Дай «пяць» дабрыні! У Ляхавічах акцыя «Нашы дзеці» пачынаецца з брэндавага дабрачыннага марафону «Жаданне ў далоньцы»

Быць добрым – проста, асабліва калі ёсць прыклад, калі ёсць на каго раўняцца, калі сэрца жадае падзяліцца сваёй цеплынёй з іншымі. На Ляхавіччыне, як і па ўсё краіне, 15 снежня стартавала рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». У Ляхавічах ужо многа гадоў цуд пачынаецца з брэндавага дабрачыннага марафону «Жаданне ў далоньцы».

БОЛЬШ ФОТА ТУТ


Пераднавагодняя атмасфера, ёлачка-прыгажуня, дзіцячы шчыры смех, гучаць вядомыя мелодыі, што набліжаюць да нас чаканыя святы.
– Сёння сапраўды добры дзень. Дзень, якім мы пачынаем марафон добрых навагодніх спраў. У рамках акцыі пройдзе шмат мерапрыемстваў, якія падораць калядны цуд нашым дзеткам. І, самае галоўнае, што з кожным годам да акцыі «Нашы дзеці» далучаецца больш нераўнадушных землякоў, мерапрыемстваў становіцца больш. А значыць і ўсмешак шчаслівых дзетак стане больш – і гэта радуе, – даў старт акцыі старшыня дэпутацкага корпусу раёна Юрый Чаранкевіч.
Вітала прысутных начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская. Яна нагадала, што «Жаданне ў далоньцы» – гэта наша, мясцовая дабрачынная традыцыя. З яе заўжды пачынаюцца калядныя цуды. І яе ініцыятар – калектыў ЦКРНіР на чале з Наталляй Маслоўскай.


Наталля Лявонцьеўна шчыра дзякавала кожнаму нераў-надушнаму, хто знайшоў час і магчымасць працягнуць сваю далоньку дабрыні. І вось так проста ад сэрца спраўдзіць дзіцячую навагоднюю мару. На калючай прыгажуні цацкі асаблівыя – папяровыя адбіткі дзіцячых далонек. А на іх тыя самыя запаветныя мары. І няхай яны простыя і часам самыя банальныя – цукеркі, машынкі, размалёўкі, лялькі і іншае, але гэты цуд павінен абавязкова зачараваць дзетак і не даць ім магчымасці расчаравацца ў дабрыні. Здзейсніць мару стала магчымым дзякуючы выязному продажу падарункаў, што арганізавала мясцовае райпо. Між іншым, даўні сябар ЦКРНіР. Скарбонка папаўнялася падарункамі, а значыць мары нашых дзетак у гэты навагодні час спраўдзяцца, а значыць – усмешка і цудоўны настрой гарантаваны. А гэта і ёсць шчасце!
Сярод тых, хто першымі папоўніў падарункавы куфэрак – старшыня райвыканкама Мікалай Мароз і старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, прадстаўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў Ляхавіччыны, нераўнадушныя ляхавічане.
Чуллівы пранікнёны момант: выхаванец ЦКРНіР Уладзіслаў Галіцкі падарыў прысутным верш пра дабрыню. Апладысменты гучалі і ў адрас выхаванцаў ЦДАДіМ, яны таксама дзяліліся творчасцю.
А сёлета такая акцыя прайшла ў адрамантаваным будынку цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Менавіта з гэтага дня па гэтым адрасе ізноў загучаць дзіцячыя галасы і смех, тут ізноў пачне работу творчая кузня дзіцячых талентаў.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.