У судзе Ляхавіцкага раёна прынялі і падпісалі прысягу новаабраныя народныя засядацелі

20 снежня ў судзе Ляхавіцкага раёна адбылася ўрачыстая падзея – прынялі і падпісалі прысягу 16 новаабраных народных засядацеляў абласнога суда.

Цырымонія праходзіла ў анлайн-фармаце. Памочнікі служыцеляў Феміды пакляліся добрасумленна выконваць свае абавязкі, ажыццяўляць правасуддзе, падпарадкоўваючыся толькі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, быць непрадузятымі і справядлівымі.
Старшыня абласнога суда Антон Гушчын павіншаваў нашых землякоў з новым статусам, адзначыў, што гэта адказная, складаная і неабходная праца. Старшыня суда Ляхавіцкага раёна Таццяна Жэрко ўручыла народным засядацелям адпаведныя пасведчанні. Сярод тых, каму даверана вяршыць правасуддзе, – прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх аб’яднанняў. Асоба кожнага з іх была дасканала праверана – яны будуць працаваць у складзе абласнога суда на працягу пяці гадоў і ажыццяўляць правасуддзе пры разглядзе цяжкіх і асабліва цяжкіх спраў, у якіх пакаранне прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам на 10 і больш гадоў. Таксама яны будуць выносіць вердыкт і ва ўсіх справах у адносінах непаўналетніх.
– Судовая ўлада – адна з галін дзяржаўнай улады. І ўдзел народных засядацеляў у ажыццяўленні правасуддзя – рэалізацыя канстытуцыйнага права грамадзян на ўдзел у кіраванні дзяржавай, – падкрэсліла Таццяна Жэрко.
А ўчора прысягу прынялі 70 народных засядацеляў раённага суда.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.