Самы прасторны падарунак. У Ляхавічах адкрылі пасля капрамонту будынак ЦДАДіМ

Навагодняя казка – непрадказальная, але заўжды напоўненая самымі прыемнымі сюрпрызамі. Для юных ляхавічан адным
з іх стала адкрыццё пасля капрамонту будынка ЦДАДіМ

Ключ ад новага творчага этапу
Вось і яшчэ па адным мясцовым адрасе пасяліўся цуд. І ён напоўнены дзіцячым шчасцем, вяселлем, смехам, творчасцю.
У мінулую пятніцу на плошчы Перамогі ўрачыста адкрылі цэнтр
дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Пасля капітальнага рамонту гэты будынак ізноў збярэ самых крэатыўных і таленавітых, сюды пасля ўрокаў будуць спяшацца юныя ляхавічане. Дзесяць кабінетаў, выставачная, актавая, танцавальная залы – усё гэта ў абноўленым варыянце гатова прыняць дзетак.
А сёлета тут майструюць-ствараюць 1224 хлопчыкі і дзяўчынкі – 132 групы, якія займаюцца па васьмі накірунках.
Віншаванні хлопчыкам і дзяўчынкам, а таксама педагогам адрасаваў старшыня Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз. Ён адзначыў, што цяпер з новым натхненнем
тут павінна пасяліцца творчасць.
А каб працэс навучання быў больш цікавым і якасным, кіраўнік раёна
ўручыў падарунак, які будзе вельмі дарэчы ў рабоце ЦДАДіМ, – сертыфікат на набыццё лазерна-гравіравальнага станка.
Дырэктар цэнтра Людміла Юнік таксама павіншавала ўсіх з адкрыццём краіны дзяцінства. Не адно пакаленне ляхавічан спяшалася сюды, каб пагрузіцца ў творчасць. І гэта традыцыя працягваецца.
– Дзякуй установам адукацыі, дзе мы не адзін год займаліся з дзеткамі. Дзякуй будаўнікам, якія працавалі, каб сёння гэты будынак расчыніў дзверы. Дзякуй за падтрымку з боку ўлады. Сапраўды, у нашай краіне ўсё лепшае – дзецям. Гэта прынцып моцнай краіны, – адзначыла Людміла Юнік.
Сімвалічны ключ ад новага творчага этапу ў жыцці цэнтра дырэктару ўручыў прадстаўнік УП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Баранавіцкага раёна» Сяргей Мазоль.
Чырвоная стужачка перарэзана, і дзіцячыя галасы ўжо загучалі за работай у працоўных кабінетах. Старшыня райвыканкама Мікалай
Мароз і старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч прайшліся па творчых лабараторыях цэнтра, пазнаёміліся з працэсам стварэння ўнікальных рэчаў. Бісерапляценне, вакальная студыя, робататэхніка, макрамэ, дрэваапрацоўка… Колькі тут усяго ўнікальнага і непаўторнага.

Дабрыня збірае сяброў
А яшчэ гэты дзень запомніцца і навагоднім ранішнікам для навучэнцаў ЦКРНіР. Штогод на гэту навагоднюю традыцыю збіраюцца даўнія сябры цэнтра.
У зале мора непадробных эмоцый – дзіцячая ўсмешка і радасць. Тут адназначна пасялілася шчасце.
Святочную праграму для рабят падарылі педагогі і наведвальнікі ЦДАДіМ. Разам з казачнымі персанажамі рабяты шукалі шлях да вясёлага Новага года, пераадольвалі шмат выпрабаванняў, разгадвалі рэбусы і загадкі. І, нарэшце, навагодні цуд закружыў прысутных у карагодзе.
Падарункі рабятам уручылі старшыня райвыканкама Мікалай
Мароз, начальнік РАУС Уладзімір Максімчык, начальнік РАСК Аляксандр Траяноўскі, дырэктар ЦБП № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк» Рыта Пракуда, дырэктар ПГУП «Арт-Наталі» Наталля
Лойка, старшыня цэхавага камітэта Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Алег Кабяльчук.
Навагодняя ёлка ўпрыгожана самымі галоўнымі атрыбутамі – мноствам падарункаў. У зале гучыць самая вялікая падзяка – дзіцячы смех. І гэтыя эмоцыі дарагога варты.
Няхай навагодні цуд і далей радуе!

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.