За справу – з энергіяй! 22 снежня прафесійнае свята адзначае калектыў Ляхавіцкага раёна электрасетак
Ім падпарадкоўваюцца тысячы кіламетраў паветраных ліній электраперадачы. Яны па-майстэрску, з энергіяй, незалежна ад таго, ідзе дождж ці не спыняецца снегапад, прафесійна вяртаюць святло, якое прападае з-за неспрыяльных умоў надвор’я ці з-за іншых абставін. А яшчэ абнаўляюць, рамантуюць усё, што звязана з падачай электрычнасці ў нашы дамы і кватэры, сацыяльныя аб’екты і прадпрыемствы, на вуліцы вёсак і гарадоў. Ды і што тут гаварыць: сёння без электрычнасці ўявіць жыццё немагчыма.
А яго бесперабойная падача – зона адказнасці тых, каго аб’ядноўвае энергетычная галіна.
Традыцыйна 22 снежня сваё ў прамым сэнсе «самае светлае» прафесійнае свята адзначаюць тыя, дзякуючы каму ў нашых дамах заўжды светла і цёпла, чыя праца аблягчае жыццё землякоў, робіць яго камфортным і светлым.
Вынікі падведзены. Зроблена шмат
Разам з іншымі калегамі з усёй краіны заўтра прымаць віншаванні з прафесійным святам будуць і работнікі Ляхавіцкага раёна электрасетак філіяла «Баранавіцкія электрычныя сеткі»
РУП «Брэстэнерга».
– Снежань для нашай арганізацыі заўжды вызначальны месяц па многіх аспектах. Як звычайна, напрыканцы каляндарнага года падводзім вынікі зробленага. Сёлета яны і сапраўды ўнушальныя. Каб не загружаць лічбамі, назаву толькі найбольш значныя накірункі. Замена апор і правадоў ліній электраперадачы ў населеных пунктах і лясных масівах дала станоўчы эфект у выглядзе зніжэння колькасці аварыйных адключэнняў, змяншэння працягласці адсутнасці святла. Істотны аб’ём работ выкананы ў межах капітальнага будаўніцтва. Заменена частка падстанцый на сучасныя, на некаторых трансфарматарных падстанцыях заменены сілавыя трасфармата-
ры на паветраных лініях, устаноўлены рэклоўзеры, прыборы ўліку электраэнергіі аб’яднаны ў сістэму АСКУЭ, на многіх участках праведзены мантаж шафаў кіравання вонкавым асвятленнем. І гэта далёка не поўны пералік таго, над чым мэтанакіравана працаваў калектыў у 2022 годзе. Прычым, толькі аб’яднаўшы намаганні ўсіх участкаў, можна было дасягнуць агульных добрых вынікаў, – расказвае начальнік раёна электрасетак Віктар Станкевіч.
Канешне, без прафесіяналізму і адказнасці кожнага на сваім працоў-
ным месцы, узаемападтрымкі і ўзаемадапамогі, а таксама без умелага і граматнага кіраўніцтва дасягнуць добрых паказчыкаў наўрад ці атрымаецца. А вось у спрактыкаванага, дружнага і зладжанага калектыву Ляхавіцкага РЭСа з гэтымі акалічнасцямі ўсё ў ажуры. Таму і працуюць тут вынікова, паказчыкі эфектыўнасці работы паляпшаюцца, змяншаецца колькасць нараканняў на якасць работ з боку і насельніцтва, і арганізацый – спажыўцоў электраэнергіі.
