый на небяспеку, якую ўтойвае загрувашчванне снегам дахаў будынкаў, што можа прывесці да надзвычайнай сітуацыі.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.