Сіла – у праўдзе. Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў у інфармацыйны чацвер працавала ў Востраўскай СШ

Ёсць тэмы і пытанні, якія патрабуюць грунтоўнага абмеркавання, разумення і ўсведамлення. Важныя грамадска-палітычныя працэсы, сітуацыя вакол беларускіх граніц, наша інфармацыйная бяспека, мясцовыя пытанні – гэта і многае іншае стала тэмай чарговага адзінага дня інфармавання, што прайшоў на Ляхавіччыне.

Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Юрыем Чаранкевічам у інфармацыйны чацвер працавала ў Востраўскай сярэдняй школе.
Пагранічная палітыка ў Брэсцкай вобласці – на гэтым сканцэнтраваў увагу намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Ляхавіцкага раёна Сяргей Салавей. Як прагучала падчас выступлення, сёння Брэсцкая пагранічная група выконвае задачы ў няпростых умовах. Характэрнай асаблівасцю стала рэзкае ўскладненне сітуацыі на транзітных міграцыйных маршрутах грамадзян трэціх краін, якія ідуць на Захад. Пра гуманнасць і чалавечыя адносіны да мігрантаў з боку заходніх суседзяў гаварыць не даводзіцца. Факты жорсткіх адносін фіксавалі неаднойчы, і дзеянні сілавікоў гэтых краін прывялі ўжо да гібелі дзясятка мігрантаў і паставілі пад пагрозу жыццё многіх бежанцаў.


Здаровай логіцы не паддаецца і той факт, што на мяжы з Польшчай сумежны бок працягвае ўзвядзенне сістэмы стацыянарных загарод. А як жа наша Белавежская пушча? Наш агульны прадмет гонару і павагі да прыроднага багацця. Колькі жудасных кадраў «гуляе» па інтэрнэце і шакіруе карыстальнікаў. Толькі вось польская ўлада чамусьці на гэтыя кадры заплюшчвае вочы, кіруючыся антычалавечым законам.
На сённяшні дзень абстаноўка на Дзяржаўнай граніцы застаецца кантралюемай і прагназуемай. Брэсцкай пагранічнай групай і Пінскім пагранічным атрадам рэалізуюцца дадатковыя меры па недапушчэнні пранікнення ў краіну дэструктыўных сіл і перамяшчэння на яе тэрыторыю зброі і боепрыпасаў.
Інфармацыя – таксама зброя ў руках тых, хто жадае развязаць канфлікт, заснаваны на хлусні і правакацыі. Інфармацыйная бяспека – важны накірунак дзяржаўнай палітыкі. З якімі інфармацыйнымі пагрозамі сёння сутыкаюцца беларусы і як супрацьстаяць кіберзлачынцам, гаварыла галоўны спецыяліст райсавета дэпутатаў Юлія Бацкалевіч.
У інфармацыйнай прасторы моцныя пазіцыі і аўтарытэтнае месца займаюць раённыя газеты, яны значна пашырылі сваю віртуальную аўдыторыю і пры гэтым захавалі чытачоў друкаванага выдання.
На жаль, інфармацыйная вайна супраць нашай дзяржавы працягваецца. І самае страшнае, што ў яе ўцягнуты ўсе.
І той, хто стварае кантэнт, хто яго распаўсюджвае, рэпосціць, перакручвае і робіць фэйк, каментуе, чытае і нават ігнаруе.
І вось у гэтым усім галоўнае – не паддацца эмоцыям, а чытаць любую інфармацыю з пытаннем: з якой мэтай тое ці іншае паведамленне створана? Такім чынам, галоўная абарона ў інфармацыйнай вайне – МОЗГ. Думаць і яшчэ раз думаць.
Сёння ў небяспецы і нашы дзеці: на жаль, фільтраваць інфармацыю ў падрастаючага пакалення атрымліваецца не заўжды. Таму важна, каб нашы дзеці сталі актыўнымі ўдзельнікамі інфармацыйнага працэсу ў якасці стваральнікаў свайго кантэнту. Сёння ў кожнай школе раёна ў рамках праекта «Школьны дзённік» і не толькі створаны тэлеграм-каналы, інстаграм-акаўнты і г. д.
І аўтары навін – нашы дзеці. Вось дзе павінна базіравацца кола інтарэсаў школьнікаў.
У інфармацыйнай вайне супрастаіць фэйкам і «Ляхавіцкі веснік». Акрамя гэтага, расце і колькасць зваротаў ляхавічан з просьбай дапамагчы вырашыць тую ці іншую праблему – а гэта дарагога варта. Дзякуй, што застаяцеся з намі!
Як заўжды, на парадку дня і мясцовая праблематыка.
Жыхарка Вострава пацікавілася, чаму з некаторых вуліц убралі кантэйнеры для збору смецця, і чаму цэнтральная вуліца і дарога да Вострава дрэнна пачышчаны.
Юрый Чаранкевіч праблемныя моманты зафіксаваў, у хут-
кім часе знойдзецца рашэнне.

Маргарыта  КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.