– Увогуле, імкнёмся неадкладна і хутка рэагаваць на праблемы, што ўздымаюць землякі наконт падачы святла. Бесперабойна, без выхадных і святаў у кругласутачным рэжыме працуе раённая дыспетчарская служба, куды па нумары 2-14-46 могуць патэлефанаваць жыхары нашага раёна і паведаміць пра ўзніклую праблему. Акрамя таго, кіраўніцтва Баранавіцкіх электрасетак вядзе асабісты прыём грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі. Хачу па-
дзякаваць жыхарам Ляхавіччыны за разуменне, цярпенне, уменне чакаць. Падчас праводзімых работнікамі электрасетак планавых і тэрміновых работ на лініях электраперадачы ў некаторых населеных пунктах былі перабоі ў падачы святла. Мы стараліся аднавіць электразабеспячэнне як мага хутчэй, разумелі, што без электрычнасці цяжка абыходзіцца, – тлумачыць Віктар Станкевіч.
Ляхавіцкі адрас працоўных перамог
У кожным падраздзяленні раёна электрасетак свае працоўныя героі – тыя, хто задае тон у рабоце, на каго раўняюцца іншыя, хто заслужыў павагу ў калег, хто не баіцца цяжкасцей і не стамляецца самаўдасканальвацца і вучыцца, пашыраць практычныя навыкі.
Годна заявілі пра сябе на ўсёй прасторы «Белэнерга» вадзіцелі Артур Шваль і Сяргей Сліва. Прыступка за прыступкай, этап за этапам сёлета яны пакаралі розныя туры спаборніцтваў па прафесійным майстэрстве сярод вадзіцеляў «Белэнерга». І пацвердзілі права звацца асамі. Ужо на першым этапе, дзе спаборнічалі восем
каманд работнікаў розных раёнаў філіяла «Баранавіцкія электрасеткі», стала відавочным – ляхавічане зрабілі ўнушальную заяўку на перамогу.
– Канкурсанты павінны былі не толькі дакладна і хутка выканаць заданні на аўтадроме, але і дакладна адказаць на пытанні па ахове працы, правілах пажарнай бяспекі, дарожнага руху, прадэманстраваць на практыцы навыкі тушэння пажару і выратавання пацярпелых. Усе іспыты Артур, які працуе вадзіцелем у брыгадзе па збыце электраэнергіі, і машыніст аўтавышкі Сяргей прайшлі паспяхова і сталі пераможцамі сярод каманд філіяла, – расказвае начальнік Ляхавіцкага РЭСа.
Пераможным для нашых вадзіцеляў стаў і абласны фінал, дзе за перамогу ўжо спаборнічалі 11 дуэтаў. Першынство дало зялёнае святло ляхавіцкай зборнай прадстаўляць РУП «Брэст-
энерга» ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў, якія прайшлі на базе вучэбнага цэнтра РУП «Гомельэнерга» ў межах адзінага дня бяспекі. Дарэчы, такі конкурс праводзіўся ўпершыню, таму яшчэ больш прыемна і больш важка, што сярод яго пераможцаў гучалі і прозвішчы нашых землякоў-энергетыкаў: тандэм Артура Шваля і Сяргея Слівы стаў бронзавым прызёрам спаборніцтваў прафмайстэрства.
– Хваляваліся, а як жа інакш. Прад-
стаўлялі не толькі Баранавіцкі філіял, але і ўсё абласное аддзяленне электрасетак, таму змагаліся за кожны бал і падчас індывідуальных конкурсаў, і калі працавалі ў камандзе. Многае залежала ад зладжанасці, сінхроннасці – гэта ў практычнай частцы. А ў тэорыі галоўнае – веды. Сапернікі былі сур’ёзныя. Канешне, радаваліся, што трапілі ў тройку прызёраў, – дзеліцца ўражаннямі Сяргей Сліва.
Ён працуе ў Ляхавіцкім РЭСе шосты год і адзначае, што не памыліўся ў выбары месца работы: задавальняюць умовы працы, адносіны ў калектыве і заработная плата. Дарэчы, і сын Сяргея Слівы таксама працуе ў энергетычнай галіне, Сліва-малодшы – электраманцёр у РУП «Мінскэнерга».
