Губернатар запрасіў… на паланэз. Хто з ляхавіцкіх навучэнцаў пабываў на балі ў палацы Пуслоўскіх

23 снежня ў палацы Пуслоўскіх іграў духавы аркестр, кавалеры запрашалі дам на вальс. У танцы кружыліся больш за 50 таленавітых юнакоў і дзяўчат з Брэстчыны. Перамогі ў алімпіядах і конкурсах, спартыўных турнірах і праектах, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці сталі ўваходным білетам для лепшых навучэнцаў і студэнтаў на навагодні абласны баль, які ладзіўся ў толькі адкрытым пасля рэстаўрацыі Косаўскім палацава-паркавым комплексе.
Сярод тых, каму пашчасціла ўдзельнічаць у свяце, ляхавіцкія адзінаццацікласнікі Яўгеній Прыхач і Анастасія Яраш (гімназія), Арына Харке і Арцём Курловіч (СШ № 2).
Арцём КУРЛОВІЧ:
– Пабываць на абласным балі з удзелам старшыні аблвыканкама для мяне вялікі гонар. Губернатар Брэстчыны павіншаваў нас з надыходзячымі святамі, пажадаў творчых поспехаў і быць лепшымі – акадэмікамі, генераламі, чэмпіёнамі. Калі чуеш такія шчырыя словы, хочацца апраўдаць давер, узняцца на самую высокую прыступку п’едэстала… Такая нераўнадушная ўвага да нас, старшакласнікаў і студэнтаў, лічу, сведчыць, што мы патрэбны сваёй краіне і павінны садзейнічаць яе развіццю.
Атмасфера свята незабыўная! Было вельмі ўрачыста і цікава.
Займаюся гандболам, на спаборніцтвах абласнога ўзроўню заваёўваў другія і трэція месцы. Але перад балем хваляваўся, як першакласнік. Месяц хадзіў на заняткі ў Ляхавіцкую дзіцячую школу мастацтваў,
каб навучыцца танцаваць. Усё прайшло цудоўна!
Шчыра ўдзячны ўсім дарослым за феерверк навагодніх сюрпрызаў!
Анастасія ЯРАШ:
– Абласны баль напярэдадні Новага года – добры знак, што ўсе мары спраўдзяцца. Упэўнена, што ў кожнага выпускніка шмат спадзяванняў і надзей. Гэта мой першы баль. І вельмі шчаслівая, што стала яго ўдзельніцай.
Калі нас, навучэнцаў, віншаваў з навагоднімі святамі губернатар, падумалася: каб усё спраўдзілася. Хочацца паступіць у навучальную ўстанову сваёй мары, стаць запатрабаваным спецыялістам і прыносіць карысць людзям.
Перад балем, канешне, хвалявалася, рыхтавалася, хадзіла на заняткі па харэаграфіі. Мама пашыла мне прыгожы вячэрні ўбор. А перад балем нам, быццам мадэлям, зрабілі прычоскі і стыльны макіяж. Атмасфера была казачная і святочная, вельмі добразычлівая.
На памяць засталося столькі яркіх уражанняў! Нам падарылі падарункі, і яны цудоўныя! Сярод іх і навагоднія шары. Дома на ёлцы яны ўжо занялі цэнтральнае месца!

