Да кожнага звароту – увага асаблівая. Начальнік ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці праводзіў выязны прыём у Ляхавічах
Уважліва выслухаць, разабрацца ў сітуацыі, па магчымасці дапамагчы – менавіта па такім прынцыпе, па словах начальніка ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці генерал-маёра юстыцыі Дзмітрыя Канапляніка, працуюць у СК з усімі зваротамі грамадзян, якія паступаюць падчас асабістых прыёмаў і прамых тэлефонных ліній.
Выслухаць, параіць, растлумачыць
У мінулы панядзелак Дзмітрый Канаплянік праводзіў выязны прыём
у Ляхавічах.
– У асноўным да нас грамадзяне звяртаюцца з пытаннямі, што тычацца работы на розных этапах следства, а таксама звязанымі з дзейнасцю падраздзяленняў унутраных спраў. Уздымаюцца і тэмы, якія не знаходзяцца ў кампетэнцыі нашай службы. Аднак ні адзін зварот не пакідаем без увагі, разбіраемся, аналізуем, пры неабход-
насці накіроўваем запыты ў іншыя інстанцыі, – расказвае Дзмітрый Канаплянік.
На прыёме ў Ляхавіцкім райвыканкаме да начальніка УСК па Брэсцкай вобласці звярнулася жыхарка нашага раёна. Летась у
дарожна-транспартным здарэнні ў Пухавіцкім раёне загінуў яе сын. Жанчыну не зусім задаволіла, як вялося расследаванне крымінальнай справы. І яна звярнулася з просьбай аказаць садзейнічанне і дапамогу ў звароце ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці.
– Менавіта дзякуючы такім прыёмам, якія праводзяць прадстаўнікі органаў улады, іншых ведамстваў, крымінальная справа па факце ДТЗ, калі загінуў мой 22-гадовы сын, была адпраўлена на даследаванне. Удзячна за ўвагу і дапамогу, – адзначыла
жыхарка раёна.
Дзмітрый Канаплянік падкрэсліў, што хоць узнятае пытанне не ўваходзіць у кампетэнцыю УСК па Брэсцкай вобласці, але пакінуць без увагі зварот нельга.
Дакументы будуць перададзены ва УСК па Мінскай вобласці. А заяўніцы рэкамендавана звярнуцца на асабісты прыём да начальніка УСК па Мінскай вобласці.
Дарэчы, па словах Дзмітрыя Канапляніка, дарожна-транспартныя здарэнні – тэма надзвычай сур’ёзная і важная. Нягледзячы на разнастайныя прафілактычныя мерапрыемствы, акцыі, узмацненне адказнасці на заканадаўчым узроўні да віноўнікаў ДТЗ, колькасць аварый не змяншаецца. І ў большасці выпадкаў ДТЗ правакуюць грамадзяне сваімі неабдуманымі паводзінамі: сеў за руль у стане алкагольнага ап’янення, перавысіў скорасць, быў няўважлівым ці парушыў іншыя правілы дарожнага руху. А ў выніку – дарожна-транспартнае здарэнне, якое, іншы раз, мае самыя трагічныя наступствы.
– За 11 гадоў свайго існавання Следчы камітэт паказаў, што такая новая структура была неабходна беларускай дзяржаве. Супрацоўнікі СК заўжды стаяць на варце правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Што тычыцца
Ляхавіцкага РАСК, то тут працуе невялікі, але зладжаны калектыў,
які належным чынам выконвае ўскладзеныя на яго абавязкі. Увогуле, Ляхавіччына – рэгіён спакойны ў плане злачыннасці, але тут, як і ўвогуле па краіне, павялічваецца колькасць кіберзлачынстваў і крадзяжоў, – сказаў Дзмітрый Канаплянік.
Паставіць заслону махлярам і наркотыкам
У гэты ж дзень Дзмітрый Канаплянік сустрэўся з калектывам Ляхавіцкага лясгаса.
Адна з узнятых тэм тычылася траўматызму на вытворчасці. Толькі сёлета на Брэстчыне ўзбуджана 20 крымінальных спраў па фактах парушэння правілаў тэхнікі бяспекі і аховы працы. Дзмітрый Канаплянік канстатаваў, што часцяком спрацоўвае так званы чалавечы фактар, калі няшчасны выпадак на вытворчасці адбываецца па віне пацярпелага. Такія здарэнні рэгістраваліся і ў Ляхавіцкім раёне.
Начальнік УСК па Брэсцкай вобласці спыніўся на злачынствах у сферы высокіх тэхналогій.
Таксама размова ішла і пра нарказлачынствы. Начальнік УСК падкрэсліў, што колькасць такіх злачынстваў павялічваецца, расце і іх раскрывальнасць. Наркатычны бізнес перастаў быць візуальным, ён амаль поўнасцю пераарыентаваўся на інтэрнэт-прастору. Сёлета за 11 месяцаў на тэрыторыі Брэсцкай вобласці ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў зарэгістравана 478 злачынстваў (за аналагічны перыяд мінулага года – 397), у Ляхавіцкім раёне – адно. Віртуальныя наркамагазіны прыцягваюць маладых людзей лёгкім
заробкам, які ў рэальнасці даволі часта прыводзіць да пазбаўлення волі на доўгія гады.
Яшчэ адна ўзнятая тэма – як стаць следчым. Дзмітрый Канаплянік
падрабязна расказаў, чым займаюцца супрацоўнікі Следчага камітэта, якія навучальныя ўстановы рыхтуюць прадстаўнікоў такой прафесіі, якія крытэрыі прад’яўляюцца да кандыдатаў у следчыя.
Былі агучаны і іншыя пытанні.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.