Майстар-клас ад лепшых
Ляхавіцкі раён электрасетак – арганізацыя невялікая, але са сваімі традыцыямі, напрацоўкамі, вытворчымі здабыткамі і працоўнымі здзяйсненнямі. Ёсць і сямейныя дынастыі. Разам і побач працуюць муж і жонка, сын і бацька, браты. Прыкладаў можна прыводзіць нямала. І гэта пацвярджэнне таго, што працаваць у Ляхавіцкім РЭСе прэстыжна і пачэсна.
На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў шчодра дзяліўся сваім майстэрствам, лічыўся асам у энергасправе майстар Аляксандр Бузук. Вось ужо больш за 20 гадоў, як працоўную эстафету бацькі падхапіў яго сын Андрэй, які цяпер – дыспетчар раённай дыспетчарскай службы. Неаднойчы, як сцвярджае Бузук-малодшы, ён звяртаўся за прафесійнымі парадамі да бацькі, і заўжды яны былі слушнымі і дарэчнымі. Свой прафесійны шлях у энергасферы выпускнік Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта інжынер-энергетык Андрэй Бузук пачынаў з філіяла Баранавіцкія электрасеткі, у 2011 годзе перавёўся ў Ляхавіцкі РЭС электраманцёрам.
– У любой справе, электраманцёр ты ці дыспетчар, ёсць пэўныя асаблівасці і складанасці, спецыфіка. Электраманцёр павінен хутка разабрацца ў праблеме і, па магчымасці, яе вырашыць. Дыспетчар абавязаны хутка прыняць паступіўшую інфармацыю, накіраваць брыгаду на вырашэнне праблемы, каардынаваць работу ўвогуле ўсіх брыгад. Іншы раз даводзіцца быць псіхолагам, калі паступае званок ад насельніцтва, і патрабуецца не толькі выслухаць заяўніка, які скардзіцца на перабоі ў падачы электраэнергіі, але і супакоіць яго, – знаёміць з асаблівасцямі дыспетчарскай справы Андрэй Бузук.
Кіраўніцтва арганізацыі характарызуе Андрэя Бузука як вельмі адказнага, граматнага, мэтанакіраванага спецыяліста, які ўмее хутка прымаць правільныя рашэнні, дакладна ставіць задачу для іншых брыгад. А менавіта ад такіх якасцей залежыць, наколькі аператыўна брыгада прыступіць да ліквідацыі праблемы з электразабес-
пячэннем. Прычым тычыцца гэта як работы аператыўна-выязной брыгады, якая дзейнічае ў кругласутачным рэжыме, так і лінейных брыгад.
Падчас кожнай змены вопытныя дыспетчары Ігар Арцюшкевіч, Андрэй Шпак, Віталій Юруць, Валерый Траццяк, Андрэй Бузук акумуліруюць у сваёй асобе штаб па каардынацыі дзейнасці розных падраздзяленняў раёна
электрасетак для ліквідацыі непаладак у энергазабеспячэнні Ляхавіччыны. Курыруе дыспетчараў начальнік службы Дзмітрый Максімчык, які працуе ў галіне энергазабеспячэння больш за 15 гадоў, а пачынаў сваю працоўную дзейнасць электраманцёрам тут жа, у Ляхавіцкім РЭС.
Лічаныя хвіліны пасля распараджэння дыспетчара – і працоўны камплект аператыўна-выязной брыгады ў складзе двух электраманцёраў спяшаецца да месца, дзе ўзніклі праблемы з падчай электрычнасці. Спяшаецца такі дуэт і на іншыя заяўкі спажыўцоў электраэнергіі, а курыруе іх работу дыспетчар. У РЭСе пяць аператыўна-выязных брыгад, у складзе кожнай – дыспетчар і два электраманцёры, адзін з якіх выконвае і функцыі вадзіцеля, таму
ўмее рамантаваць і электраабсталяванне, і вырашаць аўтамабільныя праблемы.
У кожным з падраздзяленняў электрасетак ёсць працаўнікі, ад якіх у многім залежыць выніковасць вырашэння задач, што ставяцца перад
усёй арганізацыяй. Газаэлектразваршчык Якаў Ліцкевіч – якраз такі работнік.
Віктар Станкевіч не шкадуе эпітэтаў для высакакласнага спецыяліста:
– Якаў Ліцкевіч – майстар з залатымі рукамі. Можна доўга пералічваць вытворчыя аперацыі, дзе без яго работы не абысціся. Замена абсталявання падстанцый, рамонт тэхнікі перад праходжаннем тэхнічнага агляду. Няма такой рамонтнай работы, з якой бы наш Якаў Ліцкевіч не справіўся.
Яшчэ на сваім пачатку зіма сезона 2022/2023 багатая на сюрпрызы надвор’я, чаго вартыя снегапады. У гатоўнасці нумар адзін супрацьстаяць надзвычайным сітуацыям і брыгады Ляхавіцкага РЭСа. Такі высокі клас з дня ў дзень дэманструюць лінейныя брыгады, якія ўзначальваюць Сяргей Зайко, Валерый Калацкі, Вадзім Абіеў. Электрычных спраў майстры замяняюць трансфарматарныя падстанцыі, будуюць і рэканструююць высакавольт-
ныя лініі электраперадачы. Адказныя за святло па Востраве і навакольных вёсках – брыгада на чале з Аляксандрам Акаршчуком. Кожны з іх – майстар, электраманцёры, вадзіцелі –
разумее, што ні ў якім разе нельга пакідаць на доўгі час без забеспячэння электрычнасцю населеныя пункты, таму працуе самааддана, не лічыцца з уласным часам, іншы раз змена пачынаецца задоўга да прызначанага графіка ці завяршаецца куды пазней, чым трэба. Галоўнае – каб было святло. Дарэчы, работнікі брыгады вулічнага асвятлення атрымалі допуск да работы пад высокім напружаннем.
Неабходная падрыхтоўка і належная кваліфікацыя, добрыя веды і пачуццё каманды – вызначальныя для тых, хто працуе ў службе збыту электраэнергіі і на міні-ГЭС «Шчара». Што тычыцца «Шчары», то яе ўклад у забеспячэнне раёна электраэнергіяй істотны: кожны год тут выпрацоўваюцца сотні тысяч кілават экалагічна чыстай электраэнергіі. Замена прыбораў уліку, кантроль за спажываннем электраэнергіі і збор сродкаў за яе карыстанне – з гэтымі задачамі паспяхова спраўляюцца супрацоўнікі службы збыту.
Бясспрэчна, у тым, што з кожным годам у Ляхавіцкім раёне электрасетак паказчыкі паляпшаюцца, заслуга і кіраўніцтва, інжынернай службы. Прычым паспяховасць – сінонім работы не толькі вопытных (начальніка РЭСа Віктара Станкевіча, яго намесніка Івана Бурбуця, галоўнага інжынера Сяргея
Фінюціна і яго намесніка Леаніда Зелянеўскага), не адстаюць і іх маладыя калегі – інжынер Віктар Рамановіч, майстар брыгады вулічнага асвятлення Аляксей Салата, майстар службы збыту Аляксандр Караваевіч. Сёння яны пераймаюць вопыт у старэйшага пакалення. А заўтра будуць вырашаць сур’ёзныя энергетычныя пытанні самастойна.
– Напярэдадні прафесійнага свята віншуем усіх, хто сёння працуе ў Ляхавіцкім РЭСе. Дзякуй за разуменне,
адданасць справе. Няхай заўжды работа прыносіць камфорт не толькі спажыўцам электраэнергіі, але і кожнаму з вас. Словы асаблівай пашаны нашым паважаным ветэранам-энергетыкам. Ваш вопыт – каштоўны! Усім – моцнага здароўя, аптымізму і бадзёрасці, – пажаданні ад кіраўніцтва раёна электрасетак.